Попыт перавышае прапанову

Попыт перавышае прапанову

Дары леса

Святлана ЖЫБУЛЬ, Фота Ганны АЎТУХОВАЙ
10.09.2020 Версия для печати

Беларусь мае вялікія прыродныя багацці і валодае значным экспартным патэнцыялам, адзначаюць перапрацоў­шчыкі лясной сыравіны. Практыка паказвае, што попыт на дзікарослыя ягады і грыбы стабільна высокі на знешнім рынку і прадаць іх за мяжу можна, выбраўшы выгадныя рынкі збыту.

Да твару ўсмешка аператару лініі Людміле Прыбыш. фота

Гэта пацвярджае дзейнасць Глускага райпо. Дванаццаць гадоў таму тут быў рэалізаваны буйны інвестыцыйны праект: стаў працаваць цэх шокавай замарозкі грыбоў і ягад. За гэты час сотні тысяч тон вітаміннай прадукцыі лесу прайшлі праз вытворчую лінію і ў прэзентабельным выглядзе леглі ў маразільныя камеры да іх запатрабавання.

Нарыхтоўчая кампанія адметная тым, што на працягу лета — восені ў свой час на перапрацоўку паступаюць розныя віды дзікаросаў. Ужо замарожаны лісічкі. Нарыхтоўшчыкі спадзяюцца, што могуць яшчэ паступіць вераснёўскія баравікі. На чарзе — нарыхтоўка брусніц і журавін, цяпер ідзе актыўны закуп іх у насельніцтва.

Высокатэхналагічнае італьянскае і шведскае абсталяванне, устаноўленае ў цэху глыбокай замарозкі, запатрабавана не толькі гаспадарамі. Паслугі па замарозцы грыбоў і ягад, захоўванні іх у халадзільных камерах да адпраўкі спажыўцам аказваюцца іншым райпо, а таксама прадпрыемствам рознай формы ўласнасці. Прыклад таму — і наш фотарэпартаж. У гэты дзень на лініі замарозкі былі шампіньёны, паслугі высокатэхналагічнага нарыхтоўчага цэха спажывецкай кааперацыі скарыстаў адзін з мясцовых бізнесменаў. Для Глускага райпо такая шырокая дзейнасць — дадатковая крыніца даходаў і магчымасць як мага больш поўна загрузіць вытворчую лінію, магутнасці якой дазваляюць перапрацоў­ваць у гадзіну 1,6 тоны прадукцыі.

— У цэху функцыянуюць пяць маразільных камер ёмістасцю 60 тон з тэмпературным рэжымам мінус 20—22 градусы, — расказвае начальнік вытворчага ўчастка Вольга Галінская. — Сезон у нас адкрываюць клубніцы і чарніцы. Мы нарыхтоўваем дзікарослыя ягады і паспяхова рэалізуем. У жніўні прадалі ў Прыбалтыку і Польшчу 100 тон чарніц і столькі ж у ліпені. Кожны год нарыхтоўваем для глыбокай замарозкі баравікі і лісічкі для рэалізацыі на ўнутраным рынку, як у гандлёвай сетцы, так і ў рэстаранах. У халадзільных камерах захоўваюцца клубніцы, вішня, парэчкі, дзікарослыя дурніцы (голубика). Мы яшчэ нарыхтуем рэмантантную восеньскую маліну, яе закупім у фермераў, з імі напрацавана партнёрскае супрацоўніцтва. Прымаем ад насельніцтва брус­ніцы, журавіны. Замарожаныя клубніцы, парэчкі, дурніцы, брусніцы, вішня, маліна будуць рэалізоўвацца зімою ў гандлёвых прадпрыемствах.

Усе работнікі высокатэхналагічнага нарыхтоўчага цэха — мясцовыя жыхары, яны паспяхова асвоілі электронную тэхніку. З дня заснавання вытворчасці сумленна нясуць сваю вахту старшы майстар Ірына Супрончык, слесар Віктар Каранькоў, на якога ўскладзены абавязкі сачыць за бездакорнай работай складанага дарагога абсталявання.

Экапрадукцыя райпо для спажыўцоў пазна­ваемая пад гандлёвай маркай «Глусское лукошко». І сапраўды, апетытныя, надзвычай прыгожыя розныя ягады са сваім непаўторным колерам, здаровенькія баравікі і сонечныя лісічкі — скарб вітамінаў і прыемнага настрою.
 

 

 

 

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: