Асноўныя кірункі работы лідскага лясгаса (працяг)

Асноўныя кірункі работы лідскага лясгаса (працяг)

Людзі і справы

Фота аўтара, Міхал ТАЛОЧКА
14.05.2015 Версия для печати

Са студэнцкай лаўкі — на пасаду ляснічага

Адміністрацыйны будынак Ваверскага лясніцтва. фота

Кажуць, лепшы сродак навучыць чалавека плаваць — кінуць яго ў раку ці возера. Крыху пабоўтаецца ды выплыве. Гэта выслоўе, мусіць, найлепей падыходзіць да маладых спецыялістаў любой галіны, лясной у тым ліку. Бо, вядома ж, з дапамогаю лекцый і семінараў добра плаваць не навучышся.

Валерый Семянчук стаў ляснічым адразу пасля сканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. 

— Пры размеркаванні я выбраў Лідскі лясгас менавіта таму, што тут была вакансія ляснічага, — кажа Валерый Мікалаевіч. — Ды і таварыш сюды збіраўся. Сам я з Узды і практыку пераддыпломную праходзіў там.

— Не баяліся адразу прызначаць на такую пасаду нядаўняга студэнта? — пытаюся ў намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Чэслава Боркі. 

— Не. Бачна было — спра­віцца. Хлопец ён цвёрды, працавіты — сёння адзін з лепшых ляснічых лясгаса. І ўвогуле я згодзен з нашым міністрам, які даў указанне выпускнікоў універсітэта не ставіць на пасады ніжэй памочніка ляснічага. Чалавек вучыўся пяць гадоў і мае права на адпаведныя адносіны. 

А «плаваць» маладому ляс­нічаму ўсё ж дапамаглі. Ён гэтага і не скрывае. 

Ляснічы Ваверскага лясніцтва Валерый СЕМЯНЧУК. фота

Калектыў быў новы. Хаця працаўнікі — не. Справа ў тым, што Ваверскае лясніцтва стварылі ў 2008 годзе шляхам злучэння некалькіх. Акрамя Ваверскага, утварыліся яшчэ два: Воранаўскае і Дакудаўскае. Усяго, заўважу, у склад лясгаса ўваходзіць 11 лясніцтваў.

— Людзі ў калектыве са­браліся дасведчаныя, — дзеліцца сваімі думкамі Валерый Мікалаевіч. — Але ў першую чаргу хачу добрым словам прыгадаць майстра лесу Лявона Іосіфавіча Ясюкайціса. Ён не толькі даваў прафесійныя парады, але й падказваў, як паводзіць сябе з людзьмі. Напрыклад, раіў блізка не збліжацца з падначаленымі, але й не аддаляцца, разумець іх клопаты. Каб бачылі і ў табе, начальніку, чалавека са сваім характарам і праблемамі. Лявон Іосіфавіч вучыў саджанцы садзіць бліжэй адзін да другога. Тады будзе добрая гушчыня, здаровы матэрыял. Пры доглядзе за лесам неабходна выкарыстоўваць выграбанне — я раней і не ведаў, што ёсць такі метад. Кожную вясну ён накіроўваў людзей, і яны выграбалі траву, якая пакрывала саджанцы. І галоўнае — ад Лявона Іосіфавіча сыходзіць жыццёвы аптымізм, ад яго зараджаешся энергіяй. 

Прозвішча Ясюкайціса я ўжо чуў. Па дарозе ў лясніцтва, а гэта прыкладна 20 кіламетраў, Чэслаў Борка распавядаў мне і пра маладых, і пра сталых працаўнікоў лясгаса. Казаў, што падчас святкавання 70­годдзя лясгаса знак «30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублiкi Беларусь» атрымалі Валерый Шлавянец, Аляксандр Макарэвіч, Сцяпан Падпалуха і ён — Лявон Ясюкайціс. 

Увогуле, працягваў намеснік дырэктара, у Лідскім лясгасе ветэранаў вытворчасці не забываюць. Вось і летась, акрамя грашовых выплат да свята, падарылі адмысловыя майкі з лагатыпам, па вядзёрку мёду. Мясцовыя райвыканкамы (лясгас месціцца на тэрыторыі трох раёнаў Гродзенскай вобласці) адзначылі іх працу ганаровымі граматамі. Чэслаў Борка, які і сам працуе ў Лідскім лясгасе 29 гадоў, назваў некалькі прозвішчаў ветэранаў: Іван Валяр’янавіч Жук, былы ляснічы Радунскага лясніцтва, заслужаны лесавод Рэспублікі Беларусь; 44 гады прарабіў тут былы ляснічы Бердаўскага лясніцтва Мікалай Мiкалаевiч Скарабагаты. На тэрыторыі таго ж лясніцтва жыве былы бухгалтар Алена Георгіеўна Воўчак. Прыйшла сюды ў 17 гадоў, зволілася ў 72. 

Існуюць і свае дынастыі. У ляснічага ­Беняконьскага ляс­ніцтва Іосіфа Сямёнавіча Гарбара, які таксама мае знак «30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублiкi Беларусь», сын Юрый параўнальна нядаўна скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Працуе ў бацькі памочнікам. 
Ветэранам прадпрыемства ла­дзяць адмысловыя экскурсіі па лясніцтвах. А паглядзець ёсць што.

Вось і той жа адміністрацыйны будынак ­Ваверскага ляс­ніцтва. У яго будаўніцтва ўклалі 2,8 млрд рублёў. Уражвае і планіроўка, і аздабленне. Ды першае, на што я звярнуў увагу: чысціня, парадак, дагледжанасць самой тэрыторыі. Непадалёку міні­дэндрапарк. Тут расце 17 відаў дрэў. Шмат экзатычных накшталт івы матсудана ці ядлоўца казачага. Прыгажосць прыгажосцю, але ў перспектыве Валерый Семянчук плануе і рэа­лізоўваць саджанцы. 

Тое, што ляснiчы Ваверскага лясніцтва Валерый Семянчук не толькі здзяйсняе падрыхтоўку саджанцаў і сеянцаў, вызначае месца і час пасадкі новага лесу, але й займаецца ландшафтным дызайнам, толькі радуе. Каля адміністрацыйнага будынка пасаджаны таксама і сад. Сапраўдны ляснічы павінен выконваць не толькі кіруючыя функцыі — Валерый Мікалаевіч сам аб’язджае, абыходзіць лясныя прыдобы, удзельнічае ў пасадцы дрэў.

— У працэсе лесапасадкі значную дапамогу нам аказваюць школьнікі. Ёсць і школьнае лясніцтва, дзе ўсё наладжана, як на сапраўдным прадпрыемстве: ляснічы, яго памочнік, леснікі. Яны пастаянна выступаюць на абласных злётах, займаюць прызавыя месцы. Некалькі навучэнцаў школьнага лясніцтва паспяхова абаранілі дыпломныя работы ў Рэспубліканскім эколага­біялагічным цэнтры.

Да гэтай інфармацыі ляснічага намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Чэслаў Борка дадаў: 

— Увогуле ў нас паспяхова працуюць сем школьных лясніцтваў, якія цесна супрацоўнічаюць з лясгасам і Лідскім экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі. 
Адным словам, расце змена. 

Племя маладое, працавітае…

Адбылася ў мяне ў Ваверскім лясніцтве яшчэ адна цікавая сустрэча. Георгій Кузакоў скончыў Бурацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Матуля ягоная паходзіць з Лідчыны, таму і наведваўся юнак на гістарычную радзіму ў госці. Спадабалася тут. Перабраўся ў Беларусь. Атрымаў від на жыхарства. Вучыўся хлопец на хімічным факультэце па спецыяльнасці «экалогія і прыродакарыстанне». Таму вельмі парадаваўся магчымасці ўладкавацца ў Ваверскае лясніцтва. І вось ужо некалькі месяцаў працуе памочнікам ляснічага. Водгукі пра яго добрыя. Між іншым, не так даўно пераехалі на Лідчыну і бацькі. 

Падчас маёй камандзіроўкі якраз у Забайкальскім краі прайшлі моцныя пажары. 

— Гэта адбылося з­за нядбайнасці, безгаспадарлівасці, з­за несанкцыянаваных вырубак, — з сумам сказаў Георгій Сакратавіч. — Стан лясоў, вядзенне лесагаспадарчай дзейнасці там і ў Беларусі немагчыма параўнаць. 

 Інжынер па лесаўзнаўленні і мелiярацыi Лідскага лясгаса Алена КАРПОВІЧ. фота

Пазнаёміўся я і з двумя выпускніцамі БДТУ, лідчанкамі. 

Алена Карповіч другі месяц працуе на пасадзе інжынера па лесаўзнаўленні і мелiярацыi. Раней была памочнікам ляснічага.

Дзяўчына расказала, што не толькі правярае дакументацыю, збірае даныя па колькасці пасаджаных лясных культур, але ўжо ўдзельнічала ў забеспячэнні лясгаса патрэбнай колькасцю чорнай вольхі для пасадкі на адпрацаваных тарфяніках.

Анастасія Чэшэйка пасля першага курса ўніверсітэта перайшла на завочную форму навучання, выйшла замуж, нарадзіла дачку. 

Памочнік ляснічага Лідскага лясніцтва Анастасія ЧЭШЭЙКА. фота

Працавала майстрам лесу Лідскага лясніцтва, а ўжо два гады — памочнік ляснічага.

А вось інжынер-­лесапатолаг Кацярына Жорава хоць сама і з Верхнядзвінска Віцебскай вобласці, прыехала ў Лідскі лясгас пасля вучобы ў Полацкім лясным каледжы. Тут выйшла замуж, таксама нарадзіла дачку. Болей таго — «перацягнула» сюды брата, працуе той на харвестары. 

— Сёлета да нас размеркаваліся яшчэ тры выпускнікі Полацкага ляснога каледжа, — дадае Чэслаў Борка. — Адзін з іх быў тут на практыцы. Спадабалася, вось і сагітаваў аднакурснікаў. 

Ляснік Генадзь ГРАБІС: «Лес, які я некалі садзіў, ужо прачышчаю»

Ва ўсе часы ніхто не быў у такіх блізкіх адносінах з лесам, як ляснік. Нездарма ж кажуць: ляснік — гэта абаронца лесу. Генадзю Грабісу, лесніку Жырмунскага лясніцтва, 61 год. 39 з іх ён — ляснік. І хоць ужо сілы не тыя, прызнаецца Генадзь Адамавіч, свой участак — 700 га — ён абыходзіць пастаянна. 

— Напэўна, найбольш клопату з-­за ўзгаранняў?

— Вядома, пажар самая вялікая небяспека для лесу. Таму й трэба лесніку больш часу праводзіць у абходзе. Значных узгаранняў у нас не было. А дробныя ачагі адразу ж спынялі. Тое ж тычыцца і сухастою — высякаецца і вывозіцца своечасова.

Ляснік Жырмунскага лясніцтва Генадзь ГРАБІС. фота

Мы размаўлялі пра санітарныя рубкі лесу, пра паляванне і браканьераў (сам Генадзь Грабіс апошнім часам ужо не палюе) і, зразумела, пра пасадку лесу:

— Гады ідуць… Лес, які я некалі садзіў, ужо прачышчаю. 

Леснікі — людзі нешмат­слоўныя, асабліва ў дачыненні да сябе. Кіруюцца прынцыпам: хай нехта іншы пахваліць. Так адбылося і ў нашым выпадку. Ляснічы Жырмунскага лясніцтва Дзмітрый Прудзілка (таксама малады кіраўнік, працуе шэсць гадоў) сказаў:

— Не было выпадку, каб Генадзь Адамавіч не выканаў нейкага задання. Мне можна нават не ехаць у яго абход — ведаю, што там парадак. 

Па практыцы вядома — лепшы ляснік найчасцей з тутэйшых. Але вёска абязлюдзела. Складана сёння знайсці сапраўднага заступніка лесу. Што будзе далей? Генадзь Адамавіч кажа:

— Цяпер шмат тэхнікі. Абавязкі лесніка абмежавалі. Магчыма, у будучым адзін чалавек будзе на двух абходах…

Можа быць… Развіццё цывілізацыі не спыніць. Але і чалавечую працу ва ўсіх сферах не заменіш. Ці сякеру з пілою. Той жа меч Колесава як быў больш ста гадоў таму, так і застаўся.

Пакідаючы Жырмунскае ляс­ніцтва, я яшчэ раз па­добраму глянуў на адміністрацыйны будынак, на дагледжаную тэрыторыю. Пацвярджаю: укладзеныя сродкі сябе апраўдваюць.

А без укладання фінансаў немагчымы эканамічны рух.

У гэтым я меў магчымасць упэўніцца і на другіх аб’ектах.

(Працяг будзе)
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: