Ва Украіне ўзаконілі інвентарызацыю лясоў

Ва Украіне ўзаконілі інвентарызацыю лясоў

А як у iх?

Віктар ГАЎРЫШ
25.06.2020 Версия для печати

23 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў Закон «Аб унясенні змяненняў у Лясны кодэкс Украіны ў дачыненні да нацыянальнай інвентарызацыі лясоў». Пра гэта паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта. 

Там адзначаюць, што закон прадугледжвае стварэнне новай сістэмы збору абгрунтаваных звес так аб лясным фондзе з мэтай далейшага планавання вядзення лясной гаспадаркі, Дзяржаўнага кадастру лясоў і маніторынгу лесу. Дакумент уводзіць паняцце «нацыянальная інвентарызацыя лясоў», вызначае мэты яе правядзення і крыніцы фінансавання. 

Паводле закона, парадак правядзення нацыянальнай інвентарызацыі лясоў зацвярджаецца пастановай Кабінета міністраў Украіны і ажыццяўляецца за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту альбо за кошт іншых крыніц, не забароненых законам. Асобы, якія ўпаўнаважаны весці нацыянальную лясную інвентарызацыю падчас правядзення абследаванняў, маюць права знаходзіцца на зямельных участках ляснога фонду Украіны, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам. Інфармацыя, атрыманая ў выніку інвентарызацыі лясоў, уносіцца ў Дзяржаўны зямельны кадастр. Змяненні ў Лясны кодэкс Украіны ўступілі ў дзеянне на наступны дзень пасля публікацыі. 

Раней, 2 чэрвеня, адпаведны законапраект № 643-IX у другім чытанні ўхваліла Вярхоўная рада — парламент Украіны. «Ва Украіне дзяржаўная інвентарызацыя лясоў праводзілася ў 1996-м і 2011 гадах. У цяперашні час адсутнічае адпаведная інфармацыя аб лясах Украіны», — інфармавала дэпутатаў тлумачальная запіска да дакумента. 

У ёй падкрэслівалася, што нацыянальная інвентарызацыя лясоў ва Украіне забяспечыць дзяржаўныя органы і грамадства статыстычна абгрунтаванай інфармацыяй аб колькасных і якасных паказчыках стану і дынамікі лясоў, іх рэсурснага патэнцыялу. Гэта неабходна для дзяржаўнага кіравання, стратэгічнага планавання лесакарыстання, вядзення Дзяржаўнага кадастру лясоў, маніторынгу навакольнага асяроддзя і міжнародных справаздач аб лясах. 

— Менавіта дзякуючы нацыянальнай інвентарызацыі лясоў мы атрымаем поўную і абноўленую інфармацыю аб фактычным лясным покрыве дзяржавы, запасах драўніны ў лясах і іх тэхнічнай прыдатнасці, — заявіў Андрэй Заблоцкі, кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва ляс ных рэсурсаў Украіны, каментуючы заканчэнне працэдуры заканадаўчага афармлення новай сістэмы ўліку лясоў. — Таксама можна будзе наведаць вэб-сайт нацыянальнай інвентарызацыі лясоў і прасачыць змены росту дрэў на пэўнай інвентарнай тэрыторыі, ацаніць стан лесу ў цэлым ва Украіне. 

Ён адзначыў, што дзяржагенцтва мае інфармацыю толькі пра 73 % лясоў Украіны. Астатнія 27 % падпарадкаваны розным органам улады камунальнай уласнасці. Апошняе поўнае абследаванне лесу было праведзена ў 1996 годзе, і паняцце «нацыянальная інвентарызацыя лясоў (НІЛ)» прынцыпова новае для Украіны. Таму ў цяперашні час у дзяржаве адсутнічае адпаведная інфармацыя пра лясы. Пры гэтым працэдура вядзення Дзяржаўнага ляснога кадастру і ўліку лесу на аснове абагульнення даных лесакарыстання не дазваляе атрымаць статыстычна надзейныя ацэнкі паказчыкаў. 

— Гэты працэс ужо даўно наладжаны ў еўрапейскіх краінах, — сказаў кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва лясных рэсурсаў. — Дзякуючы прэзідэнту, ураду і парламенту мы перанеслі гэта пытанне з тупіка ва Украіне. Цяпер мы маем унікальны шанец стаць на ўзроўні еўрапейскіх краін і запусціць нацыянальную інвентарызацыю лясоў. Гэта цыклічны працэс. На першым этапе НІЛ прадоўжыцца два гады. І потым гэта будзе паўтарацца, каб можна было прасачыць змены ў росце дрэў. 

Пасля ўступлення закона ў сілу плануецца прыняць дакументы, якія вызначаць парадак арганізацыі і правядзення нацыянальнай інвентарызацыі лясоў Украіны. У прыватнасці, гаворка ідзе аб інструкцыі па яе вядзенні. 

Чакаецца, што нацыянальная інвентарызацыя лясоў забяспечыць надзейную ацэнку агульнай колькасці лясных запасаў. Іншыя патэнцыйна важныя вынікі ўключаюць у сябе вызначэнне плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў, якія займаюцца лясамі, удакладненне справаздачнасці з Рамачнай канвенцыяй ААН аб змяненні клімату і Кіёцкім пратаколам аб гадавым узроўні выкідаў парніковых газаў у лясах Украіны і гэтак далей. 

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: