Выйшаў на ганак — і ў лесе

Выйшаў на ганак — і ў лесе

Асоба ў жыцці раёна

Ларыса ЗАЙЦАВА
28.11.2019 Версия для печати

Гарадскога чалавека лес заўсёды заварожвае цішынёй. І толькі ўважлівы пачуе тут тысячы гукаў — трэба толькі прыгледзецца і прыслухацца, лічыць заслужаны лесавод БССР Уладзімір Мікалаевіч Курганаў. Вось шапацяць бярозкі сваімі галінкамі, рыпае пад ветрам хвоя, якую ледзь абхопіш рукамі, шуміць ад парыву ветраў папараць, а ў кожнай з птушак — свая непаўторная песня. У ляснога царства сваё жыццё.

І яго чатыры дзясяткі гадоў раздзяляў з лесам Уладзімір Курганаў. З лесам ён неразлучны і сёння: жыве ў Мікалаеве наводшыбе, у былым будынку мясцовага лясніцтва. Выйшаў на ганак — і ў лесе.
Уладзімір Мікалаевіч з задавальненнем расказаў пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы Залессе Лаўжанскага сельсавета, пра вучобу ў Полацкім лясным тэхнікуме, пра першыя працоўныя крокі, калі маладога спецыяліста ў 1961 годзе накіравалі працаваць у Мішкавіцкае лясніцтва. Маладому майстру дапамагалі старэйшыя калегі, ды і сам хлопец стараўся як мага хутчэй асвоіць леснікову навуку. Ну, а каб быць дасведчаным спецыялістам, вырашыў павысіць свой прафесійны ўзровень і паступіў у Мінскі тэхналагічны інстытут. У лясгасах не хапала спецыялістаў, і Уладзіміру Курганаву прапанавалі перавесціся на завочнае аддзяленне — працаваць і вучыцца адначасова. Так у Мішкавіцкім лясніцтве з’явіўся новы ляснічы — актыўны, ініцыятыўны, у якога было шмат задумак.

У 1963 годзе Уладзіміра Мікалаевіча перавялі ляснічым у Мікалаеўскае лясніцтва, дзе ён працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак. Уладзімір Курганаў жыў клопатамі мікалаеўскіх лясоў: пасадках дрэў і доглядам за імі, нарыхтоўкай драўніны, аховай лесу. У падначаленні ляснічага былі тры майстры, 12 леснікоў, 5 рабочых.

Па выніках работы лясніцтва з года ў год было ў лідарах. «Ведаеце, якія людзі са мной працавалі? Залатыя, адданыя сваёй справе, — кажа Уладзімір Мікалаевіч. — У сваёй большасці калектыў быў надзейны і згуртаваны. З цеплынёй згадваю майстра Уладзіміра Паўлавіча Шэдзько, лесніка Станіслава Пятровіча Ушала і яго брата-бухгалтара Івана Пятровіча. Добрыя людзі былі. А галоўнае — кожны разумеў, што ад яго стараннасці залежыць поспех калектыву ў цэлым. А каманда ў любой справе — гэта асноўнае. Ёсць каманда — спорыцца работа, значыць, будзе поспех».

Бывала, калектыў лясніцтва паспяваў за восень пасадзіць да 20 гектараў маладняку. Разам з майстрамі і леснікамі закасваў рукавы і сам ляснічы.

У 1987 годзе указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Уладзіміру Курганаву за шматгадовую добрасумленную работу было прысвоена званне «Заслужаны лесавод БССР».

— А хто яшчэ з вашых былых калег мае такое званне? — пытаюся ва Уладзіміра Мікалаевіча.

— У Шумілінскім раёне — ніхто. Разам са мной гэта званне прысвоілі дырэктару Бешанковіцкага лясгаса Мікалаю Лабкову.

— Ведаем, што за час работы ў лясніцтве мелі вы яшчэ адзін важкі падарунак — ад міністра лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

— Што праўда, то праўда. У 2010 годзе міністрам лясной гаспадаркі быў прызначаны Міхаіл Міхайлавіч Амельяновіч, які калісьці ўзначальваў Бешанковіцкі лясгас. Ён добра ведаў мяне. Міхаіл Міхайлавіч у 2012 годзе прыязджаў у наш раён. Ведаў, што ў мяне нядаўна быў дзень нараджэння, вось і прывёз для мяне матацыкл. Сказаў, што на ім будзе зручна ездзіць па лясных дарогах. Той падарунак вельмі дапамог мне ў рабоце.

Уладзімір Мікалаевіч ганарыцца сваёй прафесіяй. І, нягледзячы на тое, што ўжо не адзін год знаходзіцца на заслужаным адпачынку, можа гадзінамі расказваць пра лес і пра работу ў ім. Уладзімір Мікалаевіч часта выходзіць прайсціся па лесе. Проста так. Паслухаць, пра што шумяць дрэвы і як спяваюць птушкі. Паглядзець, як выраслі елкі, якія ён пасадзіў некалькі гадоў таму. Ну а потым вяртаецца да сваёй «гаспадаркі» — пладовага саду і невялікай пасекі. Духмяным мёдам, смачнымі яблыкамі частуе самых дарагіх людзей: дачку з зяцем і дваіх унукаў, якія наведваюцца з далёкай Масквы да бацькі і дзядулі.   
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: