Ксёндз Часлаў КУРЭЧКА: «Я шчаслівы чалавек»

Ксёндз Часлаў КУРЭЧКА: «Я шчаслівы чалавек»

Асобы

Міхась ДУБРОВІЦА, Фото БЕЛТА
28.01.2016 Версия для печати

«Ніколі не думаў, што мая сціплая праца бу­дзе адзначана на такім высокім узроўні», — сказаў карэспандэнту «БЛГ» настаяцель парафіі Святой Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна Часлаў Курэчка на другі дзень пасля атрымання з рук кіраўніка дзяржавы прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне». Яе лаўрэатам ён стаў па выніках 2015 года за важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, актыўны ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Ксёндз Часлаў КУРЭЧКА. фота

Мне і раней даводзілася чуць і чытаць пра айца-марыяніна Часлава Курэчку, намаганнямі якога вакол касцёла ў Росіцы з’явіліся цэлыя плантацыі кветак. Квітнеючых раслін і кустоў налічваецца тут звыш 300 відаў, у тым ліку і экзатычных, напрыклад магнолій і німфей. Ёсць дубовая і ліпавая алеі. На маё пытанне пра захапленне расліннасцю, айцец Часлаў адказаў, што кветкі і дрэвы прываблівалі яго з дзяцінства. І пасля, стаўшы ксяндзом, у розных парафіях стараўся добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол храмаў. «Росіца ўжо вяршыня гэтай справы», — сказаў святар.

Дарэчы, ён сябраваў з ксяндзом Ёзасам Булькам, дзякуючы высілкам якога пра прыгажосць наваколляў касцёла ў Мосары Глыбоцкага раёна добра ведаюць не толькі ў Беларусі. Цяпер і ў Росіцу наведваюцца сотні пілігрымаў. Хаця звязана гэта не толькі з райскім кутком каля касцёла, але і з жудаснай трагедыяй часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Аб існаванні касцёла на росіцкай зямлі прыгадваецца яшчэ ў 1778 годзе, калі тут быў пабудаваны невялікі драўляны храм. У 1911-м пачалося ўзвядзенне новага будынка з чырвонай цэглы, які атрымаўся вельмі прыгожым. У 1917 годзе касцёл быў зачынены, а ў 1933-м — знявечаны. Высокія вежы разбурылі, пазней спрабавалі зрабіць тут клуб, потым склад, канюшню… У жніўні 1941 года служба ў касцёле аднавілася, а ўвосень з Друі прыйшлі місіянеры. Кіраўніком місіі стаў ксёндз-марыянін Антоній Ляшчэвіч. У снежні да яго далучыліся яшчэ два ксяндзы і манахіні-эўхарысткі. Летам 1942 года місіянерскую працу ў Росіцы пачаў ксёндз Юрый Кашыра. У час жудаснай карніцкай экспедыцыі 16 лютага 1943 года фашысты сагналі ў касцёл жыхароў Росіцы і навакольных вёсак.

Некалькі невыносных сутак людзі чакалі тут свайго смяротнага часу, не маючы ўжо спадзявання на зямное жыццё. Увесь гэты час з імі былі айцы Антоній і Юрый, якія суцяшалі, маліліся, аблягчалі пакуты сілай духа. Карнікі дазволілі святарам і сёстрам-эўхарысткам вольны рух, і яны прыносілі вязням ежу і ваду.

Калі наблізіўся час расправы над нявіннымі людзьмі, немцы прапанавалі святарам і манахіням пакінуць Росіцу. Ксяндзы загадалі сёстрам-эўхарысткам ратавацца, а самі засталіся з ­паствай. Першым разам са сваімі парафіянамі ў агонь пайшоў Антоній Ляшчэвіч. Праз дзень суполку людзей з крыжам, якую карнікі гналі на спаленне, узначаліў ксёндз Юрый Кашыра. У тыя лютаўскія дні ахвярамі фашыстаў стала больш за паўтары тысячы жыхароў Росіцы і навакольных вёсак.

У 1999 годзе Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч былі кананізаваны Папам Янам Паўлам ІІ як святыя пакутнікі.

 …Неўзабаве пасля свайго прыезду ў Росіцу айцец Часлаў Курэчка высадзіў 1528 цюльпанаў — па колькасці ахвяр росіцкай трагедыі. Цяпер яны квітнеюць тут кожную вясну… А ў памяць аб гэтых падзеях у тутэйшым касцёле два разы на год адбываюцца ўрачыстасці: у сярэдзіне лютага і ў пачатку жніўня.

х х х

«Я нарадзіўся і вырас у вёсцы Загоршчына Браслаўскага раёна ў сям’і веруючых. Там надзвычай прыгожыя мясціны: высокія пагоркі, бярозавы гай, бацькоўскі сад, клякочуць буслы, ­цячэ ручай. Думкамі я ўвесь час вяртаюся туды, — кажа ксёндз Курэчка. — Бацька сябраваў з пробашчам у Браслаўскім касцёле, куды мы ездзілі на імшу, але я не думаў, што стану святаром».

Айцец Часлаў прыгадаў, як пасля школы паступіў вучыцца ў кулінарны тэхнікум, пра службу ў Ваенна-марскім флоце, аб працы кухарам. Тым не менш малады чалавек адказаў на заклік Бога і паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю.
— І ніколі пра гэта не пашкадаваў, — прызнаўся святар. — Я шчаслівы чалавек.

Айцец Часлаў працаваў у Польшчы, у розных парафіях Віцебшчыны. Уступіў у Кангрэгацыю айцоў-марыянаў. З 2007 года — у Росіцы.

Заўважу: не-не ды ў час нашай гутаркі святар зноў вяртаўся да дзяцінства:

— З замілаваннем прыгадваю куццю, сена пад абрусам, як дзяліліся аплаткай…

Цяпер у роднай вёсцы жыве брат Станіслаў, які мае дарослых дзяцей.

Дарэчы, заслугі айца Часлава ва ўмацаванні духоўнасці ­адзначаліся і раней — у 2013 годзе ксёндз стаў лаўрэатам звання «Чалавек года Віцебшчыны».

Ксёндз Курэчка шчыра дзякаваў за дапамогу раённай ула­дзе на чале з Ігарам Марковічам («Мудры чалавек», — сказаў ён.), мясцовым прадпрыемствам і сельскаму Савету, добраахвотным памочнікам і валанцёрам з іншых мясцін. У раёне добрыя межканфесійныя стасункі. У квітнеючым маі ў Росіцы адбываюцца духоўныя сустрэчы для мужчын і жанчын, праводзіцца свята вяргіняў «І кветкі хваляць Пана».

— Якія планы? — перыпытаў мяне айцец Часлаў. — Шмат іх. Вось задумаў ачысціць балота, добраўпарадкаваць тэрыторыю былой піларамы, закласці парк. 30 красавіка планую арганіза­ваць свята «Сустрэча буслоў», я і сам бусліка гадаваў.
А яшчэ ксёндз Часлаў Курэчка прызнаўся, што хоча паса­дзіць маленькі лясок.

— Вельмі люблю сасну. Думаю, мясцовыя ўлады мяне падтрымаюць. Да таго ж там мяркуецца ўстанавіць валун ці крыж у памяць пакутнікаў нашай зямлі.

Спадзяёмся, што так і будзе. Як кажуць, лесу расці, а людскім марам здзяйсняцца!


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: