Партызанскія сосны

Партызанскія сосны

Да 75-годдзя Вялікай Перамогі

Святлана ЖЫБУЛЬ, Фота Васiля ЗЯНЬКО
02.04.2020 Версия для печати

Адразу ў нас быў намер прысвяціць Вячаславу Шэйну газетныя радкі як вадзіцелю, які мае без году паўвекавы стаж работы за рулём. Ён працуе ў Стаўбцоўскім лясгасе. За безаварыйную работу, вадзіцельскую дысцыплінавасць неаднаразава быў адзначаны кіраўніцтвам арганізацыі.

Аднак, як аказалася ў ходзе творчай камандзіроўкі, Вячаслаў Нікадзімавіч яшчэ і выдатны экскурсавод. Дзякуючы яму мы акунуліся ў гады ваеннага ліхалецця, якое моцна закранула жыхароў Налібацкай пушчы.

Нарадзіўся ён у вёсцы Несцеравічы, якая акружана лесам, усё яго дзяцінства прайшло ў гэтых мясцінах. Ён і цяпер тут часта бывае, паколькі ёсць сыноўскі клопат пра матулю, якая жыве ў Несцеравічах і мае шаноўны ўзрост.

Ён зжыўся з гэтым лесам з маленства. Да таго ж ведае гісторыі ваеннага часу, захаваныя і перададзеныя старэйшым пакаленнем.

У гады вайны лес быў недасяжны ворагу з-за балот, якія потым асушылі, і непраходных дарог: ваеннай тэхніцы ходу сюды не было. У мясцовым лясным масіве дыслацыраваліся пяць партызанскіх атрадаў. У складзе іх былі і мясцовыя людзі.

Мы стаім на месцы былой партызанскай зямлянкі, ад якой засталося толькі шырокае паглыбленне ў зямлі. Гэта на беразе рэчкі Блюшкі. Яна ўліваецца ў возера Кромань, якое за нейкі кіламетр адсюль, а сама ўтвараецца з дзвюх крыніц, што збягаюцца, беручы пачатак: адна — на мясцовым хутары Максімаўка ва ўрочышчы Рудзьма, другая — ад Брынічава. Помнікам прыроды можна назваць тры вялізныя сасны, у абхопе ствала кожная з іх не менш за тры метры. Век іх большы за 200 гадоў. Такія ж дзве магутныя разгалістыя сасны раслі на возеры Кромань, іх называлі варотамі пушчы, аднак гэтыя старадаўнія дрэвы не захаваліся.

Вайну перажылі не толькі сосны. Лес як быццам таксама змагаўся з ворагам. Вячаслаў Нікадзімавіч расказвае нам нямала гісторый. Ён патрыёт сваёй малой радзімы. Нераўнадушна, вобразна, душэўна аб усім апавядае, відаць, што цікавіцца і зберагае гісторыю свайго краю. Вочы загараюцца, калі праходзіць сцяжынкамі свайго дзяцінства. Тут збіралі журавіны, брусніцы, чарніцы. Рабілі вуды вось з гэтага арэшніку (паказвае), начэплівалі чарвякоў і лавілі ў Блюшцы нямала акунёў. Рэчка з крынічнай вадою і партызанам давала ўсё, каб арганізаваць жыццё ў канспірацыі воддаль ад населеных пунктаў. Яе вельмі нечакана ўбачыць у лесе і ў цяперашнія дні. Сапраўдны цуд прыроды і неацэннае багацце.

А вось месца пахавання, якое ў мясцовых людзей мае назву Баба-бежанка. У вайну тут хадзіла жанчына без прытулку, бежанка з Расіі. Яна памерла пад гэтымі ляснымі ліпамі, дзе і пахавана. Людзі шануюць памяць аб гэтай гаротніцы. Нельга не заўважыць ля праезджай дарогі памятны крыж, які таксама мае адгалосак вайны: яго ўзвялі ў нашы дні палякі ў памяць аб загінулых суайчынніках з войска Арміі Краёвай. Хутар Стокі наводшыбе ляснога масіву захаваў памяць пра дзвюх сясцёр — Марысю і Алену, мясцовых доўгажыхарак.

Увесь лес зрыты партызанскімі зямлянкамі, тут яшчэ захаваліся і акопы Першай сусветнай вайны. Жывая гісторыя, зберажоная прыродай, свайго роду музей пад адкрытым небам.
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: