Абдымкі вераснёўскай пары

Абдымкі вераснёўскай пары

Фотапогляд

Фота аўтара, Васіль ЗЯНЬКО
15.09.2022 Версия для печати

На цёплых хвалях мінулых гадоў мы неяк прызвычаіліся лічыць верасень амаль чацвёртым месяцам лета, які нярэдка шчодра песціў нас цяплом. А тут… Як бачна, прыродзе раз на раз не прыходзіцца, і прадбачыць, які тэмпературны выкрутас можа у будучым, няпроста. Безумоўна, нейкае спадзяванне ёсць, што рана ці позна любімае бабіна лета нас яшчэ палашчыць, абагрэе. Тым больш што яго пачатак здаўна прыходзіўся на 14 верасня, у Сямёнаў дзень, які абвяшчаў сустрэчу восені. 

А чаму называлася лета бабіным? Таму, што пасля гарачай, руплівай жніўнай пары жанчыны бралі нейкі час для адпачынку перад чарговым восеньскім земляробскім клопатам. Пачыналіся пасядзелкі, гутаркі… 

Але ж чаго цешыць сябе нейкімі мроямі, чакаючы цяпла? Трэба без нудоты спыніць свой позірк на наваколлі, угледзецца ў восеньскую красу. 

Вунь як па-мастацку фарбуе восень лясныя засені сасняку, засцілаючы дол пачырванеўшым чарнічнікам, што перамяжоўваецца з блакітна-дымчатымі абрусамі духмяных верасоў, над якімі ціха ляцяць срэбраныя павуцінкі. Не-не ды і падкрадваюцца раніцай першыя сціплыя марозікі, абсыпаючы халодным налётам, нібы мукой, рэшткі квецені, пунцовыя ягады шыпшыны. 

Злавіць цёплыя прамяні ўзбегла на прагрэты пянёк рухавая яшчарка. Тым часам рудая вавёрка спрытна сілкуецца, лушчыць насенне яловых шышак, што падсохлі, паспелі на сонцы. Што не ўхапіў звярок, падхоплівае, нясе восеньскі лясны сейбіт-вецер. 

Подых прахалоды паддаў руху-клопату вясковым гаспадарам у нарыхтоўцы паліва. То тут, то там у дварах сядзіб ужо складзены дровы. 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: