Подых верасня

Подых верасня

Фотапогляд

Фота аўтара, Васіль ЗЯНЬКО
05.09.2019 Версия для печати

Вось і выбегла лета на фінішную прамую, прыспешна адорваючы прыволлі сонечным цяплом, каб застаўся аб гэтай лагоднай пары года добры ўспамін.

Наступіў верасень. Яго нездарма так называюць у Беларусі. На замілаванне вачэй лясныя долы зараз усланы квяцістымі абрусамі водарных верасоў — заманлівых меданосаў.

Ночы і раніцы ўжо астуджаныя густымі туманамі, якія ў прыцемках і барвовымі ранкамі хаваюцца ў лясных засенях ды прыбярэжных лугавінах.

29 жніўня праваслаўныя вернікі адзначылі трэці, ці Арэхавы, Спас. Калісьці лясныя арэхі, расцёртыя ў ступках і дабаўленыя да простых вясковых страў дапамагалі аздобіць посную ежу ў час Успенскага посту.

Яшчэ яго называлі Хлебным. Да гэтай пары хлебаробы рупліва завяршалі ўборку і абмалот збажыны. Ды і цяпер аб прайшоўшай жнівеньскай касавіцы хлябоў напамінаюць толькі рулоны ды сцірты саломы.

Прырода паступова сустракае восеньскую пару. Птушкі раз-пораз стаямі шугаюць над прасторамі, мацуючы крыллі, ці, абляпіўшы правады электраліній, гаманлівым шчабятаннем перагаворваюцца. Мабыць, абмяркоўваюць будучыя пералёты ў няблізкія паўднёвыя краі.

Але ж будзем спадзявацца, што цяпло не хутка збяжыць за прыродны далягляд і нас яшчэ пацешыць лагодным надвор’ем, як цяпер, вераснёўскае бабіна лета.
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: