Вераснёўскі водар

Вераснёўскі водар

Фотапогляд

Фота аўтара, Васіль ЗЯНЬКО
10.09.2020 Версия для печати

Вераснёўскія дні ўраз астудзілі разагрэтае жнівеньскай парой паветра. Лясныя засені напоўніліся вільгаццю хоць і кароткіх, але частых дажджоў — першай адметнасцю восеньскай пары. Кожны такі дожджык — хоць нейкая надзея знайсці ў лесе такі-сякі грыб. Час з’явіцца і летнім апенькам. Гэта надзея і паклікала на вандроўку ў лясную нізіну, якая штогод адорвае грыбным ураджаем.

Прадзіраючыся праз сцяну малінніка, шчыльна пераплеценую серабрыстым павуціннем, цешыў погляд на­дзеяй заўважыць на доле ці дзесьці на ствале дрэва грыбную сямейку. У гэтай спешнай спадзёве ледзь не наступіў гумовікамі на лясную вераценніцу — меднаколерную, бліскучую міногу, якая імкнулася паспешліва ўпаўзці, збочыць ад чалавека. Ледзь паспеў шчоўкнуць фотаапаратам.

Нярэдка нявопытныя лясныя вандроўнікі ад раптоўнай ­сустрэчы пад націскам страху хапаюцца за кій, каб знішчыць змяюку. Маўляў, ім калісьці хтосьці казаў, што гэта мядзянка са смяротным укусам. Ім часам няўцям, што перад імі ўсяго толькі бяззубая ды ў дадатак яшчэ і бязногая яшчарка. Дарэчы, такая ж бясшкодная, без яду, і чырванакніжная мядзянка, якую можна сустрэць дзе-небудзь на палескай балаціне.

А жменьку апенек са шляпкамі не больш за гарошынку я ўсё ж заўважыў на адной са старых бяроз — пацешыўся праз акуляр камеры.

Не, не апусцеў лес. Пачастункаў хапае, толькі не лянуйся працягнуць руку да налітых чарніц, не адкажы сабе ў задавальненні паспытаць пунсовых касцяніц ці брусніц. А калі будзе пасудзіна, то і дамоў прынясеш «зайчыкаў пачастунак», а ў ціхай хадзе, магчыма, напаткаеш і якога-небудзь ляснога жыхара.


 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: