Знаходка пад столлю

Знаходка пад столлю

Гісторыя лесу ў фотаздымках

Валерый ТУХТА, Аўтар рубрыкі Таццяна БІНДА
15.02.2018 Версия для печати

Лепельшчына — рэгіён лясісты. Асабліва вялікія лясныя масівы знаходзяцца на захадзе ад раённага цэнтра. Таму спакон веку асноўны занятак жыхароў гэтых мясцін так ці інакш звязаны з лесам.

Работнікі Свядскага лясніцтва. 1924 год. фота

Адна з першых згадак пра людзей, што мелі непасрэднае дачыненне да лясной справы, датуецца 1812 годам, калі ішла вайна з французскімі войскамі Напалеона. 11 верасня падкамісар Халапеніцкага кантона (тэрытарыяльная адзінка ў Францыі і ў некаторых іншых краінах) даносіў падпрэфекту Барысаўскага павета звесткі пра ­наяўнасць у навакольных маёнтках стральцоў і ляснічых. У Валосавічах, ва ўладанні Рэўтаў, згадваецца стралец Габрыэль Рыбашэўскі, у Аношках — стралец Янка Аношка. Стральцамі тады называлі прафесійных паляўнічых.

У той час пра парадак у навакольных лясах не так дбалі французы, як мясцовыя ўласнікі, якіх, нягледзячы на ваеннае становішча, хвалявала будучыня прыродных багаццяў. Зрэшты, ва ўсе часы дбайныя гаспадары, якім сярод іншых багаццяў належалі лясныя абшары, клапаціліся аб іх захаванні. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі клопат на сябе ўзяла дзяржава. Першымі лясніцтвамі на тэрыторыі Лепельскага раёна былі Свядскае, Каменскае, Лепельскае.

Свядскае лясніцтва арганізавана ў вёсцы Свяда (у цяперашні час аграгарадок Слабада) у кастрычніку 1918 года. Пад кантору прыстасавалі былую сядзібу мясцовага святара. Гэты будынак захаваўся да цяперашняга часу. Ён добра бачны на другім плане здымка. У розныя перыяды ў ім размяшчаўся клуб, калгасная сталовая, а цяпер часовы прытулак атрымала праваслаўная царква.

У 1930 годзе Свядскае лясніцтва было ліквідавана, большая частка лясных угоддзяў адышла да Валосавіцкага лясніцтва. Ужо пасля вайны, у 1949 го­дзе, Свядскае лясніцтва было адноўлена. Першым ляснічым абраны В. М. Вячэрскі. Дзесьці ў той час на ўездзе ў вёску была збудавана кантора лясніцтва. У пачатку 1980-х гадоў, у сувязі з перайменаваннем Свяды ў Слабаду, змяніла назву і лясніцтва. Цяпер яно завецца Слабадскім.

На месцы старога будынка Свядскага лясніцтва пабудавана новая кантора Слабадскога лясніцтва — мінулай восенню слабадскія лесаводы справілі наваселле.

Арцелі, сенажаці і лясныя дачы Валосавіцкага лясніцтва

Калі ў мінулым годзе разбіралі стары будынак Свядскага лясніцтва, ніхто адразу не звярнуў увагу на паперы, якія пасыпаліся на зямлю са столі. Яны, напэўна, так і засталіся б мокнуць пад дажджом, аднак на цікавую знаходку звярнуў увагу адзін з леснікоў, які перадаў каштоўныя гістарычныя крыніцы ў  школу. Некалькі даволі важкіх папак са стосам падшытых накладных, актаў, ведамасцей, іншага роду дакументаў, што распавядаюць пра арганізацыю работы яшчэ аднаго лясніцтва Лепельскага лясгаса — Валосавіцкага. Па гэтых паперах, якія датуюцца 1947 годам, можна дэталёва аднавіць структуру і дзейнасць гэтай установы.

У штаце лясніцтва былі ляснічы, лесатэхнік, бухгалтар, 3 аб’ездчыкі, 12 леснікоў. Узначальваў лясніцтва Іван Спірыдонавіч Шарстук. Лясніцтва падзялялася на тры дачы — Палянскую, Свядскую, Валавагорскую і мела дзве арцелі — у Адамаўцы і Кавалевічах. У арцелях выраблялася дванаццаць відаў прадукцыі: дранка дахавая, клёпка бандарная, шырокі асарты­мент конскай збруі  і многае  іншае. У лясніцтве трымалі двух коней — рабочага і раз’язнога, якіх задзейнічалі на вывазцы лесапрадукцыі, раз’ездах і самаабслугоўванні.

У лясным фондзе лясніцтва праводзіліся пераважна санітарныя высечкі, падчас якіх ішла нарыхтоўка дзелавой драўніны, двух- і аднаметровых дроў. Вяліся таксама суцэльныя высечкі, асвятленне, прачыстка, прарэджванне, кляйменне высакаякаснай драўніны.

Спажывалі драўніну розныя арганізацыі: райкам партыі, міліцыя, воінскія часці, прамысловыя арганізацыі, калгасы. У вялікіх аб’ёмах адпускаліся дровы і будаўнічы лес простым лю­дзям. Насельніцтва аднаўляла зруйнаванае вайной жыллё.

Невялікую па плошчы тэрыторыю займалі сельскагаспадарчыя землі, на якіх вялася сяўба яравых і азімых культур. Акрамя лясных угоддзяў, у Валосавіцкім лясніцтве меліся сенажаці. У пераліку фігуруе 29 урочышчаў, якія былі раскіданы па ўсім лясніцтве. У пераважнай большасці гэта былі невялікія балотныя ўчасткі ці лапікі палян сярод лесу, што засталіся ад колішніх хутароў і не паспелі яшчэ зарасці маладым падлескам. Многія з тых назваў урочышчаў ужо ніхто не памятае: Слядскага расцяроба, Зелянеўскага луг, Таронкаўскія пожанькі, Сідарава цяробка, Пад пунькай — гэта толькі невялікі пералік тых самабытных, сакавітых найменняў мясцін.

Малы штат лясніцтваў не мог у поўным аб’ёме спраўляцца з даведзенымі планавымі паказчыкамі па лесанарыхтоўках, таму да сезонных работ прыцягвалі  калгаснікаў — як пешых, так і з гужавым транспартам. На аднаўленне разбуранай ліхалеццем гаспадаркі патрабавалася многа драўніны.

Шмат што змянілася з тых далёкіх і не вельмі часоў, але цягам усяго існавання лясной аховы дзякуючы  яе  руплівым працаўнікам і сёння шуміць і радуе нас сваёй прыгажосцю беларускі лес.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: