Куды дзеліся елкі ў вёсцы Елка?

Куды дзеліся елкі ў вёсцы Елка?

Глыбінка

Фото автора, Татьяна БИНДА
31.12.2015 Версия для печати

Колькі вандруеш па Беларусі, кожны раз здзіўляешся, як многа цікавых мясцін гатовы паказаць сваім гасцям кожны горад, раён, пасёлак. І пакуль Мінск запаўняюць сігналы незлічоных машын, мітусня і гарадскія клопаты, мы за навагоднім настроем адправіліся ў Слонімскі раён Гродзенскай вобласці, у вёску, адна назва якой выклікае ўспаміны пра свята, — Елка.

Куды дзеліся елкі ў вёсцы Елка? фота

Па дарозе да вёскі нас здзівіла адсутнасць елак у акрузе. За акном аўтамабіля мільгалі бярозкі, дзе-нідзе трапляліся сосны. Адкуль тады такая назва ў вёскі — Елка? За адказам на наша пытанне старшыня мясцовага СВК «Сынкавічы» Дзмітрый Дзяшко павёз нас да мясцовай жыхаркі Марыі Мікалаеўны Палтавец, якая ўсё жыццё пражыла ў Елцы і лепш, чым хто, ведае яе гісторыю і самабытнасць.

Марыю Мікалаеўну мы засталі за падрыхтоўкай да свята: гаспадыня гатавала стравы да навагодняга стала, у спецыяльнай дзежцы замешвала па старадаўнім рэцэпце квас. Згорбленая пад цяжарам гадоў, але жвавенькая і вясёлая бабуля вельмі абрадавалася такой нагодзе ўспомніць гісторыю свайго жыцця і роднай вёскі.

— Гадавалася я ў лесе, бо хата наша стаяла недалёка ад яго. Пасля вайны, калі не было чаго есці, ратаваў толькі ён: грыбы, ягады збіралі, таўклі аладкі з травы. Усё жыццё адпрацавала бухгалтарам у нашым СВК, выгадавала двух сыноў, маю двух унукаў і ўнучку, — расказвае жанчына.

Марыя Мікалаеўна Палтавец усё жыццё пражыла ў Елцы. фота

Усяго гэтага жыцця, гаворыць Марыя Мікалаеўна, магло б у яе і не быць. У вайну іх сям’ю ледзь не расстралялі за дапамогу партызанам, якія хаваліся ў елкаўскім лесе.

— Той ваенны час я памятаю лепш, чым тое, што адбываецца цяпер. На ўсё жыццё адбіліся ў памяці даўно мінулыя падзеі і людзі. І па сённяшні дзень стаіць у вачах твар нямецкага перакладчыка, які выратаваў нам жыццё, — успамінае Марыя Мікалаеўна.

У пяць гадоў дзяўчынка ўжо чысціла бульбу для партызан, сям’я памагала ім, як магла. Пра гэта нямецкаму начальству далажыў сусед, служка фашыстаў.

— Не дай Бог каму адчуць той жах, які нас, малых, ахапіў, калі да нашай хаты прыехалі немцы, — успамінае Марыя Мікалаеўна. — Нас рыхтаваліся расстрэльваць. Але ж лёс, мабыць, у мяне такі, што жыццё наканавана доўгае. Перакладчык, хутчэй за ўсё, быў з рускіх: занадта ўжо добра валодаў ён рускай мовай. Немцы вывелі ката ў доўгіх пальчатках, маска на галаве, і нас да яго павялі на вуліцу. Яго ажно трымалі, так ён кідаўся, каб толькі хутчэй праліць нашу кроў. Але, мабыць, перакладчык заступіўся за нас, пераклаў, што мы партызан не бачылі, і нас адпусцілі.

Гэты выпадак перавярнуў усё жыццё жанчыны. Наперадзе было яшчэ шмат выпрабаванняў — смерць бацькі на фронце, пасляваенны голад, будаўніцтва новага жылля і жыцця, але Марыя Мікалаеўна ніколі не апускала рук, заўсёды цаніла жыццё як найвышэйшы падарунак.

«Дзякуючы гэтаму, — гаворыць жанчына, — і пражыла столькі гадоў і ўсё помню». Помніць мясцовая жыхарка дасканала і гісторыю вёскі Елка.

Будаваць новую вёску спачатку планавалі на шляху да старой Свята-Міхайлаўскай царквы XVI века. Але мясцовы пан Барылеўскі, гаспадар спіртавога завода, не дазволіў так блізка ад сваіх уладанняў весці будаўніцтва і загадаў сялянам спускацца ўніз, да невялікага ельніку. Вось там, пад елкамі, і пачалася вёска.

Мы заўважаем, што ў бабулі няма ў хаце навагодняга дрэва. Марыя Мікалаеўна расказвае, што для яе галоўным святам заўсёды былі Каляды, а Новы год звычайна ніхто моцна не спраўляў у вёсцы. Ёлку ставілі толькі ў сельскім клубе. А вось Каляды святкавалі згодна з усімі традыцыямі. 6 студзеня, нават у пасляваенныя часы, калі не было дастатку, святочны стол імкнуліся заставіць стравамі: іх заўсёды павінна было быць не менш за дванаццаць.

Ляснік Сянькоўшчынскага лясніцтва ДЛГУ «Слонімскі лясгас» Мікалай Давыдчык. фота

Ляснік Сянькоўшчынскага лясніцтва ДЛГУ «Слонімскі лясгас» Мікалай Давыдчык на наша пытанне, дзе падзеліся ўсе елкі ў Елцы, запэўнівае, што калючых прыгажунь у гэтых мясцінах хапае. Ён асабіста ў гэтым годзе пасадзіў каля 15 тысяч елачак.

— Елка — мая родная вёска, — расказвае ляснік. — Працую я ў лясніцтве з 2001 года і за гэты час насадзіў не толькі елак, але і соснаў, бярозак за ўсіх мужчын у вёсцы — каля 60 гектараў! А вось сына не давялося выгадаваць — у мяне дзве дачкі — і хату не пабудаваў — ад цесця перайшла. (Смяецца.)

Дарэчы, вёскі з такой назвай — Елка — у Беларусі вы больш нідзе не сустрэнеце. Вось такі сімвал Новага года берагуць ужо не адзін век беларусы на Гродзеншчыне.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: