Дырэктар Чэрвеньскага лясгаса Андрэй Галкоўскі — «Чалавек года Міншчыны»

Дырэктар Чэрвеньскага лясгаса Андрэй Галкоўскі — «Чалавек года Міншчыны»

Гонар зялёнага мундзіра

Фота аўтара, Святлана АДАМОВІЧ
12.04.2018 Версия для печати

Напрыканцы сакавіка Чэрвеньшчыну напаткала добрая навіна. У спісе тых, каму Мінаблвыканкам прысвоіў ганаровае званне «Чалавек года Міншчыны» за 2017 год, дырэктар Чэрвеньскага лясгаса Андрэй ­Мікалаевіч Галкоўскі. Улічваючы, што афіцыйна на кіруючай пасадзе ён працуе амаль два гады, гэта сапраўды вельмі прыемная адзнака працы. Навіна і сталася добрай нагодай для нашай гутаркі.

...У кабінеце Андрэя Галкоўскага — сапраўднае цараванне прыроды. Адразу бачна, што працуе тут чалавек, неабы­я­кавы да яе. Пакаёвыя кветкі, прыгожыя пейзажы...

— Адносіны да прыроды ў мяне яшчэ з маленства выхоўваў тата, — тлумачыць Андрэй Мікалаевіч. — Атрымаўшы сельскагаспадарчую адукацыю і адпрацаваўшы колькі гадоў у мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, ён прыйшоў працаваць лесніком у Хутарскае лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса. З дзяцінства браў мяне з сабой на высечкі догляду. Там я не толькі назіраў за прыродай, захапляўся яе прыгажосцю, але і спасцігаў мудрагелістасць працы спецыяліста лясной гаспадаркі. Таму натуральна, што ў будучым бачыў сябе таксама ў лясной галіне. Тата — паляўнічы, тата — рыбак... Гэтыя яго захапленні пераняў і я.

Даведацца пра ўмовы паступлення ў Полацкі лясны тэхнікум тата і сын таксама накіраваліся разам. Закончыўшы навучальную ўстанову ў 1998-м, Андрэй Галкоўскі прыйшоў на сваё першае працоўнае месца ў Раваніцкае лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса — майстрам лесу.

— Там працаваў у падначаленні ляснічага Анатоля Юр’евіча Гомана, — распавядае Андрэй Мікалаевіч. — Чалавека ўжо няма, але я і зараз прыгадваю яго з удзячнасцю. Ён навучыў мяне літаральна ўсяму. Бо калі прыходзіць малады спецыяліст з тэхнікума, яму ўсё даво­дзіцца асвойваць на практыцы, усё, лічы, упершыню. Анатоль Юр’евіч так добра ўсё тлумачыў, расказваў, паказваў... Таму пасля службы ў войску, на якую мяне прызвалі праз сем месяцаў, я вырашыў вярнуцца ў тое ж Раваніцкае лясніцтва — майстрам па ахове лесу. Папрацаваў меней за год — і мяне паклікалі на малую радзіму, у роднае, Хутарскае, лясніцтва.

І амаль на 15 гадоў менавіта яно стала сведкам развіцця Андрэя Галкоўскага як спецыяліста і месцам яго кар’ернага росту. Майстар лесу, памочнік ляснічага, ляснічы... Яго стараннасць, ­адказнасць, прафесіяналізм, настойлівасць, адметныя ідэі па арганізацыі працы падначаленых заўсёды заўважаліся і станоўча ацэньваліся кіраўніцтвам лясгаса. А сам Андрэй Мікалаевіч мог назіраць за вынікамі сваёй лесагаспадарчай дзейнасці, гледзячы, як падрастаюць паса­джаныя ім дрэвы.

— Я і зараз стараюся як мага часцей бываць на тых участках, — шчыра прызнаецца мой суразмоўца. — Іх два: першыя, якія стварыў, калі толькі прыйшоў у Хутарскае лясніцтва. Тыя хвоі ўжо амаль пад 15 метраў вышынёй. Улетку практычна кожныя выхадныя я вывожу туды жонку і дачку.

Дарэчы, у сям’і Андрэя Галкоўскага — лад, згода і ўзаемаразуменне. А як жа інакш, калі жонка Ірына, колішні бухгалтар сельвыканкама, зараз працуе ў Хутарскім лясніцтве майстрам лесу.
— І гэта не першая жанчына, якая там на такой мужчынскай усё ж пасадзе! — не магу стрымаць свайго здзіўлення.

— Па логіцы — так, больш мужчынская спецыяльнасць, — пагаджаецца са мной Андрэй Мікалаевіч. — Але нямала жанчын годна спраўляюцца з ёю. Ірыну я сам вучыў усяму на практыцы, тлумачыў, паказваў...

— А дзе і калі вы з ёй пазнаёміліся?

— Ну, мы ж з адной вёскі — з Ведрыцы. Яна маладзейшая на пяць гадоў. Таму да войска я яе нават не заўважаў. (­Усміхаецца.) А пасля, як вярнуўся, гляджу — прывабная дзяўчына, баявая... Так і пабраліся шлюбам.

Ёсць у сям’і Галкоўскіх і цікавае супа­дзенне па датах. Так, гаспадар нара­дзіўся 22 чэрвеня — у дзень, калі пачалася вайна, а яго дачка — 9 мая, у дзень яе заканчэння. Таму і назвалі Вікторыяй. Тата ганарыцца — баявая дзяўчына расце! Любіць прыроду, захапляецца танцамі. Калі захоча працягнуць сямейную дынастыю, ён будзе толькі рады. Але гэта ёй вырашаць. Толькі пакуль ранавата яшчэ: Вікторыі ўсяго 12.

Падтрымку сваёй сям’і Андрэй Галкоўскі адчуў напоўніцу, калі пасля настойлівых угавораў перайшоў на працу непасрэдна ў Чэрвеньскі лясгас. Год — галоўны ляснічы, год — ­выконваючы абавязкі дырэктара і амаль два гады — дырэктар лесагаспадарчай установы. А да гэтага ж у 2006-м завочна закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

— Андрэй Мікалаевіч, а што было для вас самым цяжкім пасля прызначэння на кіруючую пасаду? — цікаўлюся.

— Ды ўсё цяжка, — раздумліва зазначае дырэктар Чэрвеньскага лясгаса. — Вядома ж, у лясніцтве ­працаваць лягчэй, бо там 30 чалавек у падначаленні, а тут — 400. І кожнага трэба выслухаць. Але я стараюся знаходзіць і агульную мову, і свой падыход. Атрымліваецца, бо калектыў, па вялікім рахунку, не мяняецца. А што датычыцца цяжкасцей напачатку... Літаральна ўсё даво­дзілася ­кантраляваць самому, штодня ездзіць па падраздзяленнях, устанаўліваць свае правілы, сачыць за выкананнем працоўнай дысцыпліны. Два гады (улічваючы і год выканання абавязкаў дырэктара) я быў на працы літаральна ад цямна да цямна. Ад’язджаў — жонка з дачкой яшчэ спалі, прыязджаў — яны ўжо спалі. Выхадных у мяне фактычна не было. Я сям’ю месяцамі не бачыў. Але цяпер, азіраючыся назад, разумею: яно таго вартае. Бо ў апошні год мне працаваць стала нашмат лягчэй. Усе спецыялісты, усе працаўнікі прывыклі да маіх патрабаванняў. І калі я прыязджаю ў той жа цэх, не ­выглядаюць, дзе там дырэктар хо­дзіць, а займаюцца сваёй працай.

Высокія вынікі, якія на працягу апошніх двух-трох гадоў трывала дэманструе Чэрвеньскі лясгас, шматлікія граматы, падзякі, якія атрымлівае як лесагаспадарчая ўстанова, так і сам кіраўнік, — усё гэта дасягнута дзякуючы зла­джанай працы калектыву, дзякуючы прафесіяналізму яго галоўных спецыялістаў і дырэктара.

Для мяне асабіста аднымі з самых красамоўных лічбаў сталіся вось гэтыя. У 2015 годзе ў дрэваапрацоўчым цэху была праведзена мадэрнізацыя. З мэтай павелічэння аб’ёмаў абразных піламатэрыялаў для адгрузкі на экспарт тут быў зменены тэхналагічны працэс іх выпуску. І ўжо ў 2017 годзе рост да моманту мадэрнізацыі склаў 456 %!

У планах Андрэя Галкоўскага — далейшае павелічэнне гэтых лічбаў за кошт набыцця новай тарнай лініі. Дарэчы, яе ўстаноўка дазволіць стварыць 15 працоўных месцаў.

На сёлетнім раённым свяце працы Андрэй Мікалаевіч атрымліваў адразу дзве заслужаныя ўзнагароды. Па-першае, Чэрвеньскі лясгас быў прызнаны лепшай установай (арганізацыяй) у галіне прамысловасці, лясной гаспадаркі па выніках 2017 года. Па-другое, атрымаў перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы.

Увогуле ж, дыпломаў і падзяк на сцяне кабінета Андрэя Галкоўскага даволі шмат. Таму рашэнне прысвоіць яму званне «Чалавек года Міншчыны» цалкам заслужанае.

Між іншым, лясгас добра ведаюць не толькі ў раёне, але і на Міншчыне, па фундатарскіх справах (як зазначыў Андрэй Мікалаевіч, ён стараецца не адмаўляць просьбітам) і спартыўных дасягненнях. Шматлікім кубкам ужо відавочна цесна на спецыяльным стэлажы, граматам — у папках... Якога б узроўню спаборніцтвы ні праходзілі, у апошнія два гады каманда лясгаса заўсёды ў прызёрах. Як атрымліваецца дасягаць такіх паказчыкаў?

— Мабыць, усе стараюцца, гле­дзячы на дырэктара, — усміхаецца Андрэй Галкоўскі. — Я сам захапляюся спортам з дзяцінства. І зараз паспяхова ўдзельнічаю ў спартакіядах кіраўнікоў лесагаспадарчай галіны — найперш у футбольнай і валейбольнай камандах. Вунь, бачыце, медалі мае. А сваіх работнікаў мы, вядома ж, за прызавыя месцы заахвочваем матэрыяльна. Самым актыўным набываем за кошт лясгаса абанементы ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Ігумен» — у басейн, трэнажорную залу...

Пытаюся, за што зараз баліць сэрца дырэктара лясгаса, і чую ў адказ: «За лес!» Не могуць пакінуць абыякавым Андрэя Галкоўскага шматлікія ўраганы, якія апошнім часам часцяком залятаюць на Чэрвеньшчыну і літаральна за некалькі хвілін прыносяць вялізныя страты. І як тады глядзець на зламаныя, як запалкі, альбо вывернутыя з коранем вялізныя дрэвы? Дзе ж тут не будзе шчымець сэрца?!

З-за прыродных катаклізмаў павялічваюцца ў апошнія гады і плошчы пад стварэнне лясных культур. У Чэрвеньскім лясгасе, па словах яго дырэктара, вельмі цэняць дапамогу, якую ­аказва­юць прадпрыемствы, установы, арганізацыі і ўсе неабыякавыя грамадзяне ў пасадцы дрэў падчас тыдняў лесу. Вось і сёлета напярэдадні чарговай акцыі Андрэй Мікалаевіч выказаў спадзяванне, што людзі праявяць актыўнасць.

Цікаўлюся, на якія захапленні хапае часу ў дырэктара Чэрвеньскага лясгаса, апрача ўлюбёнага з дзяцінства ціхага палявання ў сезон. Аказваецца, для адпачынку яму дастаткова хаця б гадзіну пасядзець з вудаю. Нават на зімовай рыбалцы. Да возера ж усяго 300 метраў. І калі не возьмецца ніводная рыбка, усё роўна гэта з’яўляецца для Андрэя Мікалаевіча своеасаблівым рэлаксам. Ну а яго самы вялікі летні трафей — шчупак вагой каля 10 кілаграмаў.

І яшчэ мне хацелася б нагадаць пра новаўвядзенне, якое, спадзяюся, ацэняць многія аматары адпачынку на прыродзе. Гэта вандроўкі па трох экалагічных маршрутах, арганізаваных Чэрвеньскім лясгасам. Адзін з іх — веласіпедны. Па яго частцы я праехала ўжо напрыканцы мінулага года з супрацоўнікамі лясгаса на мікрааўтобусе. Цяпер у чаканні, пакуль лясгас закупіць веласіпеды і збярэ першую групу!

Хочацца шчыра пажадаць дырэктару Чэрвеньскага лясгаса Андрэю Мікалаевічу Галкоўскаму і яго дружнаму калектыву далейшага росту вытворчых паказчыкаў, новых вынаходніцтваў, заслужаных узнагарод і штодзённага задавальнення ад зробленага!


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: