Вялікдзень — галоўнае свята ўсіх хрысціян

Вялікдзень — галоўнае свята ўсіх хрысціян

Каталіцкія святы

Дыякан Мікола ГРАКАЎ
29.03.2018 Версия для печати

Часам можна пачуць меркаванне, што галоўнае рэлігійнае свята ў каталікоў — Каляды. Але гэта не так. Пра тое, як вернікі Каталіцкай царквы рыхтуюцца і перажываюць сапраўды самыя галоўныя ўрачыстасці літургічнага года, у якіх успамінаецца збаўчая мука, смерць і Уваскрэсенне Хрыста, — у нашым сённяшнім артыкуле.

Вербная нядзеля ў Віцебску. фота

Самая галоўная ўрачыстасць хрысціян і ў Праваслаўнай, і ў Каталіцкай царкве — гэта, канечне, Пасха, або Вялікдзень. І гэта не аднадзённае святкаванне.

Тыдзень перад урачыстасцю Пасхі называецца Вялікім тыднем. Кожны дзень гэтага тыдня таксама з’яўляецца вялікім — Вялікі панядзелак, Вялікі аўторак і г. д. Царкоўны тыдзень пачынаецца не ў панядзелак, а ў нядзелю. Нядзеля, якая папярэднічае Вялікадню і з якой распачынаецца Вялікі ты­дзень, называецца Вербнай, або Пальмавай. У гэтую нядзелю вернікі ўспамінаюць урачысты ўваход Госпада ў Іерусалім. Евангеліст Марк так апісвае тую падзею: «Прывялі да Ісуса асляня і паклалі на яго сваё адзенне, а Ён сеў на яго. І многія слалі адзенне сваё на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя на палях. І тыя, хто ішоў спераду і следам за Ім, усклікалі: «Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Госпада». Як жыхары Іерусаліма віталі Хрыста з галінамі пальмаў у руках, так і мы вітаем Яго, трымаючы ў руках вербы — галінкі таго дрэва, якое расце ў нас і адным з першых распускае свае пупышкі. Адсюль і назва — Пальмавая, або Вербная, нядзеля.

Акрамя таго, гэта нядзеля называецца таксама нядзеляй Мукі Госпада. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах чытаецца апісанне мукі і ўкрыжавання Хрыста, якія Ён выцерпеў дзеля адкуплення людзей ад грахоў і вечнай смерці. Прайшло толькі некалькі дзён з таго радаснага моманту, калі Хрыста як цара прывіталі ў Іерусаліме з галінкамі пальмаў у руках, і вось ужо той самы натоўп, тыя самыя людзі ўтрапёна крычаць: «Няхай будзе ўкрыжаваны! Кроў Яго на нас і на дзецях нашых». Мы, вернікі, на жаль, часта паступаем падобна: з аднаго боку, ушаноўваем Хрыста сваімі вуснамі ў малітве, але потым зноў крыжуем Яго сваімі грахамі. Такім чынам, у смерці Хрыста нельга абвінавачваць толькі тых канкрэтных людзей, або яўрэйскі народ: Хрыста забілі чалавечыя грахі, у тым ліку і нашы, мае грахі.

У Вялікі чацвер вернікі ўзгадваюць устанаўленне таінстваў Еўхарыстыі і святарства, якое Хрыстос здзейсніў падчас Апошняй, або Тайнай, вячэры перад сваёй мукай і смерцю. Часам гэты дзень параўноўваюць з «прафесійным святам» святароў. У Вялікі чацвер раніцай няма службаў у звычайных касцёлах. Усё духавенства збіраецца разам са сваім біскупам у катэдрах, дзе адбываецца святая Імша Хрызма. Яна так называецца ад назвы алею, які асвячаецца падчас гэтай літургіі. Алей хрызма выкарыстоўваецца падчас таінстваў хросту і канфірмацыі, а таксама пры пасвячэнні святароў і біскупаў. Акрамя хрызма, на гэтай Імшы асвячаецца алей хворых, які выкарыстоўваецца ў сакрамэнце намашчэння хворых, што ў Праваслаўнай царкве называецца таінствам саборавання.

У гэты ж дзень завяршаецца літургічны перыял Вялікага посту і распачынаецца Святы пасхальны трыдуум, або тры святыя дні, якія і з’яўляюцца непасрэдным святкаваннем Пасхі: з вечара чацвярга да нядзелі. Увечары ў Вялікі чацвер ва ўсіх касцёлах адбываецца Імша Вячэры Госпада. На пачатку гэтай службы звоняць званы і гучыць арган, але ў гэты ж вечар яны змаўкаюць да Пасхі, таму што Царква пачынае перажываць муку Хрыста, якая распачалася са здрады аднаго з Яго апосталаў. «Падчас вячэры, калі д’ябал ужо схіліў сэрца Юды Сымона Іскарыёта, каб выдаць Яго, Ісус <…> устаў з-за стала, скінуў верхнюю вопратку і, узяўшы палатно, падперазаўся. Потым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць палатном, якім быў падпяразаны» (з Евангелля паводле Яна). У памяць пра гэта падчас Імшы Вячэры Госпада ў некаторых касцёлах адбываецца абрад абмывання ног, які здзяйсняе святар, мыючы ногі дванаццаці вернікам. З дазволу Папы Рымскага Францішка цяпер гэта могуць быць не толькі мужчыны, але і жанчыны. Сам папа таксама штогод здзяйсняе гэты абрад.

Пасля заканчэння Імшы Вячэры Госпада святыя Еўхарыстычныя дары пераносяцца з галоўнага алтара ў сімвалічную цямніцу. Гэта нагадвае пра арышт Ісуса Хрыста падчас Яго малітвы ў Гефсіманскім са­дзе, куды Ён разам з вучнямі скіраваўся пасля Апошняй вячэры. З алтара здымаецца абрус на знак таго, што да Вялікай ночы Уваскрэсення на ім не будзе служыцца святая Імша. Вернікі ў цішыні моляцца перад сімвалічнай цямніцай і ў маўчанні разыходзяцца па дамах, каб на наступны дзень, у Вялікую пятніцу, зноў увечары сабрацца ў касцёлах.

Пакланенне Крыжу ў Гродне. фота

У Вялікую пятніцу нідзе ў свеце не служыцца Еўхарыстыя, таму што ў гэты дзень Першасвятар нашага збаўлення Хрыстос, паміраючы на крыжы, прынёс на ім крывавую ахвяру ўміласціўлення Нябеснаму Айцу за грахі ўсіх людзей. У гэты дзень адбываюцца набажэнствы Крыжовага шляху, адно з якіх з удзелам Папы праходзіць у рымскім Калізеі — старажытным амфітэатры, што стаў месцам крывавага мучаніцтва тысяч хрысціян, якіх жорстка пераследавалі на пачатку нашай эры. Хоць перыяд Вялікага посту ўжо завяршыўся, аднак у дзень смерці Хрыста вернікі абавязаны пасціцца: неабходна ўстрымлівацца ад мясных страў і только адзін раз на працягу дня можна паесці дасыта, хоць дазваляецца спажыць крыху ежы таксама раніцай і вечарам.

Увечары ў гэты дзень ва ўсіх касцёлах адбываецца набажэнства Пакланення святому Крыжу. Святар выносіць крыж, захінуты ў фіялетавую тканіну, і, узняўшы яго, паступова здымае тканіну, тройчы спяваючы: «Вось дрэва Крыжа, на якім памёр Збаўца свету». Вернікі адказваюць: «Пойдзем з паклонам». Пасля пакланення Крыжу яны прымаюць Прычасце — святую Камунію, і святыя Еўхарыстычныя дары пераносяцца ўжо ў сімвалічную грабніцу, дзе застануцца да ня­дзельнага світання. Гэта «грабніца Хрыста», зазвычай прыгожа аздобленая кветкамі, застаецца адзіным асветленым месцам у касцёле, дзе згашваецца ўсё іншае святло. Вернікі застаюцца перад ёй у малітве на доўгі час (некаторыя на ўсю ноч) і прыходзяць да яе на працягу ўсёй Вялікай суботы.

Вялікая субота — гэта дзень, калі ўся Хрыстова царква прабывае ў жалобе і святым маўчанні перад грабніцай свайго Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста. У гэты дзень вернікі таксама традыцыйна захоўваюць пост, як і ў Вялікую пятніцу. А з наступленнем цемры распачынаецца самая галоўная хрысціянская літургія на працягу года — Пасхальная вігілія ў Святую ноч. У гэтую святую, вялікую ноч святкуецца найбольшая ўра­чыстасць усіх хрысціян — Увас­крэсенне Хрыста. Паводле найстаражытнейшай традыцыі ў гэтую ноч, калі Хрыстос ува­скрэс з памерлых, адбываецца чуванне, што ў перакла­дзе з лацінскай мовы і азначае слова «вігілія».

Святы Аўгустын казаў, што гэта літургія — маці ўсіх святых вігілій, бо яна з’яўляецца літургічным успамінам той ночы, калі Ісус Хрыстос уваскрэс з памерлых. Яе правобразам у Старым Запавеце была ноч, у якую Бог вызваліў свой народ з егіпецкай няволі. Вернікі, згодна з напамінам Евангелля, трымаючы ў руках запаленыя светачы, становяцца падобнымі да людзей, якія чакаюць вяртання свайго Валадара, каб той, прыйшоўшы, знайшоў іх у чуванні і запрасіў да свайго стала. Першая частка гэтага начнога чування ў малітве называецца Літургіяй святла. З асвячэння новага агню, ад якога запальваецца вялікая васковая свечка — пасхал, сімвал уваскрэслага Хрыста, распачынаецца святкаванне светлага Хрыстова Уваскрэсення.

Вялікдзень — гэта так званае рухомае свята, якое заўжды святкуецца ў нядзелю, але не замацавана за нейкай канкрэтнай датай. У Евангеллі дакладна не сказана, калі ўваскрэс Хрыстос: тое, што Яго цела не было ў магіле, заўважылі на світанні першага дня пасля суботы, або праз тры дні пасля Яго смерці і пахавання. Днём смерці даследчыкі святых тэкстаў лічаць пятніцу 7 красавіка 30 г., аднак гэта магло адбыцца, хоць і з меншай ступенню верагоднасці, 27 красавіка 31 г. або 3 красавіка 33 г. Такім чынам, найбольш верагодная дата Уваскрэсення Хрыста — гэта 9 красавіка 30 г.

Паколькі Пэсах (іўдзейская Пасха) святкуецца праз 14 дзён пасля пачатку новага года (а пачынаецца іўдзейскі год заўсёды ў маладзік), хрысціянскае свята Уваскрэсення Хрыста павінна было б святкавацца ў першую нядзелю пасля Пэсаху, як гэта апісана ў Евангеллі. Але паколькі праз 14 дзён пасля маладзіка бывае поўня, на Першым Нікейскім царкоўным саборы ў 325 г. было вырашана, што Вялікдзень будзе святкавацца ў нядзелю, якая наступае адразу ж пасля першай веснавой поўні. Гэта поўня пасля раўнадзенства, якое ў Паўночным паўшар’і адбываецца 20 сакавіка. З-за каляндарных адрозненняў, якія існуюць паміж католікамі і праваслаўнымі, дзень святкавання Пасхі ў адных і ў другіх не заўсёды супадае. У католікаў Вялікдзень можа святкавацца найраней 22 сакавіка, а найпазней — 25 красавіка. Калі ж першая веснавая поўня прыпадае на нядзелю, тады святкаванне пераносіцца на наступную. Такім чынам, хрысціянская Пасха ніколі не супадае з іўдзейскім Пэсахам, які заўсёды святкуецца ў поўню.

Тым не менш хрысціянская Пасха мае непасрэдную духоўную сувязь са старазапаветным святам Пэсаху, што яскрава ві­даць з біблейскіх чытанняў, якія гучаць у другой частцы Вігіліі — Літургіі слова. Правадыр ізраільскага народа Майсей — гэта правобраз Ісуса Хрыста, які ўсіх нас кліча да сапраўднай свабоды і вечнага жыцця ў нашай сапраўднай Айчыне — у Нябесным Валадарстве.

Само слова Пасха — па-яўрэйску Пэсах — азначае пераход. Гэта свята, устаноўленае ў памяць зыходу сыноў Ізраіля з егіпецкай няволі, пасля ўваскрэсення Хрыста набыло іншае значэнне. У гэты дзень хрысціяне святкуюць свой канчатковы і незваротны зыход з няволі граху і смерці і пераход да новага жыцця ў Хрысце, да жыцця ў свабодзе Божых дзяцей, якімі мы становімся праз хрост. Менавіта правобразам водаў хросту, якія кожнага, хто прымае гэта таінства, абмываюць ад першароднага граху, з’яўляецца пераход ізраільскага народа праз воды Чырвонага мора, пра што распавядаецца ў другой кнізе Старога Запавету, якая называецца «Зыход».

Сімвалам святкавання Пасхі ў Старым Запавеце было пасхальнае ягня. Кроў гэтага ягняці, якая ўратавала ізраільцян ад знішчэння, стала правобразам крыві сапраўднага Божага Ягняці — Ісуса Хрыста, які сам стаў ахвяраю за грахі ўсяго чалавецтва. З Яго прабітага на пагорку Галгофы бока праліліся кроў і вада, і з іх узялі пачатак сакрамэнты (таінствы) Царквы, першым з якіх з’яўляецца святы хрост.

Крыжовы шлях у рымскім Калізеі з удзелам папы Яна Паўла ІІ. фота

Нездарма трэцяя частка Вігіліі — гэта Літургія хросту. У раннехрысціянскія часы толькі ў гэтую ноч хрысцілі новых вернікаў. Цяпер хрост можа адбывацца ў любы час, а падчас пасхальнай літургіі асвячаецца вада для хросту. У гэтую святую ноч вада набывае моц асвячэння: яна не толькі можа ачысціць цела, але таксама змыць з чалавечай душы бруд першароднага граху і ўсіх грахоў, учыненых да хросту.

Пасля асвячэння вады ўсе вернікі ў касцёле аднаўляюць хросныя абяцанні: адракаюцца ад зла і вызнаюць сваю веру ў Бога, адзі­нага ў трох Асобах — Айца і Сына, і Святога Духа. Большасць сённяшніх вернікаў былі ахрышчаныя яшчэ немаўлятамі, таму гэтыя абяцанні за іх давалі бацькі і хросныя. Літургія Пасхальнай вігіліі дае ­магчымасць усім вернікам свядома нанава перажыць свой уласны хрост. Гэта адбываецца праз акрапленне асвячонай вадой.

Завяршаецца Пасхальная вігілія Еўхарыстычнай літургіяй, у якой зноў здзяйсняецца тая самая ахвяра, якую Хрыстос прынёс на крыжы за збаўленне свету, але ўжо без праліцця крыві, а ў выглядзе хлеба, які становіцца сапраўдным Целам Хрыста, і віна, якое становіцца Яго сапраўднай Крывёю. Уначы адразу пасля Вігіліі або на світанні адбываецца працэсія, у якой вернікі ідуць за сваім уваскрэслым Госпадам. Гэта сімвал зямнога вандравання Божага народа, які кіруецца ў Нябеснае Валадарства. Менавіта Уваскрэсенне Хрыста адкрыла туды ўваход для ўсіх, хто ў яго верыць.

У Вялікую суботу і ў Велікодную нядзелю ў касцёлах таксама асвячаюць велікодныя стравы. У нашых традыцыйных велікодных стравах знайшлі адлюстраванне асноўныя элементы пасхальнага сэдэру — старазапаветнай пасхальнай вячэры. Замест пасхальнага ягняці — смачныя кілбасы і вяндліна, замест горкіх траваў — звычайны хрэн, замест праснакоў — кулічы і булкі. Аднак віна мы ўжо тут не бачым: за пасхальным сталом нельга спажываць алкаголь.

Традыцыя асвячэння велікодных страў у касцёле існуе, бадай што, толькі ў нас, дзе цесна перапляліся звычаі і традыцыі заходняга і ўсходняга хрысціянства: каталіцтва і праваслаўя. Таксама чыста славянскім элементам велікоднага стала з’яўляюцца фарбаванкі, пісанкі — рознакаляровыя яйкі, найчасцей чырвоныя, як сімвал Хрыста — ­Сонца, якое не ведае заходу. Фарбаванне яек і прыгожае складанне кошычкаў з ежай для асвячэння — цэлае мастацтва, што каштуе нашым гаспадыням шмат часу і прыносіць вялікую радасць дзецям.

І хоць смачныя пахі велікодных страў казычуць нос, але з іх спажываннем давядзецца пачакаць да нядзелі, калі, прывітаўшы ­адзін аднаго воклічамі «Хрыстос уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!», сям’я збярэцца за адным сталом, каб падзяліцца радасцю гэтай асноўнай падзеі хрысціянскай веры: Уваскрэсення Хрыста з мёртвых.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: