Падарожжа ў галубіцкую казку

Падарожжа ў галубіцкую казку

Краязнаўчы блакнот

Фота аўтара, Фота з асабістага архіва, Наталля НАВІЦКАЯ
20.04.2017 Версия для печати

Мы досыць актыўна, хто ў марах, а хто і наяве, падарожнічаем у далёкія краіны, да пальмаў і іншых экзатычных раслін, назвы якіх наўрад ці застануцца потым у памяці. Шукаем дзівосныя далягляды на гарызонце і робім сэлфі, захапляемся мясцовай кухняй, а потым яшчэ доўга жывём успамінамі. Усё гэта, безу­моўна, цудоўна. Але наколькі пры гэтым мы ведаем родныя мясціны, напрыклад, у Докшыцкім раёне, што на Віцебшчыне? Ці бачылі рэдкія кветкі і птушак у сваім краі, ці дабіраліся па лясной сцежцы да другога берага Медзазола, туды, дзе зямля паўвостравам уразаецца ў плыні знакамітага возера, ці праязджалі на драўляным мосце, каб трапіць да месца злучэння Бярэзіны з Поняй… Здаецца, і ехаць доўга не трэба — некалькі дзясяткаў кіламетраў — і ты апынаешся ў казцы: мясцовай, аўтэнтычнай, беларускай, нічым не горшай за «заморскія» краявіды. Менавіта пра гэта мы з калегамі разважалі, вяртаючыся на рэдакцыйнай «Ніве» са, здавалася б, звычайнай камандзіроўкі ў Тумілавіцкае лясніцтва Глыбоцкага лясгаса, куды скіравалі да ляснічага Рыгора Пяцько, каб больш даведацца пра Галубіцкую пушчу.

Галубіцкай пушчы 27 гадоў, рашэнне «Аб утварэнні абласнога комплекснага ландшафтна-гідралагічнага заказніка на тэрыторыі Докшыцкага раёна» было прынята райвыканкамам 27 ліпеня 1990 года. Рыгор Пятровіч прыгадвае, што першапачаткова заказнік ахапіў плошчу ў 1690 гектараў. А праз два гады, у лютым 1992-га, па заказніку было прынята рашэнне Віцебскага аблвыканкама. Згодна з ім прыродны аб’ект ахапіў тэрыторыю Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў і значна ўзбуйніўся — да 6734 гектараў. Такая плошча заказніка захавалася да сённяшняга часу. Менавіта гэтыя дакументы дазволілі забараніць на тэрыторыі Галубіцкай пушчы гідрамеліярацыйныя работы, распрацоўку залежаў торфу, скідванне сцёкавых вод і адходаў, выпас жывёлы, а таксама нарыхтоўку драўніны.

Ля вытокаў служэння лесу

Зразумела, што рашэнне аб утварэнні на тэрыторыі раёна гідралагічнага заказніка не ўзнікла беспадстаўна. Гэтаму паспрыяла не толькі наяўнасць прыродных багаццяў, але і неабыякавасць канкрэтных людзей, у прыватнасці Рыгора Пяцько. Будзе вельмі справядліва болей распавесці пра асобу гэтага цікавага чалавека.

Мясцовы хлопец з Рачных яшчэ з дзяцінства быў апантаны навакольнай некранутай прыродай. У лес і на балоты хадзіў не дзеля знешняй прыгажосці, а ўдумліва, назіральна. Яго цікавіла ўсё: незвычайныя расліны, сляды звера ці птушкі, якія недасведчанаму воку не бачны, зменлівасць прыродных з’яў: уважліва прыкмячаў, тое-сёе запісваў. Гэта і стала перадумовай для паступлення пасля школы на лесагаспадарчую спецыяльнасць у Барысаўскае вучылішча.

Дата 17 чэрвеня 1976 года для Рыгора Пяцько лёсавызначальная. Менавіта ў той дзень, 41 год таму, ён уладкаваўся ў Тумілавіцкае лясніцтва. Спачатку, зразумела, рабочым, потым быў майстрам лесу, і вось ужо тры дзесяцігоддзі, як узначальвае калектыў.

Унікальная знаходка

Але вернемся да пушчы, якая сваім утварэннем абавязана адной з першых знаходак ляснічага. Ці ведаеце вы, што на тэрыторыі Галубіцкай пушчы сустракаецца 192 віды птушак? Пэўна, не. Не ведаў, што іх так шмат і Рыгор Пяцько, калі ў 1976 годзе са старэйшым таварышам накіроўваўся шукаць логавішча ваўка.

— Ідзём па дарозе ўглыб лесу. Я задзіраю галаву ў надзеі ўбачыць цікавае гняздо, — распавядае Рыгор Пятровіч, які ўжо на той час захапіўся арніталогіяй. — Раптам заўважаю пад дрэвам памёт, аглядаюся і бачу гняздо на вышыні амаль два з паловай метры. А ў ім — знаходка: каршунёнак, які трымае ў дзюбе… хвост гадзюкі. На шчасце, у лес мы прыхапілі фотаапарат…

Хлопец, учапіўшыся за ствол дрэва, здолеў на вышыні сфатаграфаваць птушаня. У райцэнтры знаёмы праявіў плёнку. Здымак атрымаўся выдатны. Рыгор адправіў яго на конкурс арнітолагаў-аматараў. Якое ж было здзіўленне, калі літаральна праз некалькі дзён пасля гэтага да яго прыехаў барадаты вучоны. Ім быў сённяшні шчыры сябра Рыгора Пятровіча, вядомы ў Беларусі арнітолаг кандыдат біялагічных навук, дацэнт кафедры экалогіі і аховы прыроды ВДУ імя П. М. Машэрава Уладзімір Іваноўскі.

Аказалася, што сваім здымкам Рыгор Пяцько зрабіў літаральна арніталагічнае адкрыццё. Справа ў тым, што ў аб’ектыў фотаапарата трапіла птушаня змеяеда, якога фактычна на Беларусі не сустракалі з 1927 года! З тае пары Уладзімір Валянцінавіч стаў частым госцем Тумілавіцкага краю. Разам з апантаным ляснічым, які ўжо шмат гадоў вядзе дзённікі назірання за прыродай, яны акальцавалі безліч птушак, зрабілі шмат гнёздаў, якія рэдкія віды пер’евых прымалі за жытло, падрыхтавалі апісанні арніталагічнага свету краю. Менавіта ўся гэта велізарная работа дазволіла ў дзевяностыя абгрунтаваць неабходнасць стварэння заказніка.

Ляснічы Рыгор Пяцько. фота

Дзённікі прыроды

Асобны раздзел трэба прысвяціць дзённікам назірання за прыродай Рыгора Пяцько. Быў час прагледзець толькі некаторыя з іх, але чытаць гэтыя сшыткі, напісаныя акуратным почыркам, нават недасведчанаму ў тэме экалогіі і аховы прыроды чалавеку — асалода.

Вось некалькі вытрымак з іх:

10.01.1988 год. «Сегодня с утра лёгкий морозец — 2 °С, подтянуло грязь, воздух менее влажный, тумана нет. Ветер слабый, юго-западный. Сухо, тихо, только снег оставшийся хрустит да ледок на лужицах. Редкое карканье пролетающего где-то далеко ворона так неожиданно и громко, что становится непривычно… Бобры активно питаются: поедают ивняки, растущие у берега реки. Норки охотятся на застывших лягушек и разных жуков. Следы лосей есть везде в наших лесах за рекой… В зимнее многоснежье для лося характерно собираться в становища в наиболее глухих сосняках и питаться в основном сосной и ивой. Сейчас же по следам лосиным, встречающимся в разных местах леса, видно, что они временно перешли на летний режим».

Альбо яшчэ адна сапраўдная знаходка ў 2000 годзе:

«Нашел морошку, о которой говорил мне в прошлом году Ивановский В. В. Плантация находится на границе 10-го квартала и Голубичского лесничества. С севера на юг ширина плантации 20 метров. На восток от квартальной просеки — 7 м, на запад — 18 м. Среди обширного мохового кочковатого болота, поросшего изредка низкорослой сосной 1—2 м высотой… Данная популяция морошки растет среди вереска, мирта болотного, кассандры, мхов. Листья небольшие, 3—5 см в поперечнике. В центре популяция более густая, по периферии растения изредка пробиваются сквозь моховой покров. Видно, вся популяция образовалась из одного растения, корневищами расползается в разные стороны».

Чалавечыя пагрозы

Здавалася б, хто можа пасягаць на прыгажосць Галубіцкай пушчы? На жаль, самую вялікую шкоду ёй можа нанесці чалавек. Многія, ведаючы пра прыгажосць месцаў і вялікі інтарэс да іх Рыгора Пятровіча, звяртаюцца да яго з просьбай правесці экскурсію па заказніку, паказаць і расказаць. Адзін з выпадкаў, які адбыўся шмат гадоў таму, навучыў ляснічага прасейваць ахвотных рэнтгенам жыццёвай мудрасці. Не кожнага чалавека можна пускаць у патаемныя лясныя мясціны. Дык вось, прыехаў неяк да ляснічага малады чалавек, прадставіўся аматарам птушак, папрасіў паказаць, дзе гняздуюцца пэўныя віды. Рыгор Пятровіч не адмовіў. Начлег падарожны захацеў зладзіць на вуліцы, маўляў, дужа ахвочы начной прыгажосцю краю палюбавацца. А раніцою яго след прастыў. Зразумеў ляснічы, што карысны інтарэс меў падарожны, а з аднаго птушынага гнязда зніклі яйкі. Перажывае Рыгор Пяцько і з-за актыўнай чалавечай дзейнасці па торфараспарацоўцы, якая хутка падыдзе да мяжы пушчы. Самае небяспечнае для гэтых месцаў — парушэнне экалагічнага балансу ў раёне заказніка. Каб стабілізаваць гідралагічны рэжым, неабходна будзе пашыраць межы запаветнай тэрыторыі.

Соль зямлі

Як мала ў наш час энтузіястаў, якія па ўласнай ініцыятыве стваралі музеі, збіралі фальклор, шукалі брацкія магілы і ўспаміны сведак розных падзей, ашчадна ставячыся да кожнай пацеркі з аўтэнтычнай нізкі роднага краю… Рыгор Пятровіч з іх плеяды. Яго штодзённая дзейнасць ніколі не межавалася патрабаваннямі кантракта ці працоўнага дагавора. Яна насамрэч добраахвотная. Тумілавіцкая зямля нарадзіла патрыёта з усімі перадумовамі стаць навукоўцам. І ён ім стаў. Не «кабінетным» тэарэтыкам, а навукоўцам-практыкам, ад зямлі, але з глыбіннымі ведамі. І калі кажуць «соль зямлі», гэта пра такіх, як ён, — лепшых сыноў беларускіх. Гонар краю, які нарадзіў такую асобу.


Галубіцкая пушча — гэта мазаічнае спалучэнне лесабалотных, лугавых, балотных і лясных масіваў, а таксама буйных натуральных вадаёмаў, якія знаходзяцца ў водазборным басейне вярхоўяў ракі Бярэзіна. Лясамі пакрыта 60 % тэрыторыі, 18 % займаюць балоты. Ядро заказніка — масівы сфагнавых і пераходных балот, якія размешчаны ў яго паўночнай частцы. Лясы ў асноўным прадстаўлены сярэдняўзроставымі хвойнікамі, у меншай ступені ельнікамі, чорнаалешнікамі, бярэзнікамі. Вельмі рэдка сустракаюцца фрагменты шырокаліставых лясоў. Галубіцкая пушча адносіцца да вярхоўяў ракі Бярэзіны, якая з'яўляецца асноўнай воднай артэрыяй заказніка. Рэчышча яе вельмі звілістае і часта разгалінаванае, багатае на пратокі і невялікія пясчаныя астравы, якія затапляюцца ў паводку. Рака Бярэзіна на тэрыторыі заказніка працякае праз пойменнае возера Медзазол. Другое буйное возера — Межужол — размешчана сярод сфагнавых балот і звязана з Бярэзінай меліяратыўнымі каналамі і ракой Чарніца. Вада гэтага возера характарызуецца нізкай мінералізацыяй і высокай колернасцю. Возера зарастае слаба. У выніку правядзення асушальнай меліярацыі і торфараспрацовак у заходняй і часткова ў паўднёва-ўсходняй частках заказніка гідралагічныя ўмовы тэрыторыі значна трансфарміраваліся. Мясцовыя жыхары на тэрыторыі заказніка збіраюць ягады і грыбы, займаюцца паляваннем і рыбнай лоўляй.
(Паводле інфармацыі Р. П. Пяцько для сайта iba.ptushki.org).


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: