Тут нараджаецца лес

Тут нараджаецца лес

Лесааднаўленне

Алена КАРПУШЭНКА
11.01.2018 Версия для печати

Самі работнікі лясгаса называюць гэты ўчастак работы самым дарагім і каштоўным, што ёсць у лясгасе. Я пра пітомнік у Полцеве, месцы, дзе нараджаецца лес. Той залаты лесааднаўленчы фонд, без якога лясгасу, па вялікім рахунку, няма сэнсу існаваць наогул.

«Чаму месцам прапіскі гадавальніка абрана менавіта Полцева?» — пытаюся ў галоўнага ляснічага Шумілінскага лясгаса Дзмітрыя Падлешчука. На Прыдзвінні, адказвае ён, пясчаная глеба. А гэта дужа прыдатная, можна сказаць, ідэальная для хваёвых дрэў зямля. І сёння пад гадавальнік адведзена пакуль 8 гектараў зямлі. У ідэале лясгасу хацелася б мець да 15 гектараў. Сёлета лясгас папрасіў у мясцовай сельскай гаспадаркі ў арэнду дадатковыя плошчы. Гаспадарка пайшла насустрач. І работнікі лясгаса пасадзілі тут хваёвыя пароды і лісцевыя: дуб, ясень, бярозу.

У гадавальніку ідэальны парадак: усё мае дагледжаны і прэзентабельны выгляд. І гэта дзякуючы майстру Сяргею Басаву — вопытнаму аграному, які ўвесну ўзяў пад сваю ахову і абарону ўчастак. І практычна давёў яго да ладу. Ужо сёлета гадавальнік у Полцеве прайшоў атэстацыю, а гэта дарагога каштуе: значыць, праведзены вельмі маштабны і сур’ёзны комплекс работ. Дапамагаюць Сяргею Басаву з красавіка і па канец кастрычніка ў гадавальніку восем сезонных рабочых. Увесь працэс, можна здагадацца, ручны: пасадка, праполка, прарэджванне, перасадка. Толькі глеба рыхтуецца механізавана. У планах, падзяліўся майстар гадавальніка, — механізаваць ручную працу, дзеля гэтага мараць у самы бліжэйшы час набыць некаторыя прылады.

Галоўны ляснічы Шумілінскага лясгаса Дзмітрый Леанідавіч ПАДЛЯШЧУК і майстар гадавальніка Сяргей Пятровіч БАСАЎ. фота

На ўчастку ўсё робіцца па тэхналогіі, расказвае Сяргей Пятровіч, праводзячы экскурсію па тэрыторыі. Спачатку парасткі трапляюць у пасяўное аддзяленне, дзе жывуць ад аднаго да двух гадоў (залежыць ад гатунку саджанца), пускаюць карані, адаптуюцца. Потым «перасяляюцца» ў школьнае аддзяленне, дзе набіраюць моц і становяцца тым самым матэрыялам, які не страшна адправіць у самастойнае, дарослае жыццё і з якога вырасце сапраўднае дрэва. У кожным аддзяленні прадугледжаны і папар, зямля, якая адпачывае.

У гадавальніку зараз вырошчваюцца елка звычайная еўрапейская, хвоя палепшаная, некалькі відаў ядлоўца. Ведаючы вялікі попыт на лісцевыя, заняліся і іх вырошчваннем.

Гэтая восень была для Шумілінскага лясгаса прыбытковай: ад продажу ў віцебскія і магілёўскія лясгасы хваёвых саджанцаў зарабілі 40 тыс. рублёў. «На наступны год аб’ёмы продажу плануем павялічыць, — прызнаецца галоўны ляснічы Дзмітрый Падляшчук. — Дзеля гэтага так плённа і працуем».

Снег толькі нядаўна прыкрыў тонкім покрывам маладзенькія парасткі. Так ім цяплей, больш шанцаў перажыць зіму, каб увесну парадаваць новым ростам, потым набрацца сіл і адправіцца ў лясы.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: