З Чэрвеньскім лясгасам — да «Сямі крыніц»

З Чэрвеньскім лясгасам — да «Сямі крыніц»

Малая родина

Фота аўтара, Святлана АДАМОВІЧ
15.03.2018 Версия для печати

Каб пазнаёміць цікаўных з прыродным і гістарычным багаццем свайго раёна і не толькі, Чэрвеньскі лясгас Мінскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання прапаноўвае ўсім ахвотным прайсці-­праехаць трыма экалагічнымі сцежкамі — на веласіпедзе (у сезон), аўтобусе ці аўтамабілі. Найцікавейшыя маршруты распрацаваны пры дапамозе Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які размяшчаецца ў Гомелі. А ладзяцца вандроўкі ў цесным супрацоўніцтве з Чэрвеньскім раённым краязнаўчым музеем.

Сцежкі яшчэ толькі абкатваюцца. Па парадзе галоўнага ляснічага Чэрвеньскага лясгаса Віктара Казакова выбіраем самыя важныя аб’екты з першага маршруту пад назвай «Падарожжа да «Сямі крыніц». А ўвогуле, у сезон гэта вандроўка будзе веласіпедна-пешаходнай. Яе даўжыня складае 30 кіламетраў, а працягласць з улікам прыпынкаў — 6 гадзін.

— Нашы турысты ўбачаць унікальныя прыродныя і гістарычныя аб’екты, — з захапленнем тлумачыць Віктар Казакоў. — Маршрут пачынаецца ад доміка паляўнічага, каля якога працякае маляўнічая рэчка Уша. Мы праедзем па панскім шляху, завітаем да палацава-паркавага комплексу Слатвінскіх і касцёла Святога Антонія ў Раванічах. Пастаім ля курганоў, ушануем памяць жыхароў вёскі Дубаўручча, спаленых фашыстамі ў Вялікую Айчынную вайну. Вандроўнікі пабачаць бабровую плаціну і тое месца, дзе калісьці быў хутар Торкава, прыпыначны паляўнічы пункт і камень-валун, даведаюцца, што такое плюсавыя дрэвы і завітаюць да магічнага месца — «Сямі крыніц», якое размяшчаецца ўжо на тэрыторыі Бярэзінскага раёна.

Зрэшты, не будзем раскрываць усе цікавосткі! Пра іх можна даведацца ад спрактыкаванага экскурсавода.

Ну, а мы — намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец, метадыст па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Станіслава Баркоўская і аўтар гэтых радкоў — малым складам накіроўваемся па згаданых аб’ектах і не толькі. Едзем па магілёўцы!

Першы прыпынак — месца адпачынку, створанае лясгасам для ўсіх праезных. Калісьці непадалёк знахо­дзілася сядзіба Іванаўскага лясніцтва. Пра тое нагадваюць яблыні воддаль. А па другі бок увагу ­прыцягваюць пасадкі лістоўніц. Праўда, зараз імі не палюбуешся — голыя дрэўцы.

— А вы ведаеце, чаму лістоўніца на зіму скідвае іголкі? — таямніча цікавіцца Станіслава Баркоўская. — Ёсць такая легенда. Раслі побач кедр і лістоўніца. Апошняя ўвесь час выхвалялася: «Я такая стромкая, у мяне такія зялёныя іголачкі, мною ўсе любуюцца, я такая красуня!» А кедр маўчаў і толькі ціхенька дзівіўся. Аднойчы да іх выйшлі галодныя медзведзяняты. Вельмі яны есці хацелі. Кедр зжаліўся і скінуў ім свае арэшкі. Яны падсілкаваліся і пайшлі задаволеныя. А лістоўніцы стала так сорамна, што яна скінула ўсе іголкі…

Ад’ехаўшы крыху, проста ад заезду для адпачынку кіруем у лес. Там знаходзяцца курганныя насыпы — археалагічныя помнікі дрыгавічоў, якія датуюцца X-XII стагоддзямі!

І пра курганы Станіслава Баркоўская расказвае прыгожую легенду. А пасля апавядае пра іх гістарычнае пахо­джанне. Не пераказваю, а то некаму пасля ­будзе нецікава. Толькі зазначу, што сёлета пры інвентарызацыі, якую сумесна праводзілі супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыя­нальнай акадэміі навук Беларусі, Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея і мясцовага лясгаса, замест 38 курганоў было знойдзена 68! Як аказалася, амаль палова з іх не ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Зрэшты, падчас сёлетняга плаксівага снежня да іх проста не дабрацца, у чым мы і ўпэўніліся на практыцы. Не сезон для наведвання сівых курганоў.

Далей мы зварочваем у вёску Карпілаўку, што знаходзіцца на хутарскай зямлі, праяз­джаем яе, пакідаем машыну і кіруем да крыніцы. Па сведчаннях удзельнікаў садовага таварыства, чые сядзібы размяшчаюцца непадалёк, ваду адсюль бралі ў Мінск на аналіз. І спецыялісты дужа здзівіліся яе чысціні. Толькі, канешне, для таго, каб вазіць сюды вандроўнікаў, трэба добра папрацаваць над абсталяваннем гэтага месца. Пакуль тут толькі імітацыя двух калодзежаў з накрыўкамі ды старая лаўка.

Мікрааўтобус Чэрвеньскага лясгаса пад кіраваннем Аляксандра Русецкага праязджае вёску за вёскай. Наш шлях пралягае да «Сямі крыніц», размешчаных на тэрыторыі Бярэзінскага раёна ля вёскі Крупа. А па дарозе Станіслава Баркоўская паказвае на «правільныя» хаты, у якіх пяць вокнаў: тры ў доўгай сцяне, два — у кароткай. І расказвае чарговую цікавую легенду.

Маўляў, калі пабудаваў чалавек з жонкай сабе першую хату, усё было добра, апрача аднаго: цёмна. Узяліся яны насіць святло рэшатам ды мехам, але толькі замарыліся. Тым часам завітаў да іх падарожны. Папрасілі яны ў яго парады. Той паабяцаў дапамагчы, але пры ўмове, што яны ніколі не кінуць сваіх бацькоў, калі тыя састарэюць. І ў адказ на абяцанне параіў прасекчы дзверы і вокны.

Узрадаваліся муж і жонка, а тады спахапіліся, што не спыталі: а колькі вокнаў трэба? Вырашылі напачатку зрабіць адно ў кароткай сцяне — для Сонца. Пасвятлела, але ненашмат. Тады побач зрабілі другое — для Месяца. Той жа вынік. У доўгай сцяне вырашылі зрабіць акенца для бацькоў. Пасля другое — для сябе. Затым трэцяе — для дзяцей. Так, па легендзе, і выглядала першая «правільная» хата.

Але вось ужо і бачна месца, якое мае назоў «Сем крыніц». Цераз драўляны масток, праўда, не пераедзеш: шмат цяжкай тэхнікі сабралася на другім баку. Ад рабочых даведваемся, што тут мяркуюць зладзіць мост новы, а пакуль робяць аб’езд.

Само месца ўражвае — найпрыгажэйшыя пейзажы, крыж і памятныя камяні, капліца з купеллю… І ўласна сем крыніц з лекавай вадой, якія, выцякаючы з розных месцаў, збіраюцца ў адзін ручай. Тут можна пачуць пра цудоўнае вылячэнне невідушчых і не толькі, а таксама высветліць з параўнальнай табліцы, колькі ў вадзе ўтрымліваецца патрэбных мікраэлементаў і што шкоднага ў ёй — ніводнага міліграма.

Пад’язджаюць сюды на легкавіках, набіраюць вады многа — у бутэлькі, каністры, бочкі ды вёдры. Набралі па бутэльцы вады і мы, пакаштаваўшы яе прама там. Сапраўды, незвычайна мяккай падалася пасля нашай «жалезнай». Для ўсіх вернікаў наведванне «Сямі крыніц» — своеасаблівая паломніцкая вандроўка.

З памятнай дошкі на камені даведваемся, што «капліца з купеллю на сямі крыніцах абсталявана ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Узведзена на ахвяраванні грамадзян, прыватных і дзяржаўных арганізацый. Асвечана Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усёй Беларусі 24.08.2014 года. Мае прыродную і рэлігійна-культурную каштоўнасць, ахоўваецца дзяржавай». Апякуецца ж над ёй храм свяціцеля Мікалая Цудатворца горада Беразіно.

...У вёсцы Раванічы Чэрвеньскага раёна мы наведваем палацава-паркавы комплекс Слатвінскіх і касцёл Святога Антонія 1799 года. Дакладней, тое, што ад іх засталося. Падыхо­джу да будынкаў і, канешне, засмучаюся. Яшчэ крыху больш за дзесяць гадоў таму, калі тут была, разбурэнняў быццам бы было меней. О, бязлітасны час і абыякавыя людзі! Што сталася з нашай агульнай гісторыяй?!
А ўвогуле, добра, што гэтыя помнікі архітэктуры звычайна стаяць у пачатку экалагічнага маршруту. Далейшае наведванне аб’ектаў прыродных павінна крыху сцішыць сум і тугу, якія абавязкова ўзнікаюць у Раванічах.

Застаецца дадаць, што асабіста я ўжо ў чаканні веласіпеднага сезона, калі можна будзе праехацца па гэтым экалагічным маршруце ад пачатку да канца. І асвоіць два іншых, аўтобусна-пешаходных!


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: