Суседзі дзеляцца вопытам

Суседзі дзеляцца вопытам

Міжнароднае супрацоўніцтва

Арина САНДОВИЧ
27.11.2014 Версия для печати

Даўнія сяброўскія сувязі звязваюць лесаводаў Гомельшчыны з іх чарнігаўскімі калегамі. Ужо не першы год у рамках супрацоўніцтва і абмену вопытам праводзяцца плённыя сустрэчы. Вось і нядаўна дэлегацыя Гомельскага ДВЛГА на чале з генеральным дырэктарам Міхаілам Супруном азнаёмілася з асноўнымі напрамкамі дзейнасці ўкраінскіх лесаводаў, якія актуальныя і для нашай краіны: лясныя гадавальнікі, лесавозныя дарогі, падрыхтоўка кадраў і многае іншае.

У час наведвання Гарбачэўскага лясніцтва Асцерскага дзяржаўнага лясгаса яго дырэктар Юрый Краўчук разам са сваім калегам з Асцерскага ваеннага лясгаса Валянцінам Судаком уручылі беларускім гасцям украінскі хлеб-соль і запрасілі агледзець цяплічную гаспадарку, дзе вырошчваюцца сеянцы, саджанцы і дэкаратыўна-садовы матэрыял. Беларускія лесаводы прайшлі экалагічнай сцежкай і з вялікім задавальненнем праехалі па новай, толькі што пабудаванай лясной дарозе ад Гарбачэўскага да Прыдзяснянскага лясніцтва і пахвалілі чарнігаўскіх калег, якія будуюць такія якасныя лясныя дарогі за ўласныя сродкі.
Наведалі гамяльчане і дэндрапарк Дружбы, закладзены ўдзельнікамі Міжнароднага форуму кіраўнікоў лесаводчых прафсаюзаў, які праходзіў на Чарнігаўшчыне ў 2012 годзе, дзе пакінулі аб сабе добрую памяць, пасадзіўшы дрэвы. Затым яны адправіліся ў Іржаўскае лясніцтва. Там іх вельмі зацікавіў мясцовы дослед па вырошчванні саджанцаў дуба ў закрытым грунце. Асабліва беларускіх гасцей уразіла плантацыя лістоўніцы, створаная ў далёкім 1908 годзе!
Нядзіва, што і ў Бераставецкім лясніцтве Барзянскага дзяржлясгаса яны адразу накіраваліся да гадавальніка з дэкаратыўна-садовым матэрыялам, дзе пра свае метады вырошчвання раслін ім расказалі дырэктар Юрый Перапеча і галоўны ляснічы Уладзімір Рыбалка. А на наступны дзень для лесаводаў Гомельшчыны была арганізавана захапляльная экскурсія па старадаўнім княжацкім горадзе Ноўгарад-Северскі з наведваннем вялікага Спаса-Прэабражэнскага сабора. З добрым настроем яны пасля адправіліся ва Узруеўскае і Уладзімірскае лясніцтвы. Асабліва ім спадабалася маляўнічая сядзіба Узруеўскага лясніцтва, якое ўзначальвае Сяргей Шульга, і прыемна ўразілі драўляныя скульптуры інжынера лясных культур Людмілы Шульгі. Карысным стала і знаёмства з дзялянкай эксперыментальных культур, якія вырошчваюцца на высечках 2012 года. Украінскія працаўнікі лясной гаспадаркі правялі ўдалы эксперымент: плошчы елі, якія ўсыхаюць і высякаюцца, яны замянілі на больш цягавітыя лістоўніцы, хвоі Веймутава, бярозы і хвоі звычайныя.
У Сямёнаўскім дзяржлясгасе каля канторы на чале з яго дырэктарам Аляксандрай Дудко выстраіліся ўсе працаўнікі ў парадных касцюмах. Як сапраўдныя гаспадары, яны шчыра і сардэчна сустракалі гасцей з Беларусі. Хлеб-соль гомельскім лесаводам уручылі выхаванцы мясцовага вучнёўскага лясніцтва на вышываным Аляксандрай Дудко ручніку. Гэты дарагі сувенір яна падарыла Міхаілу Супруну. А юныя лесаводы запрасілі гасцей на свой урок «Любіць родную прыроду». Дарослыя селі за парты. Урок пачаўся з украінскай песні.
Напрыканцы Міхаіл Пятровіч прапанаваў разам выпусціць друкаваны альманах аб шматгадовым сяброўстве і дзелавым супрацоўніцтве лесаводаў Чарнігаўшчыны і Гомельшчыны. Прапанова была аднагалосна адобрана.

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: