Якаў Грышанаў аддаў 36 гадоў працы ў лясной гаспадарцы

Якаў Грышанаў аддаў 36 гадоў працы ў лясной гаспадарцы

Несамотныя лёсы

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК
06.04.2017 Версия для печати

Прыгожы дом на ўскрайку Навасёлак, што ў Бялыніцкім раёне, сустрэў мяне гучным кукаваннем зязюлі. І нядзіўна, што гэта птушка заляцела на сядзібу, — лес знаходзіцца за некалькі крокаў. Рукой падаць.

Якаў Грышанаў аддаў 36 гадоў працы ў лясной гаспадарцы. фота— Два дні ўжо тут кукуе, — прыветна ўсміхаецца гаспадыня Ганна Цярэнцьеўна Грышанава. — Не іначай, як доўгага веку нам зычыць, бо з мужам ужо 55-годдзе сумеснага жыцця адзначылі.

— Карэспандэнтка да нас прыехала! — радасна адгукаецца, пачуўшы нашу размову, яе муж, Якаў Іванавіч, былы ляснік і герой майго аповеду. Ён запрашае мяне ў светлую палову хаты, і позірк адразу ж спыняецца на зялёным форменным адзенні лесніка, апошніх выпусках «Белорусской лесной газеты» і раённай газеты, беражліва сабраных у акуратны стосік на стале.

36 гадоў свайго жыцця Якаў Грышанаў аддаў працы ў лясной гаспадарцы і нават цяпер, ужо ў паважаным узросце, цікавіцца ўсімі навінамі з гэтай сферы.

— Любоў да лесу прыйшла нечакана, — расказвае Якаў Іванавіч. — У маладосці вельмі падабалася сталярнічаць. У былым калгасе імя Леніна працаваў у цяслярнай брыгадзе. З ­1951-га па 1954 год праходзіў тэрміновую ваенную службу ў паветрана-дэсантных войсках. На маім рахунку 24 скачкі з парашутам і шматлікія падзякі за ўзорную службу.

Кар’еру ваеннага Якаў Грышанаў працягваць не захацеў, вярнуўся ў родную вёску. Праз нейкі час яму прапанавалі пасаду лесніка, але выдатнага сталяра доўга не адпускаў старшыня калгаса. Дапамог выпадак. Кіраўніка гаспадаркі накіравалі на курсы павышэння кваліфікацыі ў Горкі, а за гэты час Якаў Іванавіч праўдамі і няпраўдамі звольніўся з калгаса.

Служба па ахове лясных масіваў прыйшлася па душы. Стараннага лесніка ў хуткім часе сталі ставіць у прыклад. Прозвішча яго доўгі час займала пачэснае месца на Дошцы гонару Магілёўскага лясгаса, шмат разоў быў адзначаны як лепшы па прафесіі, узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства лясной гаспадаркі БССР і Вярхоўнага Савета Беларусі.

Якаў Іванавіч адказна адносіўся да сваіх абавязкаў. Быў строгі, але справядлівы. І ніколі не адмаўляў у дапамозе тым, хто да яго звяртаўся. Разам са сваім верным спадарожнікам, матацыклам «Мінск», накруціў многія тысячы кіламетраў па лясных сцежках. Якіх толькі жывёл не пабачыў! Аднойчы трактар касіў на ўзлеску траву, і пад вострыя нажы касілкі трапіла маленькае казулянятка. Якаў Іванавіч прывёз небараку дадому, разам з жонкай пачалі выходжваць яго. У хуткім часе дзікі госць паправіўся.

Парушальнікі баяліся строгага лесніка. Вельмі хутка ён іх знаходзіў. А ў гэтай хуткасці і вялікага сакрэту не было, таму што сам, калі працаваў сталяром, часта здабываў для сябе драўніну незаконным спосабам.

— Аднойчы агледзеў у лесе два свежыя пні, — успамінае Якаў Грышанаў. — Хто гэта зрабіў, вылічыў адразу. Заходжу да яго на двор — так і ёсць, ляжаць дровы. Гаспадар кінуўся насустрач з сякерай. Але ён не ведаў таго, што я валодаю прыёмамі самаабароны, якія выдатна асвоіў падчас вайсковай службы. Абясшкодзіць незадачлівага злодзея было справай некалькіх хвілін. Аднак пакуль паведаміў пра выпадак у лясніцтва, пакуль прыехала машына, каб забраць украдзенае, дровы нечакана зніклі з падворка. Але я іх усё ж такі знайшоў і канфіскаваў.

…Жыццё, накукаванае Якаву Іванавічу шчодрай зязюляй, адлічвае ўжо 86 год. З іх 55 — у моцным сямейным саюзе з жонкай Ганнай Цярэнцьеўнай. Вырасцілі дваіх дзяцей, сына і дачку, дапамаглі падняць на ногі чатырох унукаў. Зараз радуюцца тром праўнукам. Раней трымалі вялікую гаспадарку, а цяпер сіл хапае толькі на некалькі вулляў з пчоламі. Працалюбівыя насякомыя, як расказвае Якаў Іванавіч, сталі сапраўдным падарункам з нябёсаў якраз на яго дзень нараджэння — вялізны рой пчол прыляцеў аднекуль на падворак. Цяпер смачным мёдам частуюць гаспадары сваіх родных і блізкіх.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: