Планета Міхаіла Высоцкага

Планета Міхаіла Высоцкага

Прафесія — егер

Фота з асабістага архіва, Фёдар ГУРЫНОВІЧ
05.09.2019 Версия для печати

Шмат у якіх кутках роднай Салігоршчыны ды і ў многіх суседніх раёнах пабываў я за паўвека сваіх паляўнічых вандровак. З многімі егерамі, што ­выдатна знаюць сваю справу, пазнаёміўся. А нядаўняе паляванне ў Ганцавіцкім раёне падаравала яшчэ адну ­незабыўную сустрэчу з цікавым чалавекам.

Мы, а гэта Сяргей Купчэня, бацька і сын Гарбацэвічы і аўтар гэтых радкоў, у дамоўленае ўрочышча прыкацілі, калі ўжо абмякла і не злым стала вячэрняе свяціла, а вяхіры пакідалі зерневы клін і ляцелі ў бліжні лес на седала. Толькі прымасціліся каля століка-кацёлкі, каб напіцца гарбаты з мясцовымі паляўнічымі, як пад’ехаў егер. Ён адразу ўзяўся афармляць пуцёўкі, а мне і прыемна, і сумнавата было з таго, што сярод васьмярых жадаючых здабыць казулю быў я самы старэйшы: ужо больш за паўвека нашу паляўнічы білет.

Коля Гарбацэвіч пад’ялдыкваў мяне за «мухабойку» — такім агідным слоўкам ганьбіць ён гладкаствольныя стрэльбы. Я абараняў сваю іжаўку тым, што дзікоў яна здабыла не менш, чым Мікалаеў «вінтарэз». Але як маю двухстволку, так і сынаву дваццатку «карабінер» лічыць зброяй несур’ёзнай, а спрачацца з ім, што ваяваць з ветраным млынам.

Тым часам, запоўніўшы дакументы, распарадчык палявання размеркаваў кожнага стралка на сваё месца.

— А мы з вамі, — звярнуўся Міхаіл Мікалаевіч да мяне, — накіруемся ў Лісічае, там я не раз козліка прыкмячаў.

Хвілін за дзесяць Купчэня падвёз нас да змрочнага альшаніку, і мы пайшлі сырым берагам канавы, абіваючы з-за вушэй камароў і зрэдку перашэптваючыся. Скошаны луг, пакульгваючы, перабегла ліса.

— Вясной страляў па ёй, далекавата, праўда, на метраў дзвесце, але ж лапу пацягнула.

Міхаіл цвёрда ўпэўнены, што рыжай не месца ў паляўнічых угоддзях, што ад яе бяда і птушкам, якія выводзяцца на зямлі, і малым зайчукам. У мяне свой пункт гледжання на Патрыкееўну: лічу яе выдатным трафеем і ўзімку гатовы гадзінамі поўзаць па снежным полі за кумой, што палюе на мышэй.

Рыхтуючыся на начлег, дзесьці блізка закурлыкалі ў тонкія трубы журавы. Нечакана мой праваднік зашаптаў: «Вунь тройца!» Шчыра кажучы, мне падумалася, што ён заўважыў «трубачоў». Прыклаўся да бінокля: козы — маці з блізнюкамі. Раптам чацвераногае сямейства распачало такія скокі, даганялкі, выкрунтасы, што не захапіцца гэтым відовішчам было немагчыма. Малыя насіліся адно за адным, падбрыквалі, высока выкідваючы заднія ножкі. Дзіцячы імпэт раздзяляла і казуля, увесь час трасучы вушамі. І незразумела было, ці то тройца радуецца ціхаму вечару, ці такім чынам ратуецца ад крывапіўцаў.

Перайшлі на пакінуты луг, абрамлены канавамі ў зарасці лазы, і Міхаіл тузануў мяне за рукаў: «Вунь той рагач, пра якога я гаварыў». Ён стаяў па самую шыю ў некашы метраў за сот­ню і ўважліва назіраў за намі. А праз хвіліну рэзка скочыў уверх і, схаваўшыся ў зацені лазняку, абразіў нас хрыплым «брэхам».

Егеру не цярпелася паказаць мне ласіныя саланцы; гэтыя цыліндры каменнай солі конусаподобна былі вылізаны сахатымі. І Міхаіл Мікалаевіч цвердзіў і радаваўся таму, што ласіны статак з кожным годам расце. Я, было, яшчэ паспрабаваў ціхенька прайсці паўз канаву з надзеяй, што козлік высунецца на гала, але зрабіць гэта звер не наважыўся.

Выйшлі на дарогу, калі зусім ужо змерклася. Матавым свячэннем поўня ахапіла ўсё наваколле, і яно здавалася нейкай незнаёмай планетай, пакрытай алюмініевым бляскам. Злева шырока цягнулася аўсянае поле, справа роўнай цёмнай сцяной стаяла кукуруза. Верылася, што вось-вось загудуць у ёй дзікія кабаны, зарохкаюць чушкі, пранізліва завішчыць парася. Не, стаяла непарушная ціша, нібы мы і на самай справе трапілі на далёкую, безжыццёвую планету.

— Шкада, не стала ў нас дзікоў, — быццам разгадаўшы маю думку, заўважыў Міхаіл. — Незабыўныя ўражанні аб экстрэмальным паляванні засталіся хіба што ў памяці стралкоў; многа грошай страцілі паляўнічыя гаспадаркі. Але ж дзяржаве відней.

Егер уздыхнуў, і незразумела было, ці ён падтрымлівае знішчэнне дзікіх свіней, ці шкадуе аб гэткай пастанове спраў. Дарога ў нас была не з блізкіх, начніка я не меў, і цяпер гаварыць нам можна было ўголас.

Міхаіл Мікалаевіч Высоцкі нарадзіўся ў вёсцы Шашкі Ганцавіцкага раёна. Не споўнілася немаўляці і месяца — загінуў бацька. Таму, калі Міша падрос, шмат чаго з вялікай гаспадаркі легла на яго плечы. А работы на двары хапала: карова, свінні, гусі, куры — і ўся жыўнасць есці просіць, дагляду патрабуе. Маці працавала на ферме, Міхаіл нярэдка дапамагаў ёй і тут. У той час на ферме яшчэ было шмат коней, і хлопчык усёй душой палюбіў гэтых працавітых, паслухмяных і вельмі разумных жывёлін. Ён і сёння памятае, як акрайцам хлеба з далоні карміў каня па клічцы Гром, як той удзячна пафыркваў, а ў яго вільготных цёмных вачах, здавалася хлопчыку, блішчэлі слёзы радасці. Запомніўся і Буланы. Міша абганяў на ім бульбу. Ён падыходзіў да стрыножанага канякі, гладзіў яго па замшавай мордзе, атрэсваючы назойлівую заедзь, расчэсваў грыву; і Буланы з нецярпеннем чакаў, пакуль яздок здыме з ног пута.

Пасля васьмігодкі юнак паступіў у Баранавіцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча, атрымаў спецыяльнасць токара. Працаваў у Баранавічах, пасля ў родным калгасе. Хата Высоцкіх стаяла пры самым лесе. Вясной адтуль чуўся не толькі пошчак драздоў ды перасвіст заранак, але і цецеруковае чуфыканне. І нейкая няясная трывога агортвала Мішавы пачуцці. І хаця сярод яго радні «стрэльбаносцаў» не было, пасля службы ў войску ён «захварэў» азартам Дыяны. Хутчэй за ўсё, паляўнічы запал, што да пары драмаў у хлапчуковым сэрцы, абудзіў Вало­дзя Крысюк, якому Высоцкі нярэдка заганяў шаракоў. Праўда, перш чым атрымаць членскі білет паляўнічага, Мішу год давялося зноў хадзіць з сабакамі ў загоншчыках. Але затое якой радасцю свяціліся яго вочы, калі з Віцебска прывёз сваю першую стрэльбу-паядынку ІЖ-18!

А першымі трафеямі, вядома ж, былі качкі, зайцы, цецерукі. О, як мармыталі, як шыпелі скрозь красавіцкае туманне гэтыя малінавабровыя прыгажуны ў сталёва-сініх латах, з белымі падхвосцямі-хрызантэмамі! Смалянымі карчамі ў байцовых позах сядзелі яны на паляне, зрэдку сыходзіліся, счэпліваліся ў бойцы, і тады на расталую зямлю ляцела лёгкае пер’е. А к зіме забіякі збіваліся ў соценныя чароды і жылі мірна і спакойна.

Многа цікавых гісторый звязана ў Высоцкага менавіта з касачамі. Аднойчы, калі ён ужо працаваў егерам, прыехаў на Ганцаўшчыну ў пошуках паляўнічага шчасця паляк Збігнеў. Яшчэ й шэры досвітак не заняўся над такавішчам, як адзін з чарнышоў спланіраваў прама на скрадок. Смешна, неяк па-пеўневаму схіляючы галаву, ён стаў заглядваць унутр будана. Жартаўлівы паляк склаў лодачкай і падняў над галавой даланю:

— Во, — зашаптаў, — зараз ён нам «чарвякоў» насыпле.

Аднойчы з суседняй дзяржавы ў Агарэвічы, дзе зараз сям’я Высоцкіх жыве, наведалася цэлая брыгада — палякі, вядома ж, па дамоўленасці з лясгасам і за нядрэнныя грошы, лавілі цецерукоў для свайго нацыянальнага парку. На шасціметровыя пруты яны нацягвалі сеткі, агульная даўжыня якіх складала цэлы кіламетр. Чарнышы ляцелі з балота на кармавыя палі і траплялі ў гэтыя лавушкі. У двары Высоцкіх стаяла палатка з зернем, журавінамі, вадой, дзе некалькі дзён жылі птушкі, перш чым адправіцца ў Польшчу ў скрынях, сценкі якіх былі абабіты воўнай. Гэта для таго, каб перасяленцы не параніліся. Як пасля паведамілі лаўцы, усе 18 цецерукоў атрымалі новую прапіску.

Адзін з палякаў, Стэфан, да чаго ўжо быў цікаўным! Ён агледзеў Мішава жытло, усе гаспадарчыя пабудовы, крокамі абмераў прысядзібны ўчастак.

— Усё пан сам скляпаў?
— Так.
— А які ў пана заробак?
— 150 даляраў.
— То ў тыдзень?
— Не, за месяц.

Госць з недаверам пакруціў галавой, яшчэ раз абмераў соткі і агарод, а пасля падышоў да гаспадара і, паляпваючы яго па плячы, хітравата ўсміхнуўся:

— Але ж і мафіёзі ты, Міхаіл.

І дарэмна было яму тлумачыць, што ў свой час працаўнікам лясгаса драўніна адпускалася па смешнай цане.

У лясгас Міхаіл Мікалаевіч прыйшоў у 1991 годзе, і яго егерскі стаж набліжаецца ўжо да трыццацігоддзя. Многа замежных гасцей-паляўнічых прыняў ён за гэты час: галандцы, датчане, французы, іспанцы… Кожны з іх марыў здабыць глушца. У тым, што зараз і глушцоў, і цецерукоў у Ганцавіцкім раёне стала ў разы менш, у першую чаргу віна гаспадарчай дзейнасці чалавека. Раней, як мы ўпаміналі ўжо, лес быў за матчынай хатай, а зараз да яго ісці ды ісці. Дзікія свінні таксама ўнеслі ў зніжэнне колькасці гэтых птушак сваю лепту. Але ж зараз не стала і саміх дзікоў. Высоцкі аб гэтым вельмі шкадуе, бо яго любімае паляванне з лайкамі адышло ў нябыт. А мо з цягам часу ўсё стане на свае месцы? Дай Бог!

Выхадных у Міхаіла Мікалаевіча амаль няма. Як сам гаворыць, ён чалавек паднявольны. А паляўнічых угоддзяў у лясгасе вунь колькі — больш за 41 тысячу гектараў. Справа ж егера — не толькі арганізацыя палявання, а ў першую чаргу ахова і біятэхнія. Вядома ж, і выкананне плана: Высоцкі выконвае яго з месяца ў месяц. Гэта добра разумеюць і яго калегі, і сябры-паляўнічыя — Андрэй Амельяновіч, Сяргей Бруй, Аляксандр Кірэйчык, Уладзімір Локтыш, ды і сам дырэктар лясгаса Ігар Шыйч таксама паклоннік старажытнай багіні Дыяны. Вялікая адказнасць за агульную справу нясе інжынер па паляўнічай гаспадарцы Вадзім Сойка, які, дарэчы, з’яўляецца зяцем Высоцкага.

Многа ўвагі і часу ў лясгасе ўдзяляюць барацьбе з ваўкамі. Як толькі выпадае пароша — егеры на матацыклы і гайда высочваць сляды шэрых драпежнікаў. Высачыць і асцяжкаваць звяроў — занятак не з простых. Тым не менш за год тут здабываюць каля дзясятка ваўкоў. Амаль паўтара дзясятка іх на рахунку самога Міхаіла Мікалаевіча.

Неяк раз шалёная ваўчыца кінулася на яго аўтамабіль. Яна дастала зубамі люстэрка з боку вадзіцеля, пасля пачала грызці пярэдні нумар, нават клык зламала. За гэты час Высоцкі паспеў выцягнуць карабін з чахла і паставіць кропку. Аднойчы ён ішоў з двухстволкай усцяж канавы. Быў страшэнны снегапад. Раптам маладая лаечка, што шныпарыла ў яго паперадзе, кінулася ў ногі, і шэрсць у яе на карку ўстала тарчма. Літаральна за пяць крокаў быццам з-пад зямлі выраслі чатыры ваўчыныя постаці. Вецер дзьмуў на паляўнічага, і звяры нават не ўцямілі, адкуль грымнуў выстрал. Тры ваўкі кінуліся назад, а падранены ваўчына, шчоўкаючы зубамі, поўз на стралка. Яго спыніў другі стрэл.

Па тэлефонным званку на ваўчынае паляванне да Высоцкага заўсёды тэрмінова гатовы выехаць яго сябар з Баранавіч Рэнат Карымаў.

Мішава абранніца Жанна даўно змірылася з тым, што муж дома бывае рэдка: ён чалавек дзяржаўны, да таго ж вельмі нераўнадушны. І ведае яна яго што свае пяць пальцаў. А ці даўно было тое, як пазнаёміліся на танцах у Агарэвіцкім клубе. Сама Жанна Іванаўна — завуч школы ў роднай вёсцы. Так, ці даўно было яно, тое іхняе вяселле, а ўжо ўнучцы ў кастрычніку ­шэсць гадоў будзе і ў снежні два — унучку. Хутчэй за ўсё, ён таксама стане паляўнічым, бо прыкладам для яго будуць і бацька, і дзядуля.

Напрыканцы аповеду пра майго новага знаёмага хачу адзначыць, што ў сваім лесе Міхаіл Мікалаевіч ведае кожную звярыную сцяжынку, кожную паляну, лагчынку, кожнае дрэва, кожнае птушынае гняздо. Лес — гэта яго прызванне, жыццё, калі хочаце. Лес — гэта яго планета.

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: