«Для вас, крылатыя сябры!»

«Для вас, крылатыя сябры!»

Прырода і мы

Алена ГРОМАВА, Фота аўтара
07.01.2021 Версия для печати

Задумка зрабіць у час пандэміі кармушкі для птушак з’явілася ў калектыву ДУА «Яслі-сад № 7 горада Беразіно», які заклікаў да гэтай высакароднай справы бацькоў і дзяцей. 

Аксана БУЛГАК з прысмакамі ля самай шыкоўнай драўнянай птушынай кармушкі. фота

Ідэя трансфармавалася ў акцыю «Пакармі птушак». Згодна з ёй бацькам разам з дзецьмі прапанавалася змайстраваць кармушкі для маленькіх крылатых сяброў. 

— Вітаць у сябе птушак для нас і нашых дзяцей звычайная справа, — заўважае загадчыца дзіцячага садка Аксана Булгак. — Самыя шматлікія з іх — сінічкі ды верабейчыкі. Бывае, наведваюцца дразды, а іншы раз можна паназіраць за чырванагрудымі снегірамі. 

На тэрыторыі дзіцячага садка пракладзена экалагічная сцежка, маецца тут і свой невялікі яблыневы сад. А нядаўна на дрэвах установы з’явілася некалькі арыгінальных кармушак для птушак. 

— Наша ідэя сустрэла гарачы водгук практычна ва ўсіх дзяцей і бацькоў, — задаволена ўсміхаецца Аксана Пятроўна. — Гэта вельмі прыемна, калі бацькі з’яўляюцца для сваіх дзетак выдатным прыкладам шчодрасці і неабыякавасці да навакольнага свету, дабрыні і клапатлівых адносін да маленькіх крылатых істот і ўвогуле да прыроды. Кожная птушыная «сталовая» нібы сапраўдны шэдэўр фантазіі і майстэрства. 

Канечне, самыя экалагічныя і даўгавечныя тыя, што зроблены з драўнянай дошкі. А ёсць кармушкі зусім незвычайныя, «пабудаваныя» з самага разнастайнага матэрыялу: папяровых скрынак з-пад малочных прадуктаў і сокаў, пластыкавых бутэлек, кардонных каробак і нават са спецыяльных элементаў металічных запчастак. Усе кармушкі маюць дах і борцікі, каб корм не засыпала снегам і не здувала ветрам, прадугледжаны і адтуліны, каб птушкі маглі лёгка заляцець і вылецець. 

— Зараз галоўнае — штодзень папаўняць кармушкі ежай, — дадае Аксана Пятроўна, — таму наша дзятва цяпер выходзіць на прагулку са жменькамі круп і зерня. А такія прагулкі на свежым паветры яны чакаюць з яшчэ большым нецярпеннем і цікавасцю. І ў садок цяпер бягуць не толькі да сваёй выхавальніцы, а і да сваіх маленькіх крылатых сяброў. Для нас жа важна, каб дзеці далучаліся да добрых спраў разам з бацькамі, цікава і карысна бавілі час у сваіх сем’ях і не сумавалі ў пандэмію!


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: