Полцеўскі гадавальнік пашырае межы і асартымент

Полцеўскі гадавальнік пашырае межы і асартымент

Пульс отрасли

Фота аўтара, Алена КАРПУШЭНКА
25.06.2020 Версия для печати

У Полцеўскім гадавальніку, які належыць ДЛГУ «Шумілінскі лясгас», зараз гарачая пара. У кіраўніцтва лясгаса і майстра Сяргея Басава планаў і задач на сезон-2020 шмат. Разам з брыгадай рабочых (на сезон працаўладкаваны пяць лесаводаў і адзін механізатар) ён шчыруе на давераным яму ўчастку. 

Галоўны ляснічы Шумілінскага лясгаса Дзмітрый ПАДЛЯШЧУК і майстар гадавальніка Сяргей БАСАЎ аглядаюць пасадкі елкі еўрапейскай. фота

Актыўныя работы ў гадавальніку пачаліся ў сакавіку з рэалізацыі пасадачнага матэрыялу. Саджанцы бралі на веснавую пасадку як свае лясніцтвы, так і калегі з Суражскага і Глыбоцкага доследнага лясгасаў. Па падліках Сяргея Пятровіча, суседзям было рэалізавана 220 тыс. штук хвойных парод — пераважна елкі еўрапейскай. Свае лясніцтвы высадзілі 300 тыс. хвойных і 40 тыс. ліставых. 

— Як перазімавалі культуры? — пытаюся ў майстра. — Зімы ж сапраўднай не было. 

— Дуб перазімаваў. Хвойныя таксама перанеслі зіму добра. Захворваемасці не назіраецца — восенню апрацавалі саджанцы фунгіцыдамі. 

У майстра Сяргея Басава, вопытнага агранома з 32-гадовым стажам, усе работы вядуцца строга па тэхналогіі. У красавіку падкармілі азотнымі ўгнаеннямі. На некаторых плошчах правялі вапнаванне даламітавай мукой. Пасля — хімпраполку гербіцыдамі супраць пустазелля. Зрабілі ўжо і другую падкормку. 

Вельмі дарэчы для гэтых работ прыйшлася машына для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў, якую лясгас набыў зімой. Таксама да сезона-2020 былі закуплены глебаапрацоўчы камбінаваны агрэгат для рыхлення і выроўнівання і самазвальны прычэп для работы ў гадавальніку. Засталося толькі пасадачную машыну прыкупіць — і тэхнікай гадавальнік будзе забяспечаны як мае быць. Хутчэй за ўсё, сёлета атрымаецца, спадзяецца майстар. 

Вяліся вясной і пасяўныя работы. У пачатку мая ў пасяўное аддзяленне былі высеяны 0,59 га сасны звычайнай і 0,82 га елкі еўрапейскай, з якіх мяркуюць атрымаць не менш за 3,7 млн штук сеянцаў. 

Пашырае гадавальнік асартымент лясных культур. У прыярытэце хвойныя пароды, яны займаюць 70 % плошчы. Але, калі ёсць попыт, павінна быць і прапанова. Таму ўпершыню шумілінскія лесаводы сабралі шышкі лістоўніцы. Перапрацавалі, атрымалі 700 грамаў насення, яго і высеялі. Заняліся кедрам і піхтай, насенне якіх таксама сабралі самастойна. Усходы піхты ўжо з’явіліся. Цяпер Сяргей Басаў шмат увагі ўдзяляе догляду за маладымі парасткамі. 

Гадавальнік, відавочна, разам з пашырэннем асартыменту пашырае і свае межы. Да першапачатковай плошчы 8 га, якую займаў гадавальнік доўгі час, увосень афіцыйна дадаліся землі ААТ «АграБаравінка» — 6 га. Так што ўсяго атрымалася 14 га. З іх пад папарам знаходзіцца 4,6 га, астатняе занята рознымі ляснымі культурамі. Вялікую ўвагу надаюць папаравым палям, якія засяваюць сідэральнымі культурамі. У прыватнасці, зараз у гадавальніку 2,6 га папару засеяна рэдзькай маслічнай, што ўзбагаціць глебу біягумусам.

Па падліках Сяргея Басава, у школьным аддзяленні вырошчваецца 1,3 млн штук хвойных (2017—2020 гг. пасадкі), у пасяўным (2018— 2019 гг. пасадкі) — 600 тыс. штук хвойных і 90 тыс. штук ліставых (пераважна дуба) парод. 

Некалькі гадоў таму Шумілінскі лясгас узяў кірунак на вырошчванне культур з закрытай каранёвай сістэмай, па перадавым польскім вопыце. І зараз у касетах высеяна 17 тыс. штук ясеня звычайнага. Для гэтых мэт пераязджаюць паціху ў Полцева цяпліцы, якія дагэтуль знаходзіліся на тэрыторыі лясгаса. Адна ўжо зманціравана з восені, дзве будуць перавезены летам. У іх плануюць шумілінскія лесаводы вырошчваць сасну звычайную і ліставыя культуры. Такая тэхналогія дасць магчымасць скараціць плошчы, тэрміны вырошчвання і аблегчыць догляд, бо цяпліцы будуць полікарбанатныя, аснашчаны аэразольнай сістэмай паліву. 

Словам, Полцеўскі гадавальнік набірае сілу, працуе на перспектыву. На яго тэрыторыі ўкараняюцца новыя тэхналогіі, сістэма паліву, кампасціравання, пашыраюцца пасевы сасны, елкі і іншых лясных культур. Гадавальнік поўнасцю забяспечвае патрэбы не толькі лясгаса, але і рэалізуе прадукцыю насельніцтву, у іншыя раёны і нават вобласці. 

Да гонару шумілінскіх лесаводаў, Полцеўскі гадавальнік знаходзіцца ў вобласці на чацвёртым месцы (з 16 гадавальнікаў). Калі браць рэйтынг па краіне, за апошнія два гады гадавальнік Шумілінскага лясгаса з 36-га месца падняўся на 24-е (у краіне 73 гадавальнікі). І ў гэтым, вядома, немалая заслуга калектыву, за гэтым — штодзённая карпатлівая і нялёгкая праца. 

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: