Таямніцы Цёмных Лядаў

Таямніцы Цёмных Лядаў

Старонкі гісторыі

Святлана ЖЫБУЛЬ, Фота аўтара
05.09.2019 Версия для печати

Як прыгожа і паўнацэнна ­жывуць людзі пенсійнага ўзросту, захоўваючы маладосць і актыўную пазіцыю, можна падзівіцца, пабыўшы ў садаводчым таварыстве «Лясное», што размешчана ва ўрочышчы Цёмныя Ляды на Стаўбцоўшчыне. Гэта таварыства чыгуначнікаў утварылася ў 1988 годзе.

Калі сюды прыехалі дачнікі, ім патрэбна было пачынаць з нуля: знайсці ў лесе крыніцу, каб вёдрамі насіць ваду для паліву першых пасадак, і наогул прызвычаіцца жыць у лясным без выгод цывілізацыі месцы. Аднак самае яркае ўражанне ў іх пакінулі знаходкі, калі пачалі капаць падмуркі. Было шмат камянёў ад ранейшых пабудоў, якія тут стаялі, вымалі з зямлі рэшткі глінянага посуду, гільзы і іншы рыштунак ваеннага часу. У скла­дзе дачнікаў — людзі нераўнадушныя. Яны сталі весці даследаванні, і аказалася, што Цёмныя Ляды — гэта ўрочышча, цесна звязанае з жыццём і дзейнасцю Якуба Коласа.

Тамара Катлабай (на фота) расказвае, як уразіла іх сям’ю, што менавіта на іх участку стаяла некалі, у пачатку ХХ стагоддзя, лясная камора, ці леснічоўка, — жыллё ляснога аб’ездчыка, старэйшага брата Якуба Коласа. Пасля смерці свайго бацькі, палясоўшчыка Міхаіла Міцкевіча, Уладзімір заступіў на пасаду стражніка Альбуцкага абходу. Тут прыпыніўся Якуб Колас, калі быў у складаных жыццёвых абставінах у час вядзення следства. ­Ёсць звесткі, што ў гэты час паэт вучыў мясцовую дзятву ў школе, якая мясцілася ў доме лесніка. Тут ён напісаў свой першы верш пад псеўданімам Якуб Колас — «Беларусам». Аб Цёмных Лядах яскрава расказана ва ўрыўку Коласавай трылогіі «На ростанях». А яшчэ ў фондах філіяла Літаратурна-мемарыяльнага музея захаваліся два мастацкія палотны, на якіх адлюстраваныя гэтыя мясціны з пабудовамі таго часу.

Без перабольшвання можна сказаць, што паклікаў нас у дарогу цікавы артэфакт — авальны нагрудны знак «Лясны аб’ездчык», выдатна выкананы, матэрыял якога не сапсавала стагоддзе. Год назад яго знайшла на сваім агародзе, капаючы бульбу, дачніца Таццяна Брылевіч і перадала ў філіял Коласавага музея.

Знаёмства з дачнікамі пакінула прыемнае ўражанне. У ліку іх ёсць такія актывісты, як Віктар Паўлаў, майстар на ўсе рукі Міхаіл Палаўкоў і іншыя, намаганнямі якіх выкананы адметныя праекты. Аднак прыярытэт старшынства і заслуг тут усе аддаюць Віктару Якаўлеву. Менавіта ад яго ішлі цікавыя ініцыятывы, якія гуртам падтрымалі дачнікі.

Напрыклад, разам з работнікамі Акінчыцкага лясніцтва вычысцілі ад усяго непатрэбнага прылягаючы лясны масіў, які знаходзіцца побач з чыгуначнай станцыяй. І жывы арганізм — лес — не запазніўся аддзячыць за гэты клопат. Прама за агароджамі ўчасткаў сталі расці грыбы, ягады, цвісці лячэбныя кветкі. Арганізавалі раздзельны збор бытавых адходаў. Для гэтага прыстасавалі старую габарытную бытавую тэхніку — скарыстаныя халадзільнікі, пральныя машыны. Над кожнай ёмістасцю размясцілі шыльды — шкло, метал, пластык, папера. Назначылі чалавека, які сочыць тут за парадкам. Заключылі дагавор са Стаўбцоўскім аб’яднаннем камунальных службаў і па патрэбе выклікаюць перасоўны закупачны цэнтр камунальнай службы для здачы другаснай сыравіны. Атрыманыя грошы ідуць на патрэбы таварыства.

Дачнікі даўно сябру­юць з леснікамі Акінчыцкага лясніцтва Стаўбцоўскага лясгаса. Выйшлі ў гэтым годзе на Тыдзень лесу і разам высадзілі ў лясным масіве тысячу новых саджанцаў сасны, елкі, бярозы. Вясною непадалёку леснікі збіраюць бярозавы сок, а дачнікі яго ахоўваюць.

Пасля ажыццяўлення такіх, так бы мовіць, бытавых праектаў, у іх узнікла ідэя ўвасаблення маштабнага плана па ахове Коласавай спадчыны. Ёсць паразуменне са Стаўбцоўскім лясгасам аб супрацоўніцтве. Лясгас ужо мае клопат пра чатыры помнікі гісторыі, якія размешчаны на тэрыторыі ляснога фонду. Новы Лясны кодэкс замацоўвае за ляснымі гаспадаркамі абавязак захавання помнікаў гісторыі і культуры.

Падзвіжнікі садаводчага таварыства прапану­юць аб’яднаць намаганні ўлад, гісторыкаў, настаўнікаў і ўсіх, хто па абавязку сваёй дзейнасці і па клічу сэрца нераўнадушны да культурнай і гістарычнай спадчыны роднага краю, стварыць экскурсійную праграму ў Цёмных Лядах, акрэсленую коласаўскай тэматыкай. Тут ёсць што паказаць і аб чым расказаць вучнёўскай моладзі і наогул усім турыстам.
У Цёмных Лядах праходзіла брукаванка Кацярынінскага тракту. Вядома месца, дзе стаяла смалярня. З пнёў спілаванага лесу і іншых адходаў радзівілаўскія леснікі варылі шкіпінар і дзёгаць, на чым зарабляліся грошы. У лесе б’юць прыродныя крыніцы. Іх толькі трэба ажывіць, пачысціць, добраўпарадкаваць.

А самай вялікай каштоўнасцю з’яўляецца радзівілаўская алея лістоўніц, якой больш за 100 гадоў. Некалі тут знахо­дзіўся радзівілаўскі гадавальнік, саджанцы экзатычных дрэў куплялі багатыя людзі з Еўропы. Экскурсіі на працягу года могуць быць пешыя, веласіпедныя, лыжныя. Дачнікі гатовы ­быць і экскурсаводамі, а таксама аберагаць каштоўнасці, што яны выконва­юць ужо і цяпер на працягу многіх гадоў.

Ініцыятыўныя людзі дачнага кааператыва заклікаюць да супрацоўніцтва раённую арганізацыю БРСМ і ўсіх іншых неабыякавых да спадчыны роднага краю людзей. З афіцыйнага дазволу адпаведных структур можна будзе пачаць расчыстку крыніц, іх тут шмат. Для гэтага патрэбны валанцёры. Спецыялісты даюць гарантыю, што можна аднавіць і возера, якое тут было, дзе вадзіліся водныя птушкі. Акінчыцкае лясніцтва ахвотна пацвярджае сваю згоду аказаць патрэбную дапамогу.

Яўген Шавель, які нядаўна заступіў на пасаду загадчыка філіяла Літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, паспеў ужо падружыцца з ініцыятыўнымі членамі дачнага кааператыва і ўключыўся ў іх справу па аднаўленні Коласавай спадчыны ў Цёмных Лядах.
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: