Водгук старых падзей

Водгук старых падзей

Старонкі гісторыі

Фота аўтара, Васіль ЗЯНЬКО
03.10.2019 Версия для печати

80 гадоў назад, у далёкім 1939 годзе, адбылося яднанне заходняй часткі Беларусі, якая ў той час уваходзіла ў склад Польшчы, з БССР.

Час памаленьку зацірае памяць аб гэтай падзеі. Нават калі спытаць многіх стаўбчан, асабліва моладзь, чаму адна з вуліц носіць назву 17 Верасня, не заўсёды можна пачуць грунтоўны адказ. У той жа час многія з гонарам засведчаць, што Стоўбцы былі прыгранічным горадам з заходняга боку і што па яго чыгуначных шляхах хадзілі цягнікі Пекін — Парыж.

Сапраўды, восемдзясят гадоў ад падзеі ў віхурнасці часу — адрэзак немалы. Аджылі ці аджываюць многія старажылы — прамыя сведкі гэтай гістарычнай падзеі.

Падчас знакавай даты захацелася пабыць там, дзе праходзіла дзяржаўная граніца, якая раздзяляла не толькі тэрыторыі дзвюх дзяржаў, але і два супрацьлеглыя сацыяльныя ўклады.

Няспешная хада па прылесавай сцяжыне ў роздумах, успамінах і параўнаннях ландшафтных змен ад вёскі Зарэчча — маёй малой радзімы прывяла на хутар Баркаўшчына, што на мяжы Стаўбцоўскага і Дзяржынскага раёнаў. Гэты тэрытарыяльны падзел тады і быў міждзяржаўнай граніцай.

З польскага боку на ўзгорку пры лесе, бліз блакітнай запруды, у якую малюнкава глядзеўся чырвонакаменны млын, стаялі дзве хаціны, дзе жылі сем’і двух братоў — Гаўрыілы і Міхася Печанко, а недалёка на ўсходзе праз дымку блакітных туманаў далягляду і калючы дрот праглядваліся шэрыя дахі сялібы — савецкай вёскі Ліўе.

Сёння ўвесь былы ландшафт непазнавальна зменены, ахутаны ляснымі засенямі. Саснова-яловая сцяна шчыльна закрыла прагляд, схавала вясковае жыллё. Няма і запруды, млына, нават яго рэшткаў. Нямымі сведкамі часу засталіся толькі векавая разлапістая сасна пры сядзібе ды ёмістыя валуны, што грувасцяцца пры вузкім мосце цераз бруістую і вельмі сцюдзёную Ліўянку, якая напорыста прабіваецца праз лес і лугавінныя хмызнякі, а пасля, выпрамленая меліяратарамі, бяжыць напрасткі далей, да такой жа імклівай і сцюдзёнай Сулы. Водамі іх і поўніцца Нёман.

А вось хаціны, узведзеныя па-гаспадарску, да гэтай пары з бурштынавай жывіцай на сценах, стаяць. Адчуваецца, што, да прыкладу, Гаўрыіл Печанко, які доўгі час у мінулым стагоддзі працаваў лесніком, ведаў толк у будаўнічым матэрыяле. Бачна, хацелася яму жыць годна. Тым больш што прыйшлося, як кажуць, спаўна панюхаць баявога пораху, будучы кулямётчыкам пры вызваленні Польшчы, ваяваць у логаве фашызму — Германіі. Быў узнагароджаны медалём «За ўзяцце Берліна».

Памятаецца, што ў яго абходзе быў элітны, так званы ў нашых вяскоўцаў казённы лес — стромкі, «карабельны» сасоннік, што ўзвышаўся над густым, а ў летнюю пару сінюткім ад чарніц долам.

Да гэтай ягаднай плантацыі ад Зарэчча праз лес нават напрасткі шлях быў няблізкі і ўтомны, але спакуса хутка сабраць вядро-другое буйных чарніц, а пасля завезці ў Мінск, прадаць на Камароўцы, падмацаваць мізерны калгасны заробак таго часу перамагала стому хады многіх вяскоўцаў. Сюды на падсочку жывіцы хадзілі на працу зноў жа многія жыхары шматлікіх прылясных хутароў.

— Граніца была вунь там, за плотам, за елкамі, — кіўнула кіем Лія Печанко, якая зараз з сястрой Валянцінай жыве тут у бацькоўскім доме. — Ты і сам добра ведаеш, дзе што было. Калючы дрот пагранічнай паласы ішоў упоперак Ліўянкі, прама праз запруду.

У бяседзе з Ліей міжволі заўважыў невялікі скрутак дроту-калючкі на драўляным слупку, часцінку таго калючага дроту, які раздзяляў дзяржавы, і ўспомніў, што гэтым дротам у былых прыгранічных вёсках яшчэ да нядаўняга часу былі агароджаны ад патраў жывёлы прысядзібныя надзелы. Вяскоўцы хутка зарыентаваліся і прагматычна прыстасавалі былыя гранічныя калючыя ўмацаванні для гаспадарчай, мірнай справы.

Прыгранічную паласу, якая напрасткі ішла праз лес у кірунку Рубяжэвіч, ва ўсе часы і да гэтай пары завуць пасам. Сёння яго былая стромкая роўнядзь — проста лясная дарога. Недалёка ад паса, метраў за дзвесце, была «стражніца» — польская застава — невялікія пабеленыя каменна-цэментная казарма, гаспадарчая пабудова з канюшняй, склеп. Побач знаходзіўся брусверны міні-цір. На «стражніцу» ў нядзелю нярэдка заглядвалі хутаране, каб абмяняць яйкі ці штосьці з малочных прадуктаў на мыла, запалкі, газу. У гэты ж час з-за мяжы, з савецкага боку, даносіліся гукі музыкі, армейскія песні. Часам здалёк бачны былі трактар ці машына, чаго, акрамя добрых коней, не было ў палякаў.

Завідкі, думкі, як добра, весела жывецца людзям на савецкай старане, у некаторых маладых асоб бралі безрассудны верх. Перайшоўшыя мяжу, яны бясследна знікалі на неабсяжных прасторах.
Увесь перыметр польскай заставы, дарожкі былі абсаджаны ёлачкамі, рабінамі, кустамі шыпшыны, у тым ліку і прасторная да нядаўняга часу так званая салдацкая дарога, якая ішла праз лес паралельна пагранічнаму пасу. Па ёй ездзілі на пагранічную вахту польскія стражнікі.

Усе назвы — «стражніца», пас, салдацкая, роў — выкарыстоўваюцца мясцовымі жыхарамі ў арыентацыі на лясной мясцовасці і зараз.

Па расказах бацькоў, яднанне прайшло ціха, без стрэлаў і кравапраліцця, проста па вясковай вуліцы раніцай 17 верасня з усходам сонца новага дня праехалі аўтамашына з савецкімі армейцамі і пара коннікаў.

Як аказалася, польскія стражнікі ціха, ляснымі сцежкамі пасля папярэджання сваімі лазутчыкамі загадзя пакінулі кардон і спешна з’ехалі на захад. Новы дзень адкрыў шлях для новай гісторыі, новых надзей і падзей.
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: