Добры след

Добры след

Судьба

Фота аўтара, Таццяна ІГНАЦЕНКА
04.01.2020 Версия для печати

Сядзіба Івана Окунева ў вёсцы Слабадзішча адрозніваецца асаблівай акуратнасцю, дагледжанасцю. Прычым гаспадар 4 студзеня адзначыў ужо 90-годдзе. Павіншаваць Івана Мяфодзьевіча прыехалі намеснік дырэктара ДЛГУ «Лёзненскі лясгас» Юлія Дземянцей і галоўны ляснічы Аляксандр Мінаеў, бо 36 гадоў ветэран прысвяціў працы ў лясной гаспадарцы. Быў лесніком, а калі трэба і вальшчыкам. Стараннай працай пакінуў добры след і заслужыў павагу ў калектыве.

Радасна ўсміхаючыся гасцям, запрашае ў дом, які некалі пабудаваў сваімі рукамі. Прасторны, на чатыры пакоі. Замест шпалераў сцены пад самую столь абабіты самаробнай вагонкай.

— Так вось, па-асабліваму, зрабіць мы вырашылі разам з жонкай, — гаворыць юбіляр. — Атрымалася добра, светленька, зверху пралакіравалі яшчэ. Жылі і радаваліся. Толькі дзесяць гадоў ужо, як няма маёй спадарожніцы — Любові Міхайлаўны. Крыху раней страцілі старэйшага сына Уладзіміра, быў ваеннаслужачым на аэрадроме ў горадзе Канатопе. Калі прыязджаў у водпуск да нас, усё майстраваў што-небудзь з драўніны.

Фігуркамі жывёл, міфалагічных істот упрыгожаны сцены бацькоўскай хаты. А яшчэ вялікі разьбяны набор для кухні: некалькі дошак, хлебніца, паліцы і вешалкі для апалонікаў і іншага — яго падарунак маці. На стале і сценах у рамках партрэты родных, дарагіх і любімых. Фотаздымкаў няшмат, але яны — самае каштоўнае для Івана Мяфодзьевіча, што будзіць успаміны аб шчаслівым мінулым.

А было ў жыцці і такое, што не дае спакою да сённяшняга дня, мроіцца па начах. Гэта падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія жахліва адлюстраваліся ў памяці адзінаццацігадовага хлопчыка. Да таго Ваня паспеў скончыць толькі тры класы ў суседняй вёсцы Арцёмава. Жылі тады на хутары Разумоўшчына. У бацькоў было пяцёра сыноў і дачка.

— Матуля мая, Праскоўя Аляксееўна, была зусім непісьменная, — успамінае ­субяседнік. — Бацька, Мяфодзій Антонавіч, працаваў у калгасе пастухом. І мяне ўзяў у падпаскі. А тут вайна.

Памятае Іван Мяфодзьевіч, як праз вёску ішлі калоны вайскоўцаў і тэхнікі, як адступалі параненыя савецкія салдаты, а за імі цягнуліся падстрэленыя коні. Як на ўзлеску чулася раскацістае «Ура!», а потым хавалі загінуўшых, і было іх вельмі шмат. Перад вызваленнем немцы вельмі лютавалі. Сям’я Окуневых уратавалася ў лесе, а сябрук Вані Паўлік Свістуноў з маці засталіся ў хаце і згарэлі зажыва, бо ўсю вёску ворагі спалілі, нічога не засталося.

— Потым на папялішчы суседзі і маці мая сабралі ў скрыню іх абгарэлыя костачкі і пахавалі. Бацьку прызвалі на фронт адразу пасля вызвалення, хаця ён меў дрэнны слых. Служыў кулямётчыкам. Некалькі разоў быў паранены, і пасля чарговага ранення ва Усходняй Прусіі вярнуўся дадому. Пра баі расказваць не хацеў, відаць, цяжкія былі тыя ўспаміны. На яго вачах гінулі хлопцы — другія нумары яго кулямётнага разліку. Самога аднойчы ад варожых куль уратаваў тэрмас з ежай для байцоў, які ён цягнуў на сабе, калі папаў пад абстрэл. Пасудзіна была зрашэчана, але сам застаўся жывы.

Сям’ю Окуневых вывезлі разам з іншымі пагарэльцамі ў Дзямідаўскі раён, які не так пацярпеў ад вайны. Там ім далі прытулак. Але зведалі іншага гора — даймаў голад. Ніколі не забыць, як елі ліпавыя пупышкі і таўкачыкі, затым шчаўе і іншую зеляніну. Адзенне знасілася, новага не было дзе ўзяць. Хадзілі басанож, трывалі боль ад цыпак. Калі вярнуліся ў Слабадзішча, спачатку жылі ў зямлянцы, спалі на яловым лапніку. Затым пачалося аднаўленне вёскі, бацька цяслярыў, ад яго навучыліся і сыны. Браты Івана пазней параз’ехаліся, а ён так і застаўся на малой радзіме. Тры гады служыў у арміі дэсантнікам. Горад Пскоў спазнаў з вышыні, удзельнічаў у святочных парадах, цікава было. Вярнуўся ў вёску і вырашыў спачатку пабудаваць дом, затым ствараць сям’ю, хаця на прыкмеце ўжо была дзяўчына — Люба Атрошчанка, якая працавала даяркай у калгасе. Адбылося, як спланаваў, пражылі разам больш за 50 гадоў, выгадавалі двух сыноў і дачку. Жонка была рукадзельніца: сама прала, вязала і шыла для ўсёй сям’і.

Па словах Івана Мяфодзьевіча, у лясную галіну ён трапіў выпадкова. Неяк нарыхтоўвалі ад калгаса дровы для мясцовай бальніцы. Калі ў канторы Лёзненскага лясніцтва атрымлівалі грошы за работу, тагачасны ляснічы В. С. Ходзікаў прапанаваў яму працу, пасадзейнічаў, каб адпусцілі з калгаса. Так з 1956 года і да выхаду на заслужаны адпачынак ён і шчыраваў на карысць лясной гаспадаркі. Спрытна ўпраўляўся з бензапілою, брыгадаю рабілі зрубы жылых дамоў на продаж, займаліся вырабам садовых домікаў. Сіл ніколі не шкадаваў. Памятае многіх, з кім давялося працаваць, кіраўнікоў, што мяняліся разам са зменамі раённай структуры лясгаса. З захапленнем расказвае пра цікавых людзей, якія працавалі тады. Сярод іх творчая сям’я памочніка ляснічага Канстанціна Бондарава, да таго ж добрага мастака, і майстра лесу Галіны Сухаруцкай, якая складала вершы. А іх сын Аляксандр стаў музыкантам. Сяброўскія адносіны з імі захоўваліся яшчэ доўга.

Іван Мяфодзьевіч лічыць: жыць — значыць працаваць. Нялёгкая праца ў лесе, акрамя таго, пастаянна, і да нядаўняга часу, дома была вялікая гаспадарка. Трымалі па дзве каровы, каня, свіней, авечак. Два гады толькі, як гаспадар збыў апошнюю бурую. Каля дома калодзеж, так атрымалася, што адзіны ў вёсцы і цяпер такі неабходны. А калі пачынаў яго капаць, шмат было насмешак. Навошта, маўляў, калонкі ж працуюць. Але час пацвердзіў, што не дарэмна. Яшчэ ферма існавала, калі вежа выйшла са строю, і па ваду з бітонамі ехалі да Окуневых.

Гаспадар жыве адзін, стараецца самастойна сябе абслугоўваць. Па некалькі палачак дроў прынясе да печы, вадзіцы свежай, нягледзячы на тое, што дзеці з Віцебска ў выхадныя звычайна бываюць тут і ва ўсім дапамагаюць. Дачка Ніна наводзіць парадак у доме, сын Алег займаецца іншымі гаспадарчымі справамі. Наведваюць і ўнукі, ёсць адна праўнучка. У буднія дні — паходы да аўтамагазіна і паштовай машыны, абавязковае праслухоўванне навін па радыё і чытанне перыёдыкі.

Амаль кожны дзень тэлефануюць яму сястра Марыя і брат Васіль з Лёзна. Іван Мяфодзьевіч, параўноўваючы розныя часы, перажытыя ім, робіць выснову, што жыццё зараз добрае, толькі трэба старацца і шмат працаваць.

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: