Лясныя кіламетры Леаніда Бразоўскага, ці з «Беларусам» адносіны свойскія

Лясныя кіламетры Леаніда Бразоўскага, ці з «Беларусам» адносіны свойскія

Твае людзi, лес!

Святлана ЖЫБУЛЬ
18.02.2021 Версия для печати

Пасля знаёмства з Леанідам Бразоўскім я думаю аб тым, што не ўсім патрэбна вучыцца ва ўніверсітэтах, не ўсе створаны для высокіх навук. Ёсць людзі простага лёсу і простых характараў, якія ў вачах Божых нічым не ўступаюць самаму вучонаму чалавеку. 

У характарыстыцы, падрыхтаванай кіраўніцтвам Стаўбцоўскага лясгаса і ідэалагічнай службай для прадстаўлення да ўзнагароды трактарыста па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Кляцішчанскага лясніцтва Леаніда Бразоўскага Ганаровай граматай Мінскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, маю ўвагу звярнула тое, што Леанід Станіслававіч быў удастоены раней Граматы Міністэрства лясной гаспадаркі. Гэта было ў 2017 годзе, калі прыйшлося прыкласці неймаверныя намаганні па распрацоўцы ветравальна-бураломных лесасек. Леанід Бразоўскі быў камандзіраваны ў Смалявіцкі раён для такога дэсанту, у ходзе якога даводзілася працаваць у вельмі складаных умовах і дэманстраваць вялікую сілу волі, вытрымку, ахвярнасць і высокі прафесіяналізм. 

У студзеньскія дні Леанід Бразоўскі святкаваў свой 60-гадовы юбілей. Ад ляснічага Кляцішчанскага лясніцтва Яўгена Герасімчыка, памочніка ляснічага Алены Нікалаенка я пачула шмат добрых слоў, сказаных з любоўю ў адрас Леаніда Бразоўскага. Яго характарызуюць як адказнага працаўніка, высокага прафесіянала, добрага ўраўнаважанага вясковага чалавека, які карыстаецца аўтарытэтам сярод калег і аднавяскоўцаў. 

У Стаўбцоўскім лясгасе Леанід Станіслававіч працуе 18 гадоў, і ўвесь час на тэхніцы. Аднак з лясной галіной у яго звязана больш за 40 гадоў працоўнага жыцця. Раней у вёсцы Кляцішча дзейнічаў леспрамгас. У гэтай арганізацыі працаваў яго бацька Станіслаў Іванавіч, брат Вячаслаў. І сам Леанід Станіслававіч пайшоў у леспрамгас адразу пасля школы. Пасля службы ў арміі вярнуўся на сваё рабочае месца. Навыкі вадзіцеля і трактарыста атрымаў у Бабруйску, у спецыялізаванай лесатэхнічнай школе. І бацька, і брат, і ён сам працавалі на велікагрузных кузаўных МАЗах, бацька — і на кране. Так што з тэхнікай у Бразоўскіх адносіны «свойскія». І роўных ім па беражлівых адносінах да механізмаў цяжка знайсці. 

Калі леспрамгас быў расфарміраваны, Леанід Станіслававіч застаўся працаваць у сваёй вёсцы, толькі цяпер у мясцовым лясніцтве. Увесь гэты час ён на сваім «Беларусе» тралюе лес. Бываюць участкі вельмі складаныя, недаступныя, як перад сёлетнім новым годам пад Рудняю. Каб справіцца з задачай, патрэбна майстэрства. 

На маё пытанне, а ў чым найбольшыя складанасці, Леанід Станіслававіч гаворыць, што зімою ў маразы — завесці трактар. Сёлета ў час калядных маразоў слупок тэрмометра ў Кляцішчах у адзін з дзён апускаўся да 26 градусаў. Але ў гэты час Леанід Станіслававіч быў у чарговым адпачынку, і яго мінулі гэтыя праблемы. Адпачываў і яго «Баларус»: Леанід Бразоўскі — адзіны трактарыст на тралёўцы ў лясніцтве, так што падменных яму няма. 

Наіўным для яго прагучала маё пытанне, мо ён сам і тэхніку рамантуе? 

— А хто ж? Не будзеш рамантаваць, не будзеш і ездзіць, — заключыў ён. 

Кіраўніцтва лясніцтва асобна адзначыла старанні Леаніда Бразоўскага па доглядзе тэхнікі, яго беражлівыя адносіны да яе. Гэта дазваляе трактарысту не марнаваць час, выконваць і перавыконваць даведзеныя дзённыя нормы. З вялікай павагай да яго адносяцца маладыя працаўнікі, прыклад яго жыцця і адносін да работы для іх — добрае настаўніцтва. Леанід Станіслававіч і сам не прамінае сказаць добрае слова пра моладзь. Выдатна характарызуе дзелавыя якасці, адносіны да работы, да падначаленых ляснічага Яўгена Герасімчыка. З сардэчнай радасцю назірае за стараннямі маладога трактарыста Мікалая Капціловіча. Для старэйшага пакалення, хто ўсё сваё жыццё прысвяціў аднаму калектыву, вельмі важна адчуваць такую апору, у чые надзейныя рукі і нераўнадушныя сэрцы можна перадаць любімую справу. 

Акрамя асноўных абавязкаў трактарыста-тралёўшчыка, ёсць у Станіслава Бразоўскага і яшчэ такое даручэнне. Ён многія гады задзейнічаны на тушэнні пажараў. Да яго трактара чапляецца бочка з вадою. Ці трэба казаць, якая павінна быць унутраная гатоўнасць у чалавека да такіх экстрэмальных сітуацый. У Кляцішчанскім лясніцтве на працягу апошніх 10 гадоў удавалася ўберагчы лес ад пажараў, а вось суседнім лясніцтвам даводзіцца штогод дапамагаць у барацьбе са знішчальным агнём. Летась вельмі складаныя дні Леаніду Бразоўскаму прыйшлося перажыць у тушэнні пажару ля возера Кромань. Барацьба з агнём — вялікая рызыка, патрэбна прыкласці шмат сіл, практыкі, уменняў, напругі, каб справіцца з вогненнай стыхіяй. 

Пакуль прайшоў чарговы адпачынак Леаніда Бразоўскага, сонца больш смела павярнула на вясну, дзень пабольшаў, надвор’е палагаднела, хоць і з’явілася іншая праблема: адышлі маразы — настала непагадзь, і лясныя дарогі сталі больш недаступнымі. Кожную раніцу руплівец вось так сустракаецца са сваім трактарам і адпраўляецца на лясныя кіламетры.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: