Там дрэва ажывае пад рукамі майстра

Там дрэва ажывае пад рукамі майстра

Творчасць

Фота аўтара, Святлана МАГІЛЕЎЧЫК
10.09.2020 Версия для печати

Днямі на базе ДЛГУ «Бялыніцкі лясгас» адбыўся конкурс-пленэр разьбяроў па дрэве «Разьбы замілаванне».

Удзельнікі і пераможцы конкурсу-пленэру. фота

Удзел у ім прынялі восем майстроў з Магілёўскага, Горацкага, Глускага, Бялыніцкага, Касцюковіцкага, Чэрыкаўскага, Чавускага і Краснапольскага лясгасаў Магілёўскай вобласці. Многія разьбяры прывезлі з сабой ужо гатовыя работы і зладзілі імправізаваную выставу. Падчас спаборніцтва майстрам была пастаўлена задача: за два дні з кавалка дрэва выразаць гатовы выраб альбо скульптурную кампазіцыю на любую тэму. Па задумцы, частка драўляных шэдэўраў упрыгожыць парк адпачынку «Ліпавы гай» у Бялынічах, а другія ўвойдуць у канцэпцыю добраўпарадкавання адміністрацыйных аб’ектаў лясгаса.

Хоць тэматыка стварэння драўляных вырабаў была вольная, большасць майстроў прысвяцілі свае творы святу — Дню беларускага пісьменства. Адметна і тое, што двое разьбяроў — ураджэнцы Бялыніччыны. Ігар Бяляўскі (на фота) нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі Вішоўскага сельсавета. Працуе ён у Магілёве, а апошнія некалькі гадоў жыве ў бацькоўскай хаце. Па яго словах, на малой радзіме лепш дыхаецца і працуецца. Свой занятак, які напачатку быў проста хобі, пераняў ад дзеда. Той быў адмысловым цесляром.

Яшчэ адзін малады майстар, Мікалай Аляксееў з вёскі Заполле, распавёў, што разьбой па дрэве заняўся выпадкова. Проста паглядзеў, як гэта робіцца ў Iнтэрнэце, а потым паспрабаваў вырабіць садовую скульптуру з дрэва сам. Зараз для яго разьба па дрэве больш як хобі, але ён не выключае, што яна перарасце ў штосьці больш сур’ёзнае.

За час правядзення конкурсу майстры пасябравалі паміж сабой, дапамагалі адзін аднаму парадамі і дзяліліся вопытам.

Судзейскай камісіі ў складзе начальніка аддзела аховы і абароны лесу Магілёўскага ДВЛГА Генадзя Францікава, вядучага інжынера паляўнічай гаспадаркі гэтай жа арганізацыі Дзмітрыя Панцялеева, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Бялыніцкі лясгас» Юліі Кудравец, інжынера па лесааднаўленні лясгаса Ганны Будкевіч і аўтара гэтых радкоў было даволі цяжка вызначыцца з пераможцам. Кожны конкурсны выраб атрымаўся ўнікальным, з асаблівым почыркам майстра. У выніку заслужанай перамогі ўдастоіўся майстар з Краснаполля Андрэй Ганчарэнка (на фота). Яго работа — лавачка з кнігай і савой і вядомай беларускай прымаўкай: «Жыццё жыві — жыццё вучыся», выразанай на лаўцы, аднагалосна была прызнана лепшай.

Другога і трэцяга месца ўдастоіліся работы адпаведна Віктара Давыдава з Касцюковічаў і Дзмітрыя Віцько з Чэрыкава. Пераможцы атрымалі дыпломы і наборы электраінструментаў у якасці прызоў, усе астатнія ўдзельнікі — за­ахвочвальныя падзякі і сувеніры ад ДЛГУ «Бялыніцкі лясгас».
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: