У новы год — з Багародзіцай

У новы год — з Багародзіцай

Вера і традыцыі

Дыякан Мікола ГРАКАЎ
28.12.2017 Версия для печати

Ва ўсім свеце людзі радасна сустракаюць Новы год. Што супольнага ў гэтага вясёлага святкавання з хрысціянствам, аб чым мы молімся на пачатку новага года, а таксама, якія рэлігійныя ўспаміны адзначаем у першым месяцы каляндарнага года, — пра гэта пойдзе гаворка ў нашым матэрыяле.

Абраз Святой Сям’і. фота

Новы год — любімае свята многіх дзяцей і дарослых у розных частках свету. З навагоднімі святамі звязаныя шматлікія традыцыі і звычаі, розныя ў розных народаў. Напэўна, сярод найбольш важных атрыбутаў Новага года ў нас лічацца навагодняя елачка, прыгожа прыбраная бліскучымі цацкамі, рознакаляровымі гірляндамі і свечкамі-лямпачкамі, Дзед Мароз са Снягуркаю, падарункі і святочнае застолле: праводзіны старога і сустрэча новага года. Для большасці Новы год — сямейнае свята, якое прынята адзначаць у коле найбліжэйшых людзей. Здаецца, што агульнага мае адзначэнне Новага года з нашаю вераю? Аднак тут ёсць над чым паразважаць.

Вядома, што звычай распачынаць новы год з 1 студзеня з’явіўся яшчэ ў Старажытным Рыме ў часы Юлія Цэзара, які напрыканцы свайго панавання ўвёў новы каляндар. Гэтым календаром, так званым юліянскім, да гэтага часу карыстаецца Праваслаўная царква, а Каталіцкая царква напрыканцы XVI стагоддзя перайшла на новы, больш дакладны з астранамічнага пункту гледжання каляндар, што ад імені тагачаснага папы Грыгорыя ХІІІ, які яго афіцыйна ўвёў, называецца грыгарыянскім. На сённяшні дзень розніца паміж двума гэтымі календарамі складае 13 дзён. У Беларусі, як і ў большасці краін свету, афіцыйным грамадзянскім календаром з’яўляецца грыгарыянскі, і паводле яго 31 снежня — апошні дзень каляндарнага года, а 1 студзеня адзначаецца дзяржаўнае свята — Новы год, што з’яўляецца днём, вольным ад працы.

Елка і батлейка на плошчы святога Пятра ў Рыме. фота

31 снежня ў каталіцкай традыцыі называюць днём Сільвестра, таму што ў гэты дзень адзначаецца ўспамін святога папы Сільвестра, які жыў у IV стагоддзі і ўшаноўваецца як у Каталіцкай, так і ў Праваслаўнай царкве. У мінулы раз, гаворачы пра свята Божага Нараджэння, мы заўважылі, што гэта ўрачыстасць святкуецца восем дзён — на працягу так званай актавы, — а распачынаецца вігіліяй увечары напярэдадні. Нагадаем, што слова «вігілія» лацінскага паходжання, якое азначае «начное чуванне», а таксама вігілійную вячэру, якая напярэдадні Божага Нараджэння традыцыйна складаецца з посных страў. На заканчэнне актавы Божага Нараджэння, што прыпадае акурат на першы дзень новага года, а менавіта ў ноч Сільвестра, існаваў звычай ладзіць у дамах так званую тлустую вігілію, або тлустую куццю, якой завяршалі святкаванне калядных свят. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў гэта тлустая куцця пераважна ў мяшчанскім асяроддзі гарадоў ператварылася ў свята сустрэчы Новага года. Такім чынам, як бачым, адзін з галоўных атрыбутаў навагодніх свят — святочны стол — першапачаткова быў звязаны з рэлігійнымі традыцыямі і святкаваннем Божага Нараджэння.

Таксама ўпрыгожаная цацкамі, гірляндамі і свечкамі елачка прыйшла на навагоднія святы з калядных традыцый святкавання Нараджэння Хрыста. Даследчыкі сцвярджаюць, што гэты звычай узнік у сярэдневяковай Германіі, хоць, напэўна, мае ранейшае паходжанне і звязаны з райскім дрэвам пазнання дабра і зла, пра якое згадваецца на пачатку першай кнігі Бібліі — кнігі Быцця. Гэта дрэва было атрыбутам калядных містэрый — лялечных тэатральных прадстаўленняў, батлеек, якія, акрамя сцэн Нараджэння Хрыста і звязаных з ім падзей, у даступнай для простых людзей сцэнічнай форме прадстаўлялі таксама багаслоўскі сэнс прыйсця ў свет Божага Сына, а менавіта, што Ён прыйшоў збавіць чалавечы род, нашчадкаў Адама і Евы, якія з моманту першароднага граху знаходзіліся пад уладаю граху і смерці. Першародны грэх — гэта спакуса Адама і Евы ў райскім садзе, калі хітры і зласлівы змей спакусіў першых людзей пакаштаваць плод з райскага дрэва пазнання дабра і зла, хоць гэта было выразна забаронена Богам. Як з райскага дрэва чалавек прыняў смерць, так з дрэва крыжа, на якім памёр Хрыстос, Збаўца свету, ён атрымаў дар збаўлення і вечнага жыцця. Вечназялёная елка або хвоя, упрыгожаная калісьці яблыкамі, а ў наш час — шарамі, што сімвалізуюць плод з райскага дрэва, стала сімвалам вечнага жыцця, якое вярнуў людзям Ісус Хрыстос — сапраўдны Бог, які стаў чалавекам у беднай бэтлеемскай стаенцы.

Малітва аб адзінстве хрысціян у мінскім кафедральным касцёле. фота

Зорка і свечкі, што ўпрыгожваюць нашу елачку, а таксама рознакаляровыя феерверкі — гэта сімвалы цудоўнай зоркі, якая заззяла над Бэтлеемам у момант нараджэння Хрыста і прывяла да тых ясляў, у якія Яго паклала Дзева Марыя, трох Вешчуноў — мудрацоў з Усходу, што прынеслі Божаму Дзіцяці свае каштоўныя дары: золата, кадзіла і міру. Менавіта гэтыя дары трох мудрацоў сімвалізуюць бліскучыя елачныя цацкі, якімі мы з такім клопатам і стараннасцю ўпрыгожваем елачкі ў нашых дамах. Такім чынам, калі мы ўзгадаем, што і казачны навагодні Дзед Мароз з падарункамі — гэта «нашчадак» вялікага сябра дзяцей, шчодрага святога Мікалая, або Санта-Клауса (пра якога таксама ішла гаворка ў нашым папярэднім матэрыяле), для нас стане цалкам відавочна, што навагоднія святы, па сутнасці, выводзяцца з каталіцкіх калядных традыцый і з’яўляюцца вясёлым і каляровым завяршэннем святкавання Божага Нараджэння.

Канечне, няма нічога кепскага ў прыгожай традыцыі сустракаць Новы год за святочным сталом у сямейным коле. Тым не менш існуе прыгожы звычай увечары апошняга дня года збірацца ў касцёле на асаблівае набажэнства падзякі за пражыты год. Падчас гэтага набажэнства мы дзякуем Богу за ўсе атрыманыя на працягу мінулага года дары, просім у Яго прабачэння за нашыя правіны, грахі і занядбанні, а таксама звяртаемся да Яго з малітваю, каб Ён благаславіў сваёю ласкаю таксама наступны год. Гэта набажэнства завяршаецца ўрачыстым благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам — Эўхарыстыяй, змешчанай у спецыяльнай дараносіцы — манстранцыі (на здымку), якой святар апоўначы робіць знак крыжа на чатыры бакі свету. Гэта прыгожае набажэнства збірае ў касцёлах вялікую колькасць вернікаў, якія сустракаюць Новы год не з бакалам шампанскага ў руках, а з малітваю на вуснах і з Божай любоўю ў сэрцы. Менавіта такая стрыманая і пабожная сустрэча Новага года становіцца таксама праяваю павагі да пачуццяў нашых праваслаўных братоў і выразам нашай салідарнасці з імі, паколькі ў гэты час яны перажываюць строгі Піліпаўскі пост, духоўна рыхтуючыся да свята Божага Нара­джэння, якое адзначаюць па юліянскім календары (прыпадае на 7 студзеня, ужо пасля Новага года па грыгарыянскім календары), а таму не могуць сабе дазволіць удзелу ў гучных навагодніх забавах, а таксама абавязаны пазбягаць скаромнага пачастунку і алкаголю. І гэта — той рэальны ўнёсак, які кожны з нас можа зрабіць у высакародную справу адзінства хрысціян, пра што яшчэ пойдзе гаворка ніжэй.

Навагодняе благаслаўленне на чатыры бакі свету ўдзяляе папа Францішак. фота

Сёлета 31 студзеня адзначаецца таксама свята Святой Сям’і: Ісуса, Марыі і Язэпа. Хоць Язэп не быў біялагічным бацькам Ісуса, якога Марыя зачала ад Святога Духа, захаваўшы цнатлівасць дзявоцтва, аднак ён аддана, самаахвярна і верна клапаціўся пра Божае Дзіцятка і Яго Маці, стаўшы выдатным зямным татам для нашага Збаўцы. Прыклад Святой Сям’і з’яўляецца дасканалым узорам для пераймання для ўсіх хрысціянскіх сем’яў і нагадвае нам пра тое, што сям’я — гэта вялікая Божая таямніца, у якой повязямі любові двое злучаюцца ў адзінае цэлае, становячыся, па словах самога Хрыста, «адным целам» (пар. Евангелле паводле Мацвея, раздзел 19, верш 6). У сучасным свеце свята Святой Сям’і — важнае сведчанне і напамін пра тое, што сям’я — гэта непарыўны і адзіны да смерці саюз мужчыны і жанчыны, адкрыты на нараджэнне патомства; сапраўдны вобраз адзінства Хрыста і Яго Царквы. Ніякі іншы «саюз» асобаў, пра якія мы, на жаль, усё часцей чуем апошнім часам, не можа называцца сям’ёй, бо гэта супярэчыць не толькі нормам маралі, але і натуральным законам чалавечай прыроды. Акрамя таго, у сувязі з вялікай лічбай разводаў у нашай краіне і ў свеце, гэта свята нагадвае нам, што сям’я — гэта непарыўная еднасць. Як сказаў сам Ісус Хрыстос: «Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае» (пар. Евангелле паводле Марка, раздзел 10, верш 9). Таму нездарма ў Каталіцкай царкве да сённяшняга дня няма разводаў, і той, хто браў шлюб у касцёле, ужо больш не можа другі раз ажаніцца або выйсці замуж, пакуль жыве ягоная палавінка. У многіх касцёлах у гэты дзень адбываецца ўрачыстае благаслаўленне сем’яў, каб Усемагутны Бог умацаваў іх членаў ва ўзаемнай любові, вернасці і павазе.

У першы дзень новага года, які адначасова з’яўляецца апошнім днём актавы Божага Нара­джэння, у Каталіцкай царкве адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі. У гэты дзень вернікі ўшаноўваюць Дзеву, якая з верай прыняла спрадвечнае Божае Слова ў сваё беззаганнае ўлонне, у якім Яно сталася Целам, і ў свет прыйшоў Збаўца Ісус Хрыстос — сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек. Урачыстасць Найсвяцейшай Багародзіцы Марыі адносіцца да найбольшых урачастасцей, падчас якіх кожны вернік абавязкова павінен быць у касцёле на святой Імшы.

Дзеці ў касцюмах каралёў-вешчуноў з каляднай зоркай ідуць пакланіцца Хрысту. фота

У гэты ж дзень адзначаецца Сусветны дзень міру, калі вернікі ва ўсім свеце просяць Бога аб міры на ўсёй зямлі. Сусветны дзень малітваў аб міры, які праходзіць пад лозунгам: «Прабач, і знойдзеш мір», быў устаноўлены благаслаўлёным папам Паўлам VI 8 снежня 1967 года. Сусветны дзень міру, які адзначаецца ўжо паўстагоддзя, 1 студзеня 2018 года будзе прысвечаны тэме «Мігранты і бежанцы: мужчыны і жанчыны ў пошуках міру». Як заўсёды, на гэты дзень папа Францішак абвясціў спецыяльнае пасланне, у якім заклікаў вернікаў маліцца за ўсіх тых, хто з-за войнаў і ўзброеных канфліктаў быў вымушаны пакінуць свой дом і шукаць прытулку на чужыне.

6 студзеня адзначаецца ўрачыстасць Аб’яўлення Госпада, дарэчы, таксама абавязковая. Аб’яўленне, або з’яўленне, адкрыццё Хрыста (менавіта так перакладаецца з грэцкай мовы старажытная назва свята — Эпіфанія) — гэта ўспамін тых падзей, у якіх Бог паказаў людзям, што на свет прыйшоў Збаўца, Месія — Хрыстос. Перш за ўсё ў гэты дзень узгадваецца пакланенне Хрысту трох Вешчуноў, якіх часам называюць таксама каралямі (пар. Евангелле паводле Мацвея, раздзел 2, вершы 1—12). Тры Вешчуны, якія прыйшлі з розных бакоў свету, каб пакланіцца Нованароджанаму Хрысту Збаўцу — гэта вобраз навяртання да адзінага Бога ўсіх народаў, якія да гэтага часу знаходзіліся ў цемры язычніцкіх забабонаў, не ведаючы сапраўднага Бога, нябеснага Айца ўсіх людзей. Акрамя таго, у гэты дзень узгадваецца Хрост Ісуса Янам Хрысціцелем у Іардане, а таксама першы цуд, які Ісус Хрыстос здзейсніў падчас вяселля ў Кане Галілейскай, ператварыўшы па просьбе сваёй Маці Марыі ваду ў віно (пар. Евангелле паводле Яна, раздзел 2, вершы 1—11). У гэты дзень у касцёлах асвячаецца вада, кадзіла (часам яшчэ і золата — як успамін пра дары, прынесеныя Дзіцятку Ісусу трыма Вешчунамі), а таксама крэйда, якой вернікі на дзвярах пішуць лацінскія літары С + М + В + 2018 (лічбу бягучага года). Гэтыя літары азначаюць захаваныя старадаўняй традыцыяй імёны трох каралёў: Каспара, Мельхіёра і Балтазара, а таксама могуць быць расшыфраваныя як кароткая малітва благаслаўлення памяшкання на лацінскай мове: Christus mansionem benedicat (Хрыстос няхай благаславіць гэтае месца). У дзень Аб’яўлення Госпада ў Заходняй Еўропе, перадусім у Германіі, тысячы дзяцей, апранутых каралямі, ідуць у святыні пакланіцца Нованароджанаму Дзіцятку Ісусу. Асабліва шмат іх прыходзіць у славутую гатычную катэдру ў нямецкім горадзе Кёльне, дзе з пашанаю захоўваюцца рэліквіі трох усходніх мудрацоў, якія як першыя прадстаўнікі язычніцкіх народаў пакланіліся Хрысту ў Бэтлееме.

Нядзеляй Хросту Госпада, якая ў 2018 годзе прыпадае на 7 студзеня, завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. У гэты дзень мы ўзгадваем Хрышчэнне Хрыста ў водах Іардана, калі на Яго сышоў Святы Дух у выглядзе галубкі, і голас з неба прамовіў: «Гэта Сын Мой узлюблены» (пар. Евангелле паводле Мацвея, раздзел 3, вершы 13—17), а таксама свой уласны хрост і аднаўляем атрыманую на ім Божую ласку праз ­удзел у святых сакрамэнтах. Паколькі на Захадзе свята Хросту ­Пана не адзначаецца настолькі ўрачыста, як на Усходзе, асабліва ў нас, дзе на працягу многіх стагоддзяў разам у міры і згодзе жывуць каталікі і праваслаўныя, многія каталікі ахвотна бяруць удзел у традыцыйным Вадохрышчы, ва ўрачыстасці Хрышчэння Гасподняга, якое Праваслаўная царква святкуе па юліянскім календары (па грыгарыянскім прыпадае на 19 сту­дзеня). Відаць, невыпадкова, што менавіта ў гэтыя дні праходзіць тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціян, які завяршаецца 25 снежня, у свята Навяртання святога апостала Паўла. З кнігі Дзеянняў святых апосталаў мы ведаем, што Павел, гэты найбольшы хрысціянскі місіянер усіх часоў, які самаахвярна абвяшчаў Евангелле язычніцкім народам, напачатку пераследаваў хрысціян, але асветлены Хрыстом па дарозе ў Дамаск, куды ён ішоў, каб змагацца з Яго вызнаўцамі, навярнуўся і стаў вялікім Апосталам народаў. Менавіта яго магутнаму заступніцтву мы даручаем справу адзінства ўсіх хрысціян, паколькі падзелы, якія сёння існуюць паміж прадстаўнікамі розных хрысціянскіх веравызнанняў, з’яўляюцца вялікай спакусай для людзей і больш за ўсё перашкаджаюць справе плённага абвяшчэння Евангелля сучаснаму свету, які пакутуе ад неспатоленай прагі Бога. У адзін з дзён на працягу гэтага тыдня ў мінскім кафедральным касцёле традыцыйна адбываецца сумесная малітва аб адзінстве хрысціян, у якой разам з каталіцкімі іерархамі бяруць удзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій нашай краіны.

Уваходзячы ў новы, 2018 год разам са Святой Багаро­дзіцай Марыяй, просім праз Яе заступніцтва Божага благаслаўлення і міру для нашай краіны і для ўсяго свету, адзінства паміж людзьмі і народамі, еднасці і паразумення ў нашых сем’ях, а таксама пераадолення ўсіх падзелаў паміж членамі адзінай чалавечай сям’і і вялікай сям’і вызнаўцаў Хрыста.

З Новым годам вас, дарагія чытачы!


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: