Слова мае вялікую творчую моц і вялікую разбуральную сілу

«Брыдкаслоўе сёння стала нормай. Мацюкаюцца ўсе: ад дзяцей да старых. Я — не выключэнне. Рускі мат натуральна ўпісваецца ў маю беларускую мову, нават асвяжае яе. Можа, думаю, і бяды ў гэтым вялікай няма. Тата моцна хварэў, перад смерцю мала гаварыў, але да скону мацюкаўся. Касцёл адносіцца да гэтай з’явы адмоўна. На падставе чаго? І якім чынам пазбавіцца ад ужывання мацюкоў у штодзённым побыце?»
М. Т., г. Мінск

Юрый ЖЭГАРЫН, пробашч парафіі касцёла св. Міхала ў Навагрудку. фотаБог даў кожнаму чалавеку дар слова, што валодае вялікай моцай. Паколькі Ён стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, мы сваёй здольнасцю да мовы падобны да Бога. У самым пачатку Бібліі чытаем «І сказаў Бог…», і паводле слова Бога ўсё сталася.

Слова мае вялікую творчую моц, але таксама і вялікую разбуральную сілу. Чалавек можа пры дапамозе слова, добрага слова, прынесці шмат карысці, але і не менш зла пры дапамозе дрэнных, атручаных слоў. Сёння, паводле маіх асабістых назіранняў, большасць людзей несур’ёзна і абыякава ставяцца да сваіх слоў, асабліва да атручаных. У нашым грамадстве існуе паўсюдная праблема брыдкаслоўя. Гэта хвароба апанавала людзей розных слаёў і ўзроставых груп, пранікла ў кіно, на тэлебачанне і ў друк. Здаецца, што брыдкія словы сталі ўжо нормай і ўжываюцца нават дарослымі ў прысутнасці дзяцей, якія валодаюць значным слоўнікавым запасам гнілых і ядавітых выразаў, я гэтаму неаднойчы быў сведкам.

На жаль, многія не ведаюць, у якую небяспечную сітуацыю ставяць сябе людзі, вымаўляю­чы брыдкія словы. Карані брыдкаслоўя бяруць свой пачатак у далёкай язычніцкай старажытнасці. Нашы дахрысціянскія продкі, каб засцерагчы сваё жыццё і маёмасць ад дэманічных нападак уваходзілі з імі ў кантакт. Злога духа трэба было ўлагодзіць або напалохаць, а палохалі менавіта лаянкай.

Мат — гэта праяўленне агрэсіі і пагрозы. Брыдкае слова — гэта таксама праклён, які чалавек насылае на таго, каго крые, удараючы ў самае «сэрца» жыццядайнай сілы: пракляцце мацярынства, мужчынскага пачатку і ўсяго таго, што з гэтым звязана. Вось чаму амаль што ўсе сучасныя маты скіраваныя на сексуальную сферу (упамінанне палавых органаў і інтымных зносін). Нават у язычніцкія часы строга забаранялася брыдкасловіць у сваім доме, страшным грахом лічылася сказаць брыдкае слова дзіцяці або цяжарнай жанчыне.

Матнае слова не толькі сімвалізуе зло, але ім з’яўляецца, бо непасрэдна звязана з дэманічнымі сіламі. Многія мацюкальныя словы — гэта імёны духаў (язычніцкіх багоў), з якімі людзі мелі зносіны: Шыш, Чума, Чорт, Стукач, Даўбешка, Упыр, Кікімара, Бука, Злыдзень, Баламут, Жэўжык, Хапун… І гэта толькі некаторыя назвы багоў славянскага язычніцкага культу. Вымаўляць іх, нават несвядома, — значыць запрашаць у сваё або ў жыццё іншага чалавека. Клічаш зло — і яно становіцца тваім верным спадарожнікам. Чым больш клічаш, тым больш яно цябе акружае, і такім чынам ты аддаеш сябе ў рукі зла.

Некаторыя кажуць, што мацюкаюцца без зла, проста так, з прызвычаенасці. Аднак проста так нічога не адбываецца, і з неабдуманых крокаў узнікаюць непрыемныя наступствы.
Найбольш страшныя праклёны і брыдкія словы вельмі часта адрасаваныя найбліжэйшым людзям. Жонкі праклінаюць сваіх мужоў, якія пастаянна прыходзяць нападпітку. Не раз выпадкова даводзілася чуць словы, якія нават непрыемна пісаць: «Каб ты смалу піў, каб ты згарэў ад сваёй гарэлкі, каб ты заліўся» і інш. Праклёны яшчэ больш пагаршаюць сітуацыю тых, каго праклінаюць, а тыя, хто праклінае, вельмі шко­дзяць самім сабе.

Святы Якуб у сваім пасланні піша, што «языком мы праслаўляем Бога Айца і ім праклінаем людзей, што створаныя на падабенства Божае… Не павінна гэтага быць, мае браты».
Вось так настаўляе нас Святое Пісанне, а той, хто добра ўсвядоміў духоўную моц слова, ніколі не будзе праклінаць.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: