Часам узнікае жаданне вырвацца з душнага горада і прачнуцца ў драўляным доме пасярод лесу, замест гулу машын пачуць песні лясных птушак і ўдыхнуць на поўныя грудзі свежае паветра. Карэспандэнт «БЛГ» на адзін дзень перанёсся ў такое месца — паляўнічы комплекс «Вязычын», які схаваўся ў густых лясах Бярэзінскага раёна і даўно перастаў быць проста сядзібай для паляўнічых. Тут можна адпачыць душой, сустрэць новы дзень з вудай, папарыцца ў лазні і спаткацца з прыродай.
Паляванне для ўсіх
– Хто б ні прыехаў да нас на паляванне — навічок ці вопытны паляўнічы, — абавязкова застанецца задаволеным, — расказвае інжынер па паляўнічай гаспадарцы Бярэзінскага лясгаса Сяргей Заяц. — Кожны зможа забраць свой трафей і атрымаць асалоду ад лову.
Паляўнічая гаспадарка Бярэзінскага лясгаса раскінулася на тэрыторыі 89,7 тыс. га, у тым ліку лясных — 58,6 тыс. га, палявых — 28,4 тыс. га і водна-балотных — 2,7 тыс. га. Тут працуюць 5 паляўнічых абходаў, а колькасць відаў жывёл уражвае: больш за 650 асобін казулі, каля 400 ласёў і 370 аленяў высакародных.
Паляванне ва ўгоддзях лясгаса вядзецца на лася, аленя высакароднага, казулю еўрапейскую, кабана, вадаплаўную і балотную птушку, вальдшнэпа, ляснога голуба, а таксама пушных звяроў — зайца, вавёрку, куніцу, норку, лісу. Па традыцыі сезоны палявання адкрываюцца ва ўстаноўленыя тэрміны: з мая — на казулю, з сакавiка — на вадаплаўную птушку, з 20 жніўня — на лася і аленя, а з лістапада — на пушных звяроў.
У работнікаў лясгаса вялікі вопыт правядзення самых разнастайных відаў палявання. Тут праводзяць як індывідуальныя, так і групавыя туры.
— Базавы прынцып нашай работы — індывідуальны падыход да кожнага кліента, распрацоўка праграмы пад іх канкрэтныя пажаданні, — заўважае Сяргей Мікалаевіч. — Не бывае двух аднолькавых тураў.
Сядзіба з гісторыяй
Разам з Сяргеем Зайцам прыязджаем у «Вязычын». Нас сустракаюць прыгожыя драўляныя домікі, акуратна падрэзаныя кусты і адчуванне ўтульнасці. У кожнага месца ёсць свая цікавая гісторыя. Пра «Вязычын» нам расказала адміністратар комплексу Лілія Дзявочка:
— Калісьці на гэтым месцы стаяла невялікая вёсачка, двароў на дзесяць. Звычайныя людзі жылі сярод лесу, трымалі гаспадарку. Час браў сваё. Хат станавілася менш. Цяпер ад вёсачкі застаўся толькі калодзеж, які захоўвае памяць пра тых, хто жыў у Вязычыне.
У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя тагачасны паляўніцтвазнавец Мікалай Сямашка, які пражываў у гэтай вёсачцы, прапанаваў стварыць тут паляўнічы домік, дзе можна было б адпачыць пасля лову, пагрэцца каля вогнішча, падзяліцца паляўнічымі гісторыямі.
Мясцовыя паляўнічыя ідэю падтрымалі. Сабраліся талакой, і закіпела праца. Спачатку ўзвялі невялікую хатку. Затым да стварэння комплексу падключыўся лясгас. Актыўная работа пачалася, калі дырэктарам Бярэзінскага лясгаса стаў Юрый Шумскі (сення — кiраўнiк галiновага прафсаюза). Пабудавалі вялікі дом і ўтульныя маленькія домікі для гасцей.

Каля Вязычына працякала невялікая рачулка. Паляўнічыя пашырылі яе берагі. Так і з’явілася каля комплексу возера. Цяпер летам па ім можна пракаціцца на катамаране, а ўзімку тут з’яўляюцца аматары зімовай рыбалкі. Лілія Дзявочка заўважае, што спецыяльна возера ніхто не зарыбліваў, тут водзіцца толькі тая рыба, што жыве ў рачулцы, аднак яе хапае на кожнага рыбалова.

Мікалай Сямашка даўно перадаў справы маладым калегам, але аб ім гавораць з цеплынёй. А нашчадкі тых, хто жыў у вёсцы, прыязджаюць сюды, падыходзяць да старога калодзежа, заходзяць у комплекс, успамінаюць сваіх прашчураў, наведваюць іх могілкі.
І на выхадныя, і на адпачынку
Зразумела, многія прыязджаюць сюды на паляванне. Гасцей прываблівае разнастайнасць жывёл у мясцовых лясах і гасціннасць гаспадароў. Але галоўнае, што да кожнага госця тут асаблівыя адносіны. Каму трэба — той можа ўзяць стрэльбу ў арэнду, іншыя прывозяць сваю.
А ёсць тыя, хто ўвогуле не бярэ ў рукі зброю. Прыязджаюць на выхадныя, альбо засяляюцца ў домікі на тыдзень, гуляюць па экасцежцы, якая размешчана непадалёку, кормяць з рук плямістых аленяў, назіраюць за мясцовай любіміцай — мядзведзіцай Данай. Апошняя, дарэчы, жыве на тэрыторыі комплексу з 2008 года і стала сапраўдным сімвалам гасціннасці: Сустракае не толькі жыхароў Беларусі, але і гасцей з іншых краін.

У «Вязычыне» створаны ўсе ўмовы для таго, каб госці адчувалі сябе камфортна. На тэрыторыі комплексу 5 драўляных домікаў: два вялікіх, разлічаных на кампанію да 15 чалавек, і тры маленькіх — на два спальныя месцы. У кожным ёсць душ з гарачай вадой, кухняй і бытавой тэхнікай. Для тых, хто хоча заўсёды заставацца на сувязі, ёсць бясплатны Wi-Fi і спадарожнікавае тэлебачанне. Госці могуць пагуляць у більярд, валейбол, паназіраць за вогнішчам у каміне. Для маленькіх гасцей абсталяваны дзіцячыя пляцоўкі і арэлі.


Час можна правесці і ў альтанках, каля кожнай ёсць мангал. Адна з іх размяшчаецца на астраўку пасярод ракі. Для карпаратываў і кампаній ёсць вялікая крытая альтанка, якая можа ўмясціць да 90 чалавек.
Рэкламу комплексу робяць яго наведвальнікі, якія расказваюць пра «Вязычын» сябрам і знаёмым. І гэта сарафаннае радыё выдатна працуе: выхадныя распісаны да снежня. У гэтага месца ёсць і свае пастаянныя кліенты. Сярод іх, напрыклад, кампанія з Барысава, якая штогод здымае тут домік: ходзяць у лес, збіраюць ягады і грыбы. А галоўнае, адпачываюць душой і целам.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара і з архіва Бярэзінскага лясгаса
