Работнікі Шумілінскага лясгаса ліквідуюць наступствы чэрвеньскай стыхіі

Работнікі Шумілінскага лясгаса ліквідуюць наступствы чэрвеньскай стыхіі

Пасля буралому

Фота аўтара, Алена КАРПУШЭНКА
19.08.2021 Версия для печати

25 чэрвеня па тэрыторыі Шумілінскага раёна прайшоў небывалы ўраган, які нарабіў бяды ў лясной гаспадарцы. Спецыялісты Шумілінскага лясгаса ў першыя суткі ацанілі маштаб разгулу стыхіі на вока як вельмі сціплы. Пасля дакладнага вывучэння сітуацыі лічба пераваліла за 250 га паваленага лесу. Стала зразумела — работа чакае вялікая. Гэта тая тэрыторыя, якая патрабуе суцэльнай санітарнай высечкі і своечасовай уборкі пашкоджанай драўніны. 

Стыхія асабліва пагаспадарыла на тэрыторыі Мікалаеўскага лясніцтва, закранула Обальскае, Мікіціхінскае і Мішневіцкае лясніцтвы. Глядзець на пашматаны ветрам лясны масіў цяжка. Абрубкі хваёвых дрэў, пагнутыя высачэзныя сосны нагадваюць, наколькі каварнай бывае прырода і наколькі страшэннай — стыхія. 

Шумілінскія лесаводы аператыўна пачалі ліквідаваць наступствы буралому. У першы дзень усе намаганні былі кінуты на расчыстку дарог ад паваленых дрэў. На дапамогу прыйшлі калегі з суседніх лясгасаў — Аршанскага, Багушэўскага, Віцебскага, Дрэтуньскага і Лепельскага, бо адным, зразумела, справіцца з такімі аб’ёмамі работ было не па сілах. 

Каб бураломная драўніна не cтраціла тэхнічных характарыстык і таварных якасцей, лесанарыхтоўчыя брыгады з прыцягненнем спецтэхнікі неадкладна прыступілі да распрацоўкі пашкоджаных насаджэнняў. Зрабіць гэта варта ў самыя кароткія тэрміны. Лесу хоць і дасталася, але ні ў якім разе нельга губляць шанс захаваць драўніну.

Нязручнасцей было многа, прызнаюцца работнікі лясгаса. У першыя дні «падножку падставіла» надвор’е, таму работы ішлі не так аператыўна, як хацелася. Спёка стаяла такая, што працаваць работнікам лясгаса даводзілася з 4—5 гадзін раніцы і толькі да 11.00. У дадатак да ўсяго ў сувязі з высокай тэмпературай надвор’я на асфальтавых дарогах дзейнічала забарона на рух, таму нязручнасці і перашкоды адчулі і вадзіцелі лесавозаў. 

Першы вялікі ўчастак ля вёскі Бубалі шумілінскія лесаводы прывялі ў парадак. Тыдзень таму работы ішлі на ўчастку паміж Кардонам і Мікалаевам. У дзень нашага прыезду на адной з лесасек працавалі пяць вальшчыкаў лесу разам з майстрам, былі задзейнічаны два трактары. Хоць дзялянка знаходзіцца на тэрыторыі Мікалаеўскага лясніцтва, з усіх сіл дапамагаюць работнікі Шумілінскага лясніцтва. 

— Да верасня ўключна работай забяспечаны, — прыкідваюць аб’ёмы вальшчыкі лесу Шумілінскага лясніцтва Максім Канапелька і Яўген Сярко. — Валім, высякаем, пілім, абразаем, вывозім. Так, трактарыст Андрэй Салаўёў вывез за месяц больш за 2,5 тысячы кубаметраў драўніны і выйшаў у абсалютныя лідары ў вобласці. Стараемся атрымаць максімальную выгаду з пашкоджанага дрэва. Да кожнага падыходзім індывідуальна. Незапатрабаванай драўніны не застаецца. 

Такі маштабны буралом на памяці вальшчыкаў здарыўся ў лясгасе ўпершыню. Падобнае яны бачылі, аднак не на радзіме, а калі ў мінулыя гады выязджалі на дапамогу да калег у Беразіно, Чавусы, Чэрвень. 

Шумілінскі лясгас ставіў задачу за год нарыхтаваць 110 тысяч кубаметраў драўніны, гэта каля 10 тысяч кубоў у месяц. Але за ліпень шумілінскія лесаводы нарыхтавалі з пашкоджаных ураганам участкаў двайную норму — больш за 22 тыс. кубаметраў драўніны. Па падліках кіраўніцтва лясгаса, пашкоджаных дрэвастояў крыху больш за 65 тыс. куб. метраў. 

Варта адзначыць, што кіраўніцтва лясгаса ў першыя дні прыняло рашэнне забяспечваць работнікаў, занятых на ліквідацыі наступстваў стыхіі, бясплатнымі абедамі. Для гэтага закуплены спецыяльныя тэрмасы на брыгаду і заключана дамоўленасць з ІП В. Мацуганавым аб штодзённым прыгатаванні 50 абедаў. Разам з абедамі на ўчастак дастаўляецца мінеральная і пітная вада. 
Да 1 верасня, па словах дырэктара лясгаса Аляксандра Лабынцава, з суцэльнай высечкай лесаводы павінны справіцца. Пасля актывізуецца работа па выбарачных высечках. Задзейнічаны ўсе сілы і сродкі для хуткай рэалізацыі драўніны пакупнікам, павялічылася нагрузка на дрэваапрацоўчы цэх. 

Усе высечкі будуць засаджаны новымі дрэвамі. Праўда, для таго, каб з’явіўся прыкладна такі ж лес, як быў да буралому, спатрэбіцца як мінімум 60 гадоў. 


Лічбы і факты 

Больш за 60 чалавек, 25 бензапіл, 10 харвестараў, 9 фарвардараў, 11 трактароў, не менш за 10 сартыментавозаў — такі арсенал штодзень спраўляецца з наступствамі стыхіі, якая абрынулася на раён 25 чэрвеня.

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: