Шышка да шышкі — будзе лес

Шышка да шышкі — будзе лес

Стала вядома

Фота аўтара, Ігар АДАМОВІЧ
28.01.2021 Версия для печати

На дварэ снежна і марозна, а ў лясніцтвах Чэрвеньскага лясгаса ў самым разгары збор ураджаю. Тут нарыхтоўваюць шышкі хваёвых парод дрэў на насенне. 

Ляснік Натальеўскага лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса Генадзь ПАСУДЗЕЎСКІ. фота

— Цёплыя зімы апошніх гадоў нас крыху распесцілі: збіраць шышкі было зручна і ўтульна, — распавядае інжынер па лесаўзнаўленні і меліярацыі лясгаса Кацярына Пузанкова. — Але нашы леснікі звыклыя працаваць пры любым надвор’і. Сёлета працэс збору замаруджваецца, аднак ідзе. Тым больш што ўраджай шышак добры… 

Нарыхтоўку лясніцтвы пачалі напрыканцы студзеня. План на сезон — 4 тоны хваёвых і 2 тоны яловых шышак. Калі разлічваць па стандарце выхаду (1,5—2 % з тоны), павінна атрымацца каля 80 кілаграмаў насення. 

Першую партыю сабраных шышак, а гэта прыкладна палова ад запланаванага аб’ёму, бліжэйшымі днямі адправяць на перапрацоўку ў Рэспубліканскі селекцыйна-насенняводчы цэнтр. Там шышкі высушаць, здабудуць з іх насенне, якое затым ачысцяць, адкалібруюць і змесцяць на захоўванне ў спецыяльны халадзільнік. Увесну лясгас забярэ неабходную колькасць пасяўнога матэрыялу, а астатняе пакіне там жа ў якасці рэзерву на выпадак неўраджаю ў наступныя гады. 

Палясоўшчыкі Віктар КАЎЗУНОВІЧ і Дзмітрый КРАКАЙЦІС збіраюць шышкі на лесанасеннай плантацыі. фота

Нарыхтоўка шышак на лесасеках адбываецца падчас высечак. Акрамя таго, на тэрыторыі лясгаса ёсць дзве лесанасенныя плантацыі, дзе растуць хвоі з палепшанымі генетычнымі характарыстыкамі: адзін гектар — у Натальеўскім лясніцтве і 0,8 — у Раваніцкім. Там шышкі збіра юць у першую чаргу. Атрыманае з іх насенне больш устойлівае да прыродных умоў, якія, у сувязі са зменай клімату, апошнім часам бываюць непрадказальнымі. 

— План па нарыхтоўцы шышак мы штогод перавыконваем у 1,5—2 разы, — заўважае Кацярына Пузанкова. — Патрэбы гадавальніка ў насенні забяспечваем цалкам, а яго запасу маем на тры гады наперад. 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: