Бязмежны лес

«Лес без межаў» — пад такім слоганам прайшла літоўска-беларуская акцыя па пасадцы дубровы, удзел у якой прынялі працаўнікі Астравецкага лясгаса, Вільнюскай урэдзіі (лясгаса), прадстаўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве і члены беларускай дыяспары.

Супрацоўніцтва Астравецкага лясгаса і Вільнюскай урэдзіі працягваецца не адзін год. Літоўскія лесаводы знаёміліся  на Астравеччыне з перадавымі тэхналогіямі вядзення лясной гаспадаркі, а нашы спецыялісты пераймалі вопыт калег у галіне экатурызму, вядзенні паляўнічай гаспадаркі.

— З нагоды 25-годдзя ўтварэння Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы  на тэрыторыі Вільнюскай урэдзіі было вырашана закласці дуброву. Мы адразу адгукнуліся на запрашэнне літоўскіх калег. У склад астравецкай дэлегацыі ўвайшло 14 работнікаў лясгаса і лясніцтваў, — расказвае дырэктар ДЛГУ «Астравецкі лясгас» Рыгор Долгі. — Такія акцыі,  як і ўзаемныя візіты, служаць падмуркам для паспяховага развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва.

Першы дзень знаходжання ў Літве быў насычаны экскурсіямі і паездкамі. Астравецкія лесаводы наведалі экалагічныя сцяжыны, аглядальныя пляцоўкі і так званыя рэкрэацыі — месцы адпачынку, якія размешчаны па перыметры Вільнюса.

А на другі дзень астравецкія і літоўскія лесаводы, супрацоўнікі пасольства і прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Літве садзілі лес. Праз некалькі гадзін на плошчы больш чым адзін гектар з’явіліся роўныя радкі дубочкаў. Пра тое, што лес пасаджаны сумеснымі намаганнямі літоўцаў і беларусаў,  сведчыць усталяваная там памятная дошка.

Пасля пасадкі лесу ўсіх чакалі палявая кухня, музычны падарунак ад артыстаў Беларускага культурнага цэнтра «Раніца» і сумеснае фота на памяць.

Астравецкі транспарант з сімвалічным надпісам «Лес без межаў» застаўся ў пасольскім музеі, дзе ён будзе нагадваць наведвальнікам не толькі пра літоўска-беларускую акцыю, але і пра еднасць нашых народаў.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: