Спаборнічалі лепшыя

Спаборнічалі лепшыя

Конкурс "Лесоруб"

Алена КАРПУШЭНКА
18.07.2019 Версия для печати

У мінулую пятніцу, 12 ліпеня, на Обальшчыне прайшоў абласны конкурс прафесійнага майстэрства «Лесаруб-2019». Прадэманстраваць свой прафесіяналізм прыехала 19 каманд Віцебскай вобласці. Па-за конкурсам выступіла юніёрская зборная Міністэрства лясной гаспадаркі.

Асноўныя спаборніцтвы прайшлі на пляцоўцы перад Обальскай школай, а адзін з этапаў прадугледжваў выезд на валку дрэў на лесасеку Обальскага лясніцтва.

Перад пачаткам спаборніцтваў удзельнікаў віталі начальнік аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Ігар Курачкін, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Уладзімір Савік, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, дырэктар Шумілінскага лясгаса Аляксандр Лабынцаў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вячаслаў Емяльянаў, якія пажадалі канкурсантам удачы, добрага настрою, каб перамаглі мацнейшыя і высокапрафесійныя.

Шэсць этапаў павінны былі прайсці лесарубы: валка дрэва на лесасецы, мантаж пільнага ланцуга, дакладнае пілаванне, распілоўка камбінаваным рэзам, абрэзка сучча, эстафета. Як адзначыў Віктар Петрачэнка, які ўзначаліў каманду юніёраў Мінлясгаса, конкурс прафмайстэрства праводзіцца ў адпаведнасці з правіламі чэмпіянату свету. Між іншым, два гады запар беларускія вальшчыкі лесу пацвярджаюць званне чэмпіёнаў свету. І «нараджаюцца» чэмпіёны часта на такіх вось спаборніцтвах.

Ніколі не прапускае конкурс, удзельнічае ў ім з 1996 года Аляксандр Смяхоўскі, вальшчык з Глыбоцкага доследнага лясгаса, які перакананы: каб перамагаць, трэба абавязкова рыхтавацца. Трэба было бачыць, як ён адмыслова валодае пілой, яна ў яго руках літаральна спявае. Пры ўсім гэтым дзеянні і тэхніка выканання заданняў у лесаруба адшліфаваныя, дакладныя і хуткія. Не выпадкова ён і сёлета ў асабістым заліку забраў практычна ўсе дыпломы разам з немалымі грашовымі прэміямі. Ён і яго калега Аляксандр Юковіч з Бягомля падчас узнагароджання з п’едэстала практычна не сыходзілі.

Асобных слоў заслугоўвае каманда Бягомльскага лясгаса — неаднаразовая пераможца абласнога конкурсу прафмайстэрства. Хлопцы ўжо з ліку збіліся, колькі разоў перамагалі, тым не менш інтарэс ніколькі не губляецца. Нягледзячы на тое, што рука, як кажуць, набіта да аўтаматызму, яны кожны раз сур’ёзна рыхтуюцца і, што самае цікавае, кожны раз хвалююцца. Яны і на гэты раз сталі пераможцамі, хаця на пяткі ім наступалі расонскія і глыбоцкія лесарубы, якія ўвайшлі ў прызавую тройку.

Варта сказаць і пра шумілінскую каманду гаспадароў, у якую ўвайшлі Юрый Сіпко, Юрый Грыцкевіч, Васіль Шаўнёў і юніёр Ілья Загвоздаў і якую рыхтавалі да конкурсу галоўны ляснічы Дзмітрый Падляшчук, спецыялісты аховы працы. Шумілінцы на конкурсе выступілі ўпершыню такім складам, і выступілі дастойна. Дарэчы, Ілья сярод 15 юніёраў заняў чацвёртае месца і атрымаў грашовы сертыфікат ад Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання.

Усе ўдзельнікі ў адзін голас выказалі перакананне, што такія конкурсы неабходныя: яны дазваляюць даводзіць да аўтаматызму рухі і дзеянні, прывучаюць працаваць, строга выконваючы правілы тэхнікі бяспекі, тут вальшчыкі пераймаюць вопыт, становяцца сапраўнымі прафесіяналамі.
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: