У Цэнтры падрыхтоўкі кадраў Мінлясгаса прайшоў рэспубліканскі конкурс чытальнікаў Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання «Паклон вам нізкі, жанчыны!», прысвечаны Году беларускай жанчыны.
Сёлета творчая сустрэча сабрала 21 удзельніка з усіх рэгіёнаў краіны. На сцэну выйшлі прадстаўнікі самых розных прафесій: з лясгасаў і іншых арганізацый, аб’яднаных галіновым прафсаюзам. Адкрыў конкурс намеснік старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Яўген Крыскевіч.
Асаблівасцю сёлетняга конкурсу стала яго тэматыка. Галоўная гераіня паэтычных радкоў — жанчына: яе прыгажосць, мудрасць, душэўная сіла і здольнасць натхняць.
На працягу некалькіх гадзін у зале гучалі вершы на беларускай і рускай мовах. Канкурсанты чыталі творы вядомых аўтараў і ўласныя вершы. Прычым аўтарская паэзія выклікала асаблівую цікавасць як у гледачоў, так і ў членаў журы. Многія ўдзельнікі здолелі не толькі выразна прачытаць тэкст, але і стварыць на сцэне сапраўдны мастацкі вобраз.
Як адзначыла галоўны спецыяліст па інфармацыйнай і грамадскай рабоце Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Вікторыя Мароз, конкурс працягвае развівацца і шукаць новыя фарматы.
— У гэтым годзе мы ўпершыню змянілі яго тэматыку. Год беларускай жанчыны стаў добрай нагодай для абнаўлення канцэпцыі. Больш за тое, ужо абмяркоўваецца ідэя ў наступным годзе асобна ацэньваць аўтарскія творы і творы вядомых аўтараў. Думаю, гэта будзе справядліва ў адносінах да ўсіх удзельнікаў, — адзначыла Вікторыя Мароз.
Яна таксама падзякавала ўдзельнікам за смеласць і шчырасць:
— Тое, што вы сёння знаходзіцеся тут, ужо гаворыць пра многае. Гэта рэспубліканскі этап, і кожны з вас варты самых добрых слоў. Вельмі прыемна было вас слухаць. Дзякуй за любоў да роднага слова, за шчырасць і эмоцыі, якімі вы падзяліліся з гледачамі.
Асабліва прыемна, што сярод удзельнікаў было нямала прадстаўнікоў лясной галіны. У чарговы раз яны даказалі, што ўмеюць не толькі прафесійна выконваць вытворчыя задачы, але і валодаюць яркімі творчымі здольнасцямі.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся аглядальнік «БЛГ» Васіль Барысюк, які выступіў на конкурсе з уласным вершам:
— Пра конкурс чытальнікаў, прымеркаваны да Года беларускай жанчыны, даведаўся ад старшыні нашай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, яна ж і прапанавала ў ім паўдзельнічаць. Зацікавіла, што можна выступіць з уласным творам. Ідэя верша, прысвечанага жанчынам лясной гаспадаркі, сапраўдным лясным гаспадыням, узнікала ўжо неаднойчы. Асабліва, калі рыхтаваў матэрыялы пра тых, хто не баіцца цяжкасцей і выдатна працуе: нароўні, а часта і лепей, чым мужчыны. Гэта быў своеасаблівы творчы выклік. І я з вялікім задавальненнем узяўся за напісанне такога верша. Не спяшаўся, бо хацеў, каб усе словы былі вельмі шчырымі, ішлі ад чыстага сэрца. Спадзяюся, што так і атрымалася. У гэтым, дарэчы, для мяне і існуе галоўная сутнасць паэзіі: шчырым і простым словам выказваць любоў да сваёй Радзімы, да родных і блізкіх, землякоў, да ўсіх добрых і працавітых людзей нашай Беларусі.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся і аглядальнік «БЛГ» Сяргей Столяр:
— Такія конкурсы раскрываюць работнікаў лясной галіны з творчага боку. Яны паказваюць, наколькі таленавітыя людзі працуюць у нашай сістэме. Са сцэны гучалі не толькі творы класікаў, але і вершы ўласнага сачынення, а гэта, безумоўна, паказчык майстэрства. Многія ўдзельнікі не проста дэкламавалі вершы, а літаральна пераўвасабляліся ў літаратурных герояў, дапамагаючы гледачам глыбей адчуць твор. Удзел у конкурсе стаў для мяне новым і каштоўным вопытам — я ўдзячны арганізатарам і ўдзельнікам за магчымасць пазнаёміцца, паразмаўляць, падзяліцца творчасцю і атрымаць неверагодны зарад натхнення і пазітыўных эмоцый.
Перад журы стаяла няпростая задача — выбраць лепшых. У выніку першае месца заваявала Ганна Лабоцкая з РУП «Мінскае гарадское агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры». Другое месца прысуджана Барысу Старавойтаву — пенсіянеру, былому работніку Віцебскага лясгаса. Трэцяй стала прадстаўніца Скідзельскага лясгаса Ганна Салаўёва.
Прыз глядацкіх сімпатый атрымала Юлія Лазарава з Бабруйскага лясгаса, а ў намінацыі «За арыгінальнасць» адзначана Надзея Новікава, якая прадстаўляла ААТ «Светлагорскі ЦКК».
Конкурс у чарговы раз пацвердзіў: у лясной галіне працуе нямала людзей, для якіх паэзія — не проста захапленне, а магчымасць выказаць свае думкі, пачуцці і стаўленне да жыцця. А значыць, традыцыя творчых сустрэч пад эгідай галіновага прафсаюза будзе жыць і развівацца, адкрываючы новыя імёны і новыя таленты.
Лізавета МІКУЛІЧ
Фота аўтара
