Леанід Кушнер і Павел Завацкі заслужылі аўтарытэт у Бярэзінскім лясгасе

Леанід Кушнер і Павел Завацкі заслужылі аўтарытэт у Бярэзінскім лясгасе

Адданыя сваёй справе

Ала АЛЬФЕР
20.02.2014 Версия для печати

У кожным працоўным калектыве ёсць свой касцяк, той стрыжань, які складаюць найбольш вопытныя, адказныя і старанныя працаўнікі. Яны — прыклад у рабоце, людзі, якія сваёй працай, адносінамі да абавязкаў заслужылі аўтарытэт сярод калег. І нават выйшаўшы на пенсію, не перастаюць быць у авангардзе.

У ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» у ліку такіх Леанід Кушнер і Павел Завацкі, якія летась адзначылі юбілеі. Абодва яны асабліва паважаныя ў калектыве людзі, якія на працягу многіх гадоў кожны на сваім месцы.

Леанiд КУШНЕР. фота

Працоўны ўраджай багаты

Маё першае знаёмства з Леанідам Іванавічам Кушнерам адбылося больш за 10 гадоў таму назад. Майстар сталярнага цэха, ён тады так расказваў пра сваю справу, што далёкаму ад дрэваапрацоўкі чалавеку ўсё адразу станавілася зразумелым. Таму наўрад ці можна было б здагадацца, што яго першапачатковая прафесія звязана з сельскай гаспадаркай. Ён аддаў ёй шмат гадоў. Пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі 11 гадоў працаваў у Чэрвеньскім раёне па атрыманай спецыяльнасці — зоаінжынерам. А потым вырашыў пераехаць на родную Бярэзіншчыну, дзе яшчэ гадоў 8 займаў пасаду інжынера па пчалярстве ў Бярэзінскім лясгасе. Пад яго кіраўніцтвам у той час працавалі 4 пчаляры, якія даглядалі 450 пчоласем’яў у Дзмітравіцкім, Арэшкавіцкім, Брадзецкім і Мачаскім лясніцтвах. Леанід Іванавіч сам на матацыкле паспяваў аб’ехаць гэтыя лясніцтвы і ўсе пасекі, заўсёды атрымліваў добры «ўраджай» мёду. Інакш і быць не можа, калі шчыра любіш тое, чым займаешся. Але часам лёс падкідвае што-небудзь новае.

Гэтым новым для Леаніда Іванавіча стаў перавод майстрам у сталярны цэх, які толькі запускаўся ў лясгасе. Яго кандыдатура, адказнага і сумленнага работніка, які ўжо паказаў сваё ўменне працаваць з людзьмі, падыходзіла на ролю кіраўніка новай вытворчасці. Двойчы ездзіў на курсы, пакуль асвойваў невядомую да гэтага часу справу. Але асноўныя веды і ўменне атрымліваў на практыцы. Тут галоўнае — імкненне і ўласнае стаўленне. Таму навучыўся хутка. Выпускалі аконныя і дзвярныя блокі, ацыліндраваную і акораную драўніну. Ацыліндроўвалі каля 220 кубічных метраў драўніны і каля 180 кубаметраў акорвалі. У пяць сталічных магазінаў адпраўлялі прадукцыю, дзе яна разыходзілася на ўра.

11 гадоў узначальваў Леанід Кушнер сталярны цэх, пакуль не арганізаваўся вытворчы майстарскі ўчастак «Беразіно». Цяпер ён майстар ВМУ і ўжо можа гаварыць пра ўласны багаты ўраджай у дрэваапрацоўчай вытворчасці. Толькі альтанкі, вырабленныя тут, можна сустрэць ледзь не па ўсёй Мінскай вобласці — у Слуцкім раёне, анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах, на «Лініі Сталіна», у Сілічах, у Бярэзінскім раёне — у Пагосце і Вязычыне, у шматлікіх зонах адпачынку, каля нядаўна ўладкаванай купелі ў вёсцы Крупа...

І гэта толькі невялікая, відавочная частка ўкладу Леаніда Іванавіча ў дзейнасць і поспехі лясгаса. Яго праца шмат разоў адзначалася граматамі і падзякамі на розных узроўнях. Неаднойчы яму даручалі ў калектыве весці прафсаюзныя справы, 14 гадоў узначальваў прафсаюзны камітэт лясгаса.

Не пакінуў ён і пчалярства, займаецца ім увесь вольны час.

— Без яго ўжо нікуды, — гаворыць Леанід Іванавіч, — таму, калі выйду на пенсію, сумаваць не буду.

Гэта і занятак для душы, і якая-ніякая прыбаўка да сямейнага бюджэту. Дзеці хаця і пайшлі на свой хлеб, але бацькі ніколі не перастаюць клапаціцца пра іх. Сын Кушнераў працуе ў сталіцы ў Следчым камітэце, у Мінску жыве і дачка. Жонка Леаніда Іванавіча, Кацярына Мікалаеўна, як і ён сам, шмат гадоў працуе ў Бярэзінскім лясгасе, узначальвае планава-вытворчы аддзел. Для абаіх калектыў лясной гаспадаркі не проста свой, а даўно ўжо стаў родным.

— Але на пенсію ісці трэба, трэба саступаць дарогу маладым, — гаворыць Леанід Іванавіч.

Павел ЗАВАЦКI. фота

Заўсёды на вышыні

Павел Іванавіч Завацкі на пенсію ўжо выйшаў, з 23 снежня мінулага года на заслужаным адпачынку. Пакуль прывыкае. Да гэтага амаль 33 гады ўзначальваў вытворчы майстарскі ўчастак «Кукарава», увесь яго працоўны шлях быў звязаны з дрэваапрацоўкай. Хаця пасля школы «стартаваў» у родным саўгасе Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Праз год паступіў у Беларускі тэхналагічны інстытут імя Кірава, адкуль з дыпломам тэхнолага лясной прамысловасці быў накіраваны на працу ў Кемераўскую вобласць. Падабалася і работа, і выключныя сібірскія пейзажы. Пасля заканчэння вучобы туды ж прыехала працаваць і жонка Наталля Іванаўна. Але родная беларуская зямля ўсё роўна цягнула да сябе, таму ў Сібіры доўга не затрымаліся. Вярнуліся спачатку на Брэстчыну, а потым пераехалі ў Бярэзінскі раён — на радзіму Наталлі Іванаўны. Тут абаіх лёс прывёў у Бярэзінскі лясгас.

Нямала старонак — прыемных і горкіх — перажыў Павел Завацкі разам з Кукараўскім участкам. Напачатку гэта быў немалы цэх, дзе выраблялі піламатэрыялы, тарную дошчачку, клёпкі для бочак, экспартныя нарыхтоўкі. Аб’ём перапрацоўкі лесу дасягаў 1100—1200 кубічных метраў. Да таго ж была наладжана вытворчасць хвойна-вітаміннай мукі, па 800 тон у год пастаўлялі яе ў Барысаў. А потым неабходнасць у такой вытворчасці знікла, і на месцы АВМ-65 (агрэгата па вырабе мукі) устанавілі лінію па перапрацоўцы дробнатаварнай драўніны.

Патрабавала абнаўлення і старая дрэваапрацоўчая лінія, але здарыўся пажар.

— Гэта было гадоў шэсць назад у ноч з 13-га на 14 жніўня. Я быў у чарговым адпачынку, — вяртаецца да горкіх успамінаў Павел Іванавіч. — Увесь цэх тады згарэў.
Заставалася дзякаваць Богу, што абсталяванне было поўнасцю замартызавана, таму вялікіх страт не было. І тым не менш аб’ём вытворчасці ў цэху зменшыўся напалову. Але і ў гэтых умовах начальнік участка, як заўсёды, стараўся трымацца на вышыні, сваімі адносінамі падбадзёрваў калектыў. Таму Кукараўскі цэх заставаўся на добрым рахунку ў лясгасе. А з цягам часу стаў развівацца — запусцілі стужкавую пілараму, дадатковую лінію па вытворчасці дробнатаварнай драўніны. Летась была ўстаноўлена лінія па акорванні драўніны.

— Зараз тут перапрацоўваецца не менш за 600 кубічных метраў драўніны ў месяц, — гаворыць Пётр Іванавіч. — Амаль уся прадукцыя ідзе на экспарт.

Адчуваецца, што і зараз, на заслужаным адпачынку, ён па-ранейшаму цікавіцца справамі цэха і хвалюецца. Дарэчы, спачатку ён складаўся ў асноўным з мясцовых, кукараўскіх, жыхароў. Але з гадамі вёска пусцела, і зараз амаль усе працаўнікі ўчастка едуць сюды з Беразіно ды суседніх Пагоста і Высокай Гары. Да драбніц памятае ўвесь шлях ад Беразіно да Кукарава і Павел Іванавіч. І нядзіва! Колькі разоў па ім ездзіў штодня, ніякім падлікам не паддаецца.

Цяпер плануе ўшчыльную заняцца агародам, балазе каля хаты ёсць ладны кавалак зямлі. Завацкія заўсёды займаліся ўласнай гаспадаркай. Разам працавалі дома, разам — у адным калектыве. Наталля Іванаўна і зараз на пасадзе эканаміста ў лясгасе. У Беразіно жывуць дачка і сын, радуюць ужо і ўнукі. Так што клопатаў і на заслужаным адпачынку Паўлу Іванавічу хопіць.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: