У Вітуніцкага лясніцтва новы офіс

У Вітуніцкага лясніцтва новы офіс

Актуально

Наталля НАВІЦКАЯ, Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА
20.09.2018 Версия для печати

Шыкоўны падарунак атрымаў калектыў Вітуніцкага лясніцтва напярэдадні прафесійнага свята. У мінулую пятніцу падчас урачыстага адкрыцця новага адміністрацыйнага будынка была перарэзана сімвалічная чырвоная стужка.

Звяртаючыся да прысутных, старшыня райвыканкама выказаў удзячнасць абласному лесагаспадарчаму аб’яднанню за падтрымку пры будаўніцтве аб’екта, якое распачыналася ­яшчэ з былым дырэктарам лясгаса, а зараз генеральным дырэктарам Брэсцкага ­ДВЛГА Аляксеем Пракопавым, а завяршыла сённяшняе кіраўніцтва ўстановы. Алег Леанідавіч Пінчук пажадаў калектыву Бягомльскага лясгаса, які сёлета занесены на Рэспуб­ліканскую дошку Гонару, і надалей утрымліваць высокі ўзровень працы. Кіраўнік лясной галіны вобласці Сяргей Даніловіч прызнаўся, што пабываць на адкрыцці Вітуніцкага лясніцтва — справа асабістага гонару, бо Вітунічы — яго маленькая радзіма.

— Хоць мы і жылі ў Вітунічах да майго першага класа, потым бацьку перавялі працаваць у Докшыцы, — падзяліўся Сяргей Аляксандравіч, — заўжды адчуваю сябе ў гэтай вёсцы не ў гасцях, а дома. Дарэчы, на месцы былой школы пабудаваны прыгожы, сучасны, функ­цыянальны, адзін з узорных аб’ектаў галіны. Усё прадумана да дробязей, нават пытанні энергаэфектыўнасці. Такім адміністрацыйным будынкам можна ганарыцца.

У падарунак ад Віцебскага ДВЛГА лясніцтву была перададзена камп’ютарная тэхніка.

Аляксандр Давідовіч, які ў свой час працаваў ляснічым у Вітунічах, паведаміў, што створана яно было ў 1960 годзе, столькі ж гадоў і былому адміністрацыйнаму будынку. Але, нягледзячы на не зусім зручныя ўмовы працы, якія былі раней, калектыў увесь час імкнуўся быць сярод першых па працоўных паказчыках.

Таццяна Славікоўская, старшыня Бярозкаўскага сельсавета, падзякавала лесаводам за той вялікі аб’ём работы, які яны выконваюць па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, а ляснічы Сяргей Трахінін расказаў, што, акрамя камфортных кабінетаў ляснічага і памочніка, майстроў лесу і бухгалтара, добраўпарадкавана тэрыторыя лясніцтва, пабудаваны гаражы на чатыры машына-месцы, пункт супрацьпажарнага інвентару, кацельная, уладкавана зручная стаянка. Малады ляснічы шчыра прызнаўся, што такі важкі падарунак для калектыву — гэта вялікі давер і не меншая адказнасць. А таму падводзіць лясгас нельга.

У другой палове дня ўжо ў Бягомлі адбылася ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята работнікаў лясной гаспадаркі.
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: