Ляснічы Эдуард Беркін: «Не паляўнічы, зброю ў рукі пасля Афганістана не бяру»

Ляснічы Эдуард Беркін: «Не паляўнічы, зброю ў рукі пасля Афганістана не бяру»

Асобы

Ала АЛЬФЕР, Фота аўтара
25.02.2016 Версия для печати

Абаронца, ахоўнік, здабытчык. Гэта тыя нязменныя пастулаты мужчынскай сутнасці, якія Эдуард Беркін ажыццяўляе праз сваю прафесію, працу. Ляснічы Арэшкавіцкага лясніцтва ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» ахоўвае і даглядае нацыянальнае багацце краіны. Пра лес, куды наведваецца практычна кожны дзень, ён гаворыць з любоўю і замілаваннем. З нецярпеннем чакае, калі падрасце ўнук, каб паказаць яму самы прыгожы ў сваім лясніцтве сасновы бор, якому не менш за 150 гадоў. А яшчэ вельмі любіць рыбалку, і кампанія для гэтага занятку ёсць — сын і зяць таксама заўзятыя рыбаловы.

Ляснічы Эдуард Беркін: «Не паляўнічы, зброю ў рукі пасля Афганістана не бяру». фота

— Не паляўнічы, — папярэджвае Эдуард Адамавіч маё пытанне пра яшчэ адзін папулярны занятак моцнай паловы чалавецтва, — зброю ў рукі пасля Афганістана не бяру.

Гэту старонку свайго жыцця ён адгортвае неахвотна. І, напэўна, зусім не таму, што ваяваць давялося на чужой зямлі. Цяжка растлумачыць, што такое вайна, што нясе яна на сваіх чорных крылах, што даводзіцца перажыць і пабачыць, адчуць... Тым больш у зусім маладым узросце, калі толькі-толькі споўнілася 18 гадоў і хочацца марыць аб шчаслівым жыцці.

У армію хлопец з вёскі Прудок быў прызваны адразу, ледзь споўнілася 18 гадоў. На той час ён пасля заканчэння Арэшкавіцкай школы набываў прафесію вадзіцеля ў Смалявічах, але не давучыўся.

— Дарэчы, вучыўся там разам з земляком Уладзімірам Шумскім з вёскі Калюжыца, які потым загінуў у Афганістане, — узгадвае мой суразмоўца, — мы нават некаторы час перапісваліся. Ён застаўся давучвацца, а я вясной пайшоў на службу.

Практычна адразу навабранцаў адправілі ў Ашхабад — пяць месяцаў «вучэбкі», пяць месяцаў прывыкання да клімату і настаўленні аб паводзінах на чужой зямлі. Ад салдат і не хавалі, што ім давядзецца служыць у Афганістане.

— Не баяліся, нават наадварот, — зазначае сёння Эдуард Адамавіч. — Але калі перад самай адпраўкай спыталі, ці хачу служыць там, адказаў «не». Аднак у арміі загады не абмяркоўваюцца.

Незадоўга да таго, як трапіць на афганскую зямлю, салдат Беркін разам з саслужыўцамі ноччу ішоў страявой перад вялікай калонай. Так праводзілі аднапалчан туды, дзе ішла вайна. А праз два тыдні сам ляцеў у самалёце ў Афганістан. Літаральна дзве гадзіны — і ўжо на месцы: ў Шынданскай дывізіі, правінцыя Герат. Полк стаяў каля аэрапорта, мост побач з якім напачатку і ахоўваў Эдуард. Той першы месяц абышоўся без інцыдэнтаў. Праўда, ужо потым, калі яго перавялі ахоўваць саветнікаў, на мост напалі душманы. Дзякуй Богу, з нашага боку тады абышлося без ахвяр.

Два месяцы правёўшы побач з саветнікамі, беларускі хлопец навучыўся разумець чужую мову, вывучыў звычкі мясцовых людзей. Аднак такая служба яму падалася спакойнай, таму папрасіўся ў разведроту. Да саветнікаў часта прыязджаў камандзір разведчыкаў, адзін з такіх візітаў і выкарыстаў салдат Беркін.

— Вядома, ведаў, што ў разведцы небяспечна. Але ж там, па вялікім рахунку, небяспечна было паўсюдна — чужая зямля, іншая вера. Ловіш душмана, а ён тут жа кідае аўтамат і крычыць: «Я свой». Паспрабуй разбярыся. Там практычна ва ўсіх дарослых зброя была.

У тых умовах, сярод пустэчы сопак, кожная з якіх хавала небяспеку, мацаваліся дружба і братэрства савецкіх салдат. І нават самыя апантаныя аптымісты пачыналі верыць у лёс. Эдуард Адамавіч распавядае пра выпадак, калі адзін з саслужыўцаў мог дэмабілізавацца і адправіцца дадому, але застаўся і яшчэ з паўгода служыў, пакуль у шпіталі лячыўся яго паранены аднавясковец. Дадому яны паляцелі разам.

Увогуле, праводзілі на дэмбель па-свойму весела, але і са слязамі на вачах. Многія, хто адслужыў, не хацелі кідаць сваіх.

І ў лёс верылі нездарма. Яшчэ адзін выпадак. Два браты-аднапалчане. Адзін — разведчык, практычна ўся служба праходзіла ў баявых рэйдах — меў некалькі нязначных драпін. Другі — капцёр, увесь час на месцы, напрыканцы службы напрасіўся ў «дэмбельскі» баявы рэйд і... загінуў.

— Ці было страшна, калі побач гінулі таварышы?

— Страху не было, — упэўнена адказвае Эдуард Адамавіч, — хацелася адпомсціць. Там прасцей у тым сэнсе, што ёсць каманда і ёсць вораг. Хочаш жыць — трэба ваяваць, а савецкія салдаты ваяваць умелі.

Ён таксама прайшоў не праз адзін баявы рэйд, адпраўляўся на граніцу затрымліваць караваны са зброяй і наркотыкамі, якія бандыты ахоўвалі надзвычай пільна. Апошні бой здарыўся пад Кандагарам. Удзельнічаючы ў вайсковай аперацыі, іх рота захоплівала цясніну. Двое байцоў загінулі ў гарах, камандзіру роты куляй галаву прабіла. Эдуард на месцы бою яго перавязваў, сам таксама быў паранены ў нагу. І зноў узгадалася вера ў лёс: маладога салдата ўніз адправілі, пяць куль яго зачапіла, і толькі адна драпіна засталася.

— Пазней падмога падышла, — працягвае Эдуард Адамавіч, — знялі нас з гары. А ноччу — у верталёт і ў шпіталь у Кабул. Там памёр камандзір роты. Мяне самалётам накіравалі ў Ташкент. Адтуль паведаміў родным, што паранены. Яны збіраліся ляцець, ужо і білеты купілі ў Ташкент. А мяне чакала чарговае падарожжа на аэробусе: Растоў-на-Доне — Адэса — Рыга. З Рыгі і тэлефанаваў сваім, давялося ім мяняць білеты і ляцець у супрацьлеглым напрамку. Паўтара месяца правёў у шпіталі, пайшоў у водпуск, пасля якога адразу звольніўся ў запас.

Пісаць пісьмы, як зазначае Эдуард Адамовіч, не вельмі любіў. А калі пісаў, дык літаральна некалькі слоў — маўляў, жывы-здаровы, усё добра. Гэта ўжо потым больш пра яго службу родным «расказалі» ўзнагароды — медалі «За адвагу» і «Ад удзячнага афганскага народа».

Сярод пасланняў, якіх ён вельмі чакаў, былі і пісьмы ад каханай дзяўчыны. З Нінай яны вучыліся ў адной школе. А калі прыйшоў дахаты, практычна адразу пажаніліся. На працу ўчарашні салдат уладкаваўся ў мясцовую гаспадарку вадзіцелем. Так і працаваў да перабудовы, што разваліла вялікую краіну (інтарэсы якой адстойваў на чужой зямлі), а заадно ўнесла разлад у дзейнасць невялікага калгаса на краі Бярэзінскага раёна.

Такім чынам лёс у поўным сэнсе прывёў у лес. Працаваў лесніком, завочна закончыў Полацкі тэхнікум лясной гаспадаркі, вось ужо дзявяты год узначальвае Арэшкавіцкае лясніцтва.

— У канторы сядзець не люблю, лепш за ўсё ў лесе, — гаворыць Эдуард Адамавіч, і прыметна прасвятляецца яго твар. — Але ж і там, і там шмат работы. Праца цяжкая, аднак мне падабаецца. У лесе заўсёды сябе цудоўна адчуваю.

У свае «ўладанні», якія складаюць 11 з паловай тысяч гектараў, ляснічы іншы раз едзе на аўтамашыне, але больш за ўсё любіць адпраўляцца туды на ўласным мотаролеры. Так лепш адчуваецца лес, ён нібы на далоні. А звяроў колькі давялося сустрэць!

— Напэўна, таму, што я не паляўнічы, — заўважае Эдуард Адамавіч.

У лес жа прыводзяць розныя справы. Адметнасць арэшкавіцкіх масіваў у тым, што тут шмат маладнякоў, якія і догляду адпаведнага патрабуюць. Гэта па слядах моцных бураломаў, ад якіх у 2008-м і 2009 гадах пацярпеў мясцовы лес, пасадзілі новы. Але засталіся і некранутыя ўчасткі, якія радуюць вока сваёй велічнасцю. Тут і чалавек не мае права пакідаць нядобры след, тым больш што амаль палова плошчы лясніцтва адносіцца да заказніка.

Зусім нядаўна пабольшала клопатаў у лясніцтве, менавіта тут размясціўся пчальнік лясгаса. А якраз перад гэтым Эдуард Адамавіч і сам заняўся новай для яго пчалярскай справай.

Усё, чым займаецца ён сёння, — падтрымлівае стваральнае і мірнае і, абавязкова хочацца сказаць, шчаслівае жыццё і пярэчыць вайне, якую яму таксама давялося зведаць.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: