— Вельмі прыемна бачыць вынікі сваёй працы, — гаворыць лесавод Бярэзінскага лясгаса Аксана Каравая. — А тут яны навідавоку. У зямлю пакладзеш маленькае насенне, а потым дзень за днём назіраеш, як развіваюцца, растуць саджанцы, дрэўцы, кветкі.
А колькі яшчэ трэба прыкласці клопатаў і старання, каб кволая раслінка стала пышным кустарнікам ці яркай пітуніяй! Аб нястомнай штодзённай працы лесавода Аксана Мікалаеўна сціпла замоўчвае. Толькі ёй і яе калегам па лясной галіне вядома, як патрэбна гадаваць, паліваць, акучваць, абараняць ад сарнякоў зялёных выхаванцаў гадавальніка...
А вопыту ў гэтай справе ў Аксаны Каравай дастаткова, бо ўжо на працягу амаль 15 гадоў яна шчыруе ў базісным гадавальніку Бярэзінскага лясгаса, плошча якога складае 27 га.
Штогод тут вырошчваецца каля 20—30 тыс. дэкаратыўна-пасадачнага матэрыялу. Асартымент разнастайны — хваёвыя культуры з розным адценнем хвоі: ад блакітнага да залацістага, дэкаратыўныя ліставыя кустарнікі ў асартыменце — барбарысы, ядловец, спірэя і іншыя, больш за 5 формаў туй — смарагд, глабоса і іншыя, кветкі розных гатункаў.
— Наша прадукцыя дэманструецца на розных пляцоўках, — з гонарам распавядае Аксана Мікалаеўна. — Так, мы ўдзельнічалі ў абласных “Дажынках”, летась у Барысаве, сёлета ў Чэрвені, часта дэманструем сваю прадукцыю ў Мінску на выставах-продажах і, вядома, удзельнічаем у раённых кірмашах.
— Разам са мной, — дадае жанчына, — шчыруюць Таццяна Казак, яна наш брыгадзір, лесаводы Вольга Пятрова, Святлана Савіцкая, Жанна Стасевіч, трактарыст Васілій Шклейнік. Калектыў наш зладжаны, дружны, а, вядома ж, атмасфера, якая пануе ў калектыве, таксама вельмі значна ўплывае на добрыя вынікі агульнай працы.
Сёлета да свайго прафесійнага свята — Дня работнікаў лесу — Аксана Каравая была адзначана Ганаровай граматай Бярэзінскага лясгаса за добрасумленную шматгадовую працу.
Комментарии
Оставить комментарий0 Комментариев