«Помню, як цяпер…»

«Помню, як цяпер…»

День Победы

Алена ГРОМАВА, Фота аўтара
05.05.2022 Версия для печати

Актыўная, жыццялюбівая, зацікаўленая ва ўсім, не любіць сядзець на месцы… Гэта ўсё пра яе — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Сафію Пятроўну Стасевіч з горада Беразіно. 

Яе шматлікія ўзнагароды пра многае могуць расказаць, але наўрад ці перададуць усё тое, што давялося перажыць і зведаць. 

Ёй было 15 гадоў, калі пачалася вайна, дзяўчына-падлетак дапамагала партызанам 340-га атрада, які размяшчаўся ў лясах у раёне вёскі Дулебы. 

Вялікая Айчынная вайна прынесла вялікае гора для многіх, яе сям’я не стала выключэннем. 

— Я страціла ўсіх братоў і бацьку, — распавядае Сафія Пятроўна, — немцы спалілі нашу родную хату. Мы з маці засталіся без родных, без даху над галавой, туліліся на кватэры ў чужых людзей. І туды часта наведваліся партызаны. Хутка ім спатрэбілася і мая дапамога... Камандзірам 340-га атрада тады быў Міхаіл Каржанаў. Чым займалася ў атрадзе? Усім! У адной з зямлянак пяклі хлеб, варылі есці партызанам. Памятаю, як выпускалі падпольную раёнку. Добра ведала рэдактара Івана Лескаўца. 

Работы ў атрадзе хапала. Ці страшна было? А як вы думаеце: мы ж кожны дзень хадзілі побач са смерцю… 

Немагчыма забыць перажытае. Аб ваенных жахах нагадваюць медалі і быццам вяртаюць у мінулае: «За баявыя заслугі», «За Перамогу над Германіяй»... 

Родам Сафія з Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. 

— Што зараз гаварыць пра жыццё?! Я цяпер, як убачу трактар і дзесяць плугоў, дык слёзы на вачах ад радасці. А раней адзін плуг у полі, ім і аралі, — прыгадвае Сафія Пятроўна мінулае. — Да пачатку вайны там, дзе я жыла, вуліцы былі вялікія, як дзве Мультана. Нас усіх перасялілі. Дзяржава перавазіла дамы, будаваліся... Вось тут, дзе цяпер вёска Журавок Мачаскага сельсавета Бярэзінскага раёна, быў драмучы лес! Дубы стаялі магутныя!.. Усе іх высеклі ўручную, расчысцілі вуліцу... Мы таксама будавалі хату. Мне тады было восем гадоў. 

Бацькі, Пётр і Марыя Бародзічы, працавалі ў калгасе. Акрамя Сафіі, у сям’і гадаваліся яшчэ тры сыны. Старэйшы, Іван, таксама ўжо шчыраваў на калгасных палетках, потым ён пайшоў у партызаны. Браты, Міхаіл і Сцяпан, як і Сафія, былі школьнікамі. Чатыры класы скончылі ў Жураўку, а потым хадзілі за 6 кіламетраў у школу ў вёсцы Глыбокі Брод... 

— Як сёння памятаю той дзень, калі работнік Бярэзінскага райваенкамата прынёс афіцыйныя паведамленні, што браты мае загінулі на франтах, Міхаіл — у 1942 годзе, Сцяпан — у 1943-м... 

Пасля вайны Сафія Пятроўна засталася ў Беразіно, сустрэла суджанага — у маі 1946-га ажаніліся. Разам выхоўвалі чацвёра дзетак. Муж працаваў у пажарнай частцы. Дарэчы, ён таксама ваяваў, абараняў Маскву... 

Больш за 20 гадоў Сафія Пятроўна адпрацавала ў Бярэзінскім лясгасе, адкуль і пайшла на пенсію. 

І сёння гэтая мужная і прыгожая жанчына зараджае сваім аптымізмам, не падае духам. Жыве ва ўласным доме, садзіць агарод, робіць закаткі і абавязкова чытае любімую прэсу — «Бярэзінскую панараму» і «Белорусскую лесную газету». І вельмі радуецца, калі бачыць сябе на старонках гэтых выданняў. Некаторыя з выразак вісяць на сцяне ў яе ўтульнай хаце. 

Заўсёды адчынены яе зялёныя веснічкі, бо часта шчыра сустракае ўсіх, хто завітае ў госці: і вучняў, і дэлегацыі розных узроўняў, і родных, і сацработніка... 

Так, днямі да Сафіі Пятроўны завітала дэлегацыя з Бярэзінскага лясгаса ў складзе намесніка кіраўніка арганізацыі Віталія Умінскага, інспектара па кадрах Надзеі Пішчыкавай і інжынера па падрыхтоўцы кадраў Ганны Бурай — віншавалі з Днём Перамогі, уручылі кветкі і падарункі, выслухалі пажаданні і просьбу аб дапамозе ў выглядзе дошкі для варот і запэўнілі, што абавязкова просьбу выканаюць. 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: