Ляснічы Андрэй Кушэль прывівае любоў да лесу сваім дачкам

Ляснічы Андрэй Кушэль прывівае любоў да лесу сваім дачкам

Дзеючыя асобы

Арына САНДОВІЧ, Фота Валерыя ХАРЧАНКІ
03.04.2014 Версия для печати

У лясной галіне няма выпадковых людзей: сюды іх прыводзіць сапраўдная любоў да роднай прыроды і прага паслужыць ёй. Адным з такіх адданых сваёй справе людзей і з’яўляецца ляснічы Любчанскага лясніцтва Навагрудскага лясгаса Андрэй Кушэль. 

Ляснічы Любчанскага лясніцтва Навагрудскага лясгаса Андрэй Кушэль. фотаУраджэнец вёскі Сімакава Карэліцкага раёна, Андрэй Мікалаевіч з дзяцінства любіў лес і родныя краявіды, таму пасля школы дакладна ведаў, з якой прафесіяй звяжа свой лёс. Ды і бацькі адобрылі выбар сына. Таму нядзіўна, што ў хуткім часе ён паступіў на лесагаспадарчы факультэт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

— Сваю вучобу я  пачынаў з дзённай формы навучання, але потым перавёўся на завочнае аддзяленне, бо хацелася як мага хутчэй прымяніць свае  веды на практыцы, — расказвае Андрэй Мікалаевіч. —  Працоўны шлях пачаў майстрам лесу ў 1997 годзе ў Мірскім лясніцтве Навагрудскага лясгаса.

Там заўважылі і высока ацанілі перспектыўнага маладога спецыяліста і ў хуткім часе прызначылі майстрам лесу ў Усялюбскае лясніцтва, а потым — і памочнікам ляснічага ў Любчанскае лясніцтва. І вось ужо другі год Андрэй Мікалаевіч узначальвае яго.

— Маім папярэднікам на гэтай пасадзе быў цудоўны чалавек, сапраўдны майстар сваёй справы — Генадзь Антонавіч Пячынскі, які шчодра дзяліўся са мной сваім прафесійным досведам, — расказвае Андрэй Мікалаевіч. 

У Генадзя Антонавіча — дастойны пераемнік. Андрэя Мікалаевіча часта ўзнагароджваюць ганаровымі граматамі да Дня работнікаў лесу, а мінулай восенню ён атрымаў нагрудны знак «10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь».

— У лесаводаў шмат клопатаў, але калі жыць без турбот, то гэта ж нецікава! Трэба заўсёды імкнуцца наперад, пакараць новыя прафесійныя вяршыні, — лічыць Андрэй Мікалаевіч. — Як ляснічаму, мне падпарадкоўваецца шмат працаўнікоў, і да кожнага патрэбна знайсці свой падыход, бо аднолькавых людзей  не бывае.  Калі ты з павагай ставішся да іншых, то і яны абавязкова адплацяць табе тым жа. 

Андрэй Мікалаевіч шчаслівы і ў асабістым жыцці. Любая жонка Алена нарадзіла яму трох цудоўных дачушак: Дар’ю, Вікторыю і Маргарыту.

— З дзяцінства прывіваю дачкам любоў да лесу. Старэйшыя — дзевяцігадовая Дар’я і сямігадовая Вікторыя ўжо актыўна мне дапамагаюць па працы, а малодшай яшчэ трэба крыху падрасці — ёй толькі паўтара годзіка. Мне вельмі прыемна, што дачкам падабаецца лес. Ці звяжуць яны ў будучыні свой прафесійны шлях з ім, я не магу быць упэўнены, але тое, што яны вырастуць неабыякавымі да прыроды людзьмі, ведаю дакладна!
   


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: