Малады спецыяліст Ганна Гемская працуе памочнікам ляснічага ў Бярэзінскім лясніцтве

Малады спецыяліст Ганна Гемская працуе памочнікам ляснічага ў Бярэзінскім лясніцтве

Дзеючыя асобы

Ала АЛЬФЕР, Фота аўтара
05.03.2015 Версия для печати


Форма работніка лясной гаспадаркі Ганне да твару. Яна адцяняе прыгажосць і стройнасць дзяўчыны, надае ёй яшчэ больш прывабнасці і нібы падкрэслівае сур’ёзнае стаўленне да жыцця. Ды і пасада сур’ёзная — памочнік ляснічага Бярэзінскага лясніцтва. Работа маладому спецыялісту падабаецца, бывае, вядома, складана, але заўсёды можна атрымаць дапамогу больш вопытных калег.

Памочнік ляснічага Бярэзінскага лясніцтва Ганна Гемская. фота

Яшчэ няма і двух гадоў, як Ганна Гемская пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта стала паўнапраўным членам калектыву ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас». Пачынала з майстра ў Мачаскім лясніцтве. Яе старанне і адказныя адносіны да абавязкаў заўважылі і хутка прызначылі памочнікам ляснічага, а потым запрасілі на такую ж пасаду ў Бярэзінскае лясніцтва. 

— Яшчэ ў час вучобы была на практыцы ў Мачаскім лясніцтве, — гаворыць Ганна. — І потым у калектыве прынялі як сваю. Ляснічы Мікалай Мікалаевіч Лаўнік быў маім настаўнікам. Тут, у Беразіно, хутка асвоілася, таксама людзі чулыя.

Мачаскае лясніцтва і да гэтага не было для дзяўчыны чужым. Тут, у вёсцы Старыя Прыборкі, яе радзіма, дзе аббегала не адну лясную сцежку, радавалася, вяртаючыся з лесу з поўным кошыкам ягад або грыбоў. Тут шмат гадоў лесніком працуе яе бацька Анатоль Яўгенавіч. Гэта стала вырашальным у выбары прафесіі? 
Нам не заўсёды лёгка вызначыць сваё рашэнне, хаця недзе ў душы, падспудна, нярэдка незаўважна, яно прысутнічае заўсёды. Выбар прафесіі, як прызнаецца сама Ганна, для яе быў няпростым. Меркавала стаць педагогам, думала і пра службу ў міліцыі. 

— Аднак вырашальны ўплыў аказала сяброўка, якая на той час атрымлівала лясную прафесію ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, была ўжо на 3­м курсе, а канчатковую ролю адыграў дзень адкрытых дзвярэй у гэтай навучальнай установе.

Бацька выбар дачкі адобрыў не адразу. Ведае, якая нялёгкая праца ў лясной гаспадарцы, тут і мужчыну зусім няпроста. Але настойлівасць Ганны зрабіла сваю справу, вымушаны быў пагадзіцца, дадаўшы: «Падумай». А яна ўжо даўно падумала і рыхтавался да паступлення. Гэтым самым, у памяць пра матулю, якая заўсёды гаварыла пра тое, што ёй падабаюцца дзяўчаты ў форме, ажыццяўляла і яе мару. Але і на гэтым не спынілася: працуючы, адначасова працягвае вучобу, на гэты раз завочна ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. 

— Не ведаю, як складзецца далей, але пакуль планую працаваць у лясной гаспадарцы, — запэўнівае дзяўчына. 

Тут яна ўжо паспела праявіць сябе не толькі ў працы. Ганна Гемская дастойна адстойвае гонар калектыву ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас» на розных спартыўных спаборніцтвах. Яшчэ ў час вучобы ў школе, адпачываючы ў санаторыі «Сонечная паляна», захапілася настольным тэнісам. Ва ўніверсітэце займалася ў адпаведнай секцыі і выступала за свой факультэт. Не без яе ўдзелу пасля каманда Бярэзінскага лясгаса займала першыя месцы на спартакіядах у раёне і вобласці, летась разам з калегамі яна радавалася другому каманднаму месцу і такому ж у асабістым заліку на раённых спаборніцтвах. 

Ужо ў час першых спаборніцтваў, у якіх Ганна прыняла ўдзел і атрымала перамогу, яна, як заўважыла сама, зразумела, што неабходна імкнуцца да большага. Мяркуючы па ўсім, да большага яна імкнецца не толькі ў спорце. 
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: