Лясныя камбайнеры

Лясныя камбайнеры

Гарачы рэпартаж

Фота аўтара, Алена ГАНУЛІЧ
15.08.2019 Версия для печати

Некаторыя лесаводы летам мяняюць прафесію: з лесанарыхтоўчых машын перасаджваюцца на камбайны і некалькі тыдняў разам з аграрыямі жывуць у рэжыме «жніво». Працаўнікі лясной гаспадаркі Астравеччыны — не выключэнне.

Камбайнер Аляксей Жусін і яго памочнік Юрый Дрозд. фота

— Васьмёра нашых работнікаў працуюць у КСУП «Міхалішкі», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», — па дарозе ў КСУП «Гервяты» расказаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Астравецкі лясгас» Пётр Крупеньчык. — Дапамагаць аграрыям убіраць ураджай ужо стала традыцыяй!

Вадзіцель дрэваапрацоўчага цэха Юрый Яромін трэці год запар падчас жніва возіць збожжа з поля да зернесушылак.

— За дзень раблю каля сямі рэйсаў, але гэта залежыць ад таго, як далёка ад зернесушылкі працуюць камбайны. У кузаў аўтамабіля змяшчаецца каля 12 тон, — расказвае Юрый. — Што самае складанае? Напэўна, тое, што даводзіцца працаваць з раніцы да позняга вечара, але праз некалькі дзён прывык да такога рытму. Хто, калі не мы, дапаможам вяскоўцам? — вадзіцель хуценька заскочыў у кабіну МАЗа і паімчаў да камбайна, праз імгненне ў кузаў аўтамабіля заструменіла збожжа новага ўраджаю.

У КСУП «Міхалішкі» ўбіраць новы ўраджай дапамагаюць чатыры работнікі з Міхалішкаўскага, Спондаўскага, Падольскага лясніцтваў і лесапункта.

На трактары з прычапным жалезным лістом Аляксандр Шульга з поля да сцірты буксіруе салому. За дзень механізатар перавозіць каля 150 «шпулек».

Трактарыст Аляксандр Шульга. фота

— Усё вяртаецца на кругі свае, — гаворыць мужчына. — Толькі тры месяцы назад перайшоў з саўгаса ў Падольскае лясніцтва, і, як бачыце, зноў у полі. Прэсаваць і цягаць салому — гэта мая работа.
Больш за дзесяць гадоў абмалочваць збожжа міхалішкаўцам дапамагае машыніст фарвардара Аляксей Жусін, на камбайне якога красуецца надпіс: «Ляснік». Сёлета на жніве Аляксею дапамагае лесаруб Спондаўскага лясніцтва Юрый Дрозд.

— З шостага класа на ўборцы, — расказвае Аляксей Жусін. — Светлай памяці тата штогод працаваў на камбайне і браў мяне з сабой, бо ведаў, калі не возьме, усё адно ўпотайкі на поле прыбягу. Гісторыя паўтараецца! (Усміхаецца.) На днях падчас абедзеннага перапынку сына ўзяў з сабой. Хлопцы пытаюцца ў майго Дзімкі, кім будзе, а ён як закрычыць на ўвесь голас: «Камбайністам, як татачка!»

Суткамі напралёт працаваць у полі, калі дазваляе надвор’е, для Аляксея — справа прывычная. Мужчына прызнаецца, што дзякуючы надзейнаму тылу — жонцы Святлане і траім дзеткам, Паліне, Карыне і Дзіму, — можна і горы звярнуць.

Яшчэ адзін машыніст лесанарыхтоўчай тралёвачнай машыны Аляксандр Субаткевіч таксама працуе камбайнерам у КСУП «Міхалішкі».

— Адзінаццаты год убіраю збожжа на гэтым камбайне, — расказвае мужчына. — На страчанскіх землях цяжка яго малаціць: участкі маленькія, гарыстыя, дробнаконтурныя — не развярнуцца. Але нічога — рады даём. Завуць з калгаса дапамагчы, ну як тут адмовіш? Ды і капейчыну можна падзарабіць.

Гэтага меркавання прытрымліваецца і Генадзь Мілаш, які таксама працуе на лесанарыхтоўчай машыне.

Камбайнер Віталь Тумінскі. фота

— Найбольш намалаціў у 2015 годзе. Калі не памыляюся, 1800 тон, — расказвае камбайнер. — Але не гэта галоўнае. Бачыце, як ячмень галовы схіліў? Кроў з носу, а ўбраць яго як мага хутчэй трэба.

Кажуць, былых камбайнераў не бывае… Пра гэта добра сведчыць прыклад машыніста лесанарыхтоўчай тралёвачнай машыны Віталя Тумінскага, які на камбайне КЗС-1218 убірае збожжа ў РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Прозвішча мужчыны добра вядомае на Астравеччыне: варнянскі механізатар не раз перамагаў у працоўных спаборніцтвах, а ў 2011 ­годзе сярод маладзёжных камбайнерскіх экіпажаў заняў трэцяе месца ў Гродзенскай вобласці.

— Быў і на абласных, і на рэспубліканскіх «Дажынках». На жніве працую 19-ы сезон, — расказвае Віталь. — Па ўсім бачна, што ад сябе не ўцячэш. Хоць ужо і не працую ў сельскай гаспадарцы, а да зямлі ўсё адно цягне. Відаць, вясковая натура такая.

Яшчэ аднаго камбайнера, Сяргея Масевіча, на саўгасных нівах, на жаль, мы не заспелі — ён рамантаваў камбайн у майстэрнях.

…Працаўнікі лясной гаспадаркі — людзі прыроды, людзі ад зямлі, якая кожны год вабіць іх да сябе водарам саспелай збажыны.
 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: