Алена Стэльмах: «Па лясных сцяжынках да «Дуба і крумкача»

Алена Стэльмах: «Па лясных сцяжынках да «Дуба і крумкача»

Кніжная навінка

Ігар ВАРЭНІК
14.07.2016 Версия для печати

Сярод разнастайных выданняў на паліцах кнігарняў нядаўна з’явілася яшчэ адно. Яно выдзяляецца асабліва. Вабіць яго незвычайнае афармленне ў стылі беларускай выцінанкі, звяртае на сябе ўвагу не зусім традыцыйны фармат. Такая своеасаблівая кніга-сувенір. «Дуб і крумкач» — носіць назву кніжная навінка Алены Стэльмах. Яе імя добра знаёма чытачам нашай газеты. Алена Анатольеўна працяглы час узначальвала штотыднёвік лесаводаў. На яе рахунку шэраг асабістых кніг і калектыўных зборнікаў, прысвечаных беларускаму лесу і людзям, якія шчыра яму служаць.
Думаецца, не абышлося без уплыву вопыту лясной гаспадаркі і пры стварэнні новай арыгінальнай казкі, якую высока ацанілі як спецыялісты, так і юныя чытачы, якім у першую чаргу пісьменніца адрасавала свой твор.

«Дуб і крумкач» — носіць назву кніжная навінка Алены Стэльмах. фота

Разам з Аленай Стэльмах пагартаем старонкі кнігі «Дуб і крумкач» і даведаемся шмат цікавага, што робіць адметнай яе творчасць як заслужанага журналіста Беларускага саюза журналістаў, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, члена Саюза пісьменнікаў Расіі. Зараз Алена Анатольеўна — намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

— Алена Анатольеўна, перш за ўсё дазвольце павіншаваць вас. «Дуб і крумкач», як вядома, кніжная навінка Выдавецкага дома «Звязда» 2016 года. Як спалучыўся творчы дуэт пісьменніка і мастака ў такім незвычайным ракурсе?

— Спярша, зразумела, з’явілася казка. Яна атрымалася літаральна за дзень і крыху прыхапіла ноч. Назвала яе ўмоўна — «Дуб і крумкач», з надзеяй, што пазней прыдумаю нешта больш арыгіналь­нае. Цяпер, калі кніга жыве сваім жыццём, нават не ўяўляю, як бы магла назву перайначыць, настолькі яна прыжылася і выяўляе галоўную сутнасць таго, што, як аўтар, хацела данесці да чытача.

Дуб нязрушна тры стагоддзі стаіць на адным месцы, але да яго ўсе хінуцца, бо і ён да кожнага — са спагадай, дабром. Крумкач мае крылы, паўсюдна лятае, але нораў яго — злы, драпежны. Ён там, дзе кроў, чалавечае гора і слёзы. Дык хто з іх больш важны, карысны, шчаслівы? Адказ на гэтае пытанне шукаюць самі героі, і я наўмысна пакідаю яго адкрытым, каб заставіць чытача мысліць, разважаць, рабіць вывад самому…

Мастак Уладзімір Лукашык зрабіў сваё прачытанне твора сродкам, ула­с­цівым яго творчасці — «мовай» ілюстрацый. Ён прызнаўся, што даўно марыў аформіць кнігу ў стылі народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у прыватнасці выцінанкі. І вось такая нагода з’явілася. Вобразы герояў казкі яго як мастака таксама ўзрушылі.

— Адкуль такая глыбіня казкі, яе філасофскае гучанне?

— Некалькі гадоў таму разам з земляком мастаком-карыкатурыстам Анатолем Гармазой ладзілі свята роднай вёскі Навасады Дзяржынскага раёна. Хацелася больш даведацца пра яе гісторыю, таму і вывучала старадаўнія дакументы. З задавальненнем перачытала творы таксама свайго земляка, знакамітага творцы, так званага светача пачатку мінулага стагоддзя Каруся Каганца. Ён наведваў вёску, бо ў ёй жылі сваякі яго жонкі. Каганец паклапаціўся ў сваіх вершах, казках назваць тутэйшыя мясціны, многія з каторых на той час ужо зніклі з твару зямлі. І мне захацелася, гэтак жа, як і ён, улюбёна, апісаць навасадскае наваколле, занатаваць зніклыя апошнім часам тапанімічныя назвы, якія, бадай, толькі ў мастацкім творы і застануцца.

Мой погляд затрымаўся на трохсотгадовым дубе, тым самым, што стаіць амаль пасярэдзіне вёскі. Падумалася, вось жывы сведка гісторыі, яе маўклівы ахоўнік. Стары волат на свае вочы бачыў тое, чаго няма нават у архівах. Змянілі пакаленні адно другое, вёска набыла іншы выгляд, а ён, дуб-прашчур, прыняўшы на сябе ўсе ўдары гаротнага лёсу, стаіць, сцеражэ спакой сваіх землякоў. Ва мне трымцела жаданне даць яму магчымасць выгаварыцца…

Свята атрымалася на дзіва ўдалым. З няблізкага свету ехалі людзі, каб Радзіме пакланіцца, удыхнуць глыток гаючага паветра, прайсціся сцежкамі дзяцінства… Весяліліся і ля дуба. Да раніцы пад гітару, як у юнацтве, спявалі любімыя песні.

Дуб, здавалася, прарос ва мне сваімі ўчэпістымі каранямі, пакручастымі галінамі ласкава ўзяў да сябе ў абдымкі. Хацелася пісаць.

«Дуб і крумкач» — носіць назву кніжная навінка Алены Стэльмах. фота

— А як з’явіўся вобраз крумкача? Нагадаем тое месца ў казцы: ­«…Разам з кроплямі аксамітавай расы знікла звычайная агульная вясёласць… Ведаючы патаемны нораў свайго суродзіча, не магла птушыная грамада пагадзіцца з тым, што зыркаў ён без аніякага намеру, проста так».

— Абмежавацца ўсяго тым, што казачны дуб — гэта толькі сімвал маёй малой радзімы, будзе далёка няправільна. Дзякуючы рабоце ў «Белорусской лесной газеце», я мела магчымасць бачыць нашы ўнікальныя пойменныя палескія дубровы, збіраць жалуды са знакамітых буда-кашалёўскіх старажылаў, абдымаць белавежскіх доўгажыхароў. Маю вялікае перакананне, што дуб увасабляе ў сабе збіральны вобраз беларускага народа. Наш народ гэтак жа трывала стаіць на нагах, мае глыбокія карані.

«Дуб шкуматалі раз’ятраныя вятры, пеклі жахлівыя маланкі, да апошняй галінкі прабіралі сцюдзёныя дажджы, скоўвала ледзяніца» — ён вытрымаў усе выпрабаванні, дзелячы і гора, і радасці з тымі, хто не цураўся роднай зямлі. Шурпатая кара дуба, апечаны яго бок — адбіткі часу, сляды пары ваеннага ліхалецця. Як і зарубцаваныя раны ад болю і страт мінулай вайны на сэрцах беларусаў. Дуб — гэткі самавіты беларус, памяркоўны, мудры, сардэчны, добразычлівы. І як гаворыцца ў казцы, «ніякая пякельная сіла яго не адолее».

Таму і ўзніклы на небе крумкач — пагроза, накшталт тых чорных сіл, якія жадаюць засланіць сонца, адужаць волата, прынізіць, а то і зняважыць яго добрыя намеры. Гугнявы крумкач — калючы, з’едлівы і яшчэ больш злы ад таго, што не ўсё ў яго волі. Дуб ад нахабства нечаканага госця, зразумела, усхваляваўся, але змог звалодаць з сабою. Яго спакойная разважлівасць абязбройвае напорыстага крумкача. Той вымушаны цярпець паражэнне, адступаць. Хоць гэта і не ў яго, караля крывавых пабоішчаў, атамана жудасных войнаў, правілах. Прагная да смаку бяды птушка, не адолеўшы «мазолістай праўды» дуба, памкнулася туды, дзе нутром чуе ахвяру… Вось чаму яшчэ ў пачатку кнігі ў прадчуванні бяды насцярожылася ўсё жывое.

— Усё так сур’ёзна, а кніжка ж лічыцца дзіцячай…

— Спярша і я так думала, што дарэмна рызыкнула прапанаваць яе дзіцячай аўдыторыі. Але ўжо першыя сустрэчы з маімі юнымі чытачамі пераканалі мяне ў адваротным. Дзеці хутка скемілі, што да чаго, дакладна вызначыліся, чый бок ім заняць. Увесь чэрвень у дзіцячых бібліятэках г. Мінска ладзіліся прэзентацыі кнігі, якія звычайна праходзяць у гульнёвай форме. Са мной і мае героі — сімвалічныя цацкі дуба і крумкача. Унутры дуба нават запальваецца святло, якое зачароўвае дзяцей.

Шмат расказваю пра беларускі лес, яго насельнікаў. Дзеці з гонарам называюць дуб царом лесу, яго капітанам. Непрыкметна яны спрабуюць сябе ў ролі казачнікаў. Я іх падхвальваю. І тады мае юныя чытачы навыперадкі выдумляюць розныя гісторыі пра дуб, яго сяброў-паплечнікаў. Малыя гатовы садзіць дубравы, каб яны ўпрыгожвалі нашу зямлю. Іх юныя сэрцы не церпяць зла, якое нясе крумкач, асуджаюць яго нахабства і здрадніцкія дзеянні, мараць жыць у сяброўстве і міры. Звычайна аўтары самых лепшых гісторый атрымліваюць ад дуба талісманы — чароўныя жалуды. Іх, да ўсяго кажучы, спецыяльна да казкі змайстравала беларускі дызайнер Анастасія Касцюк.

— Алена Анатольеўна, хочацца ведаць, ці будзе працяг вашага праекта? Надта ж казка павучальная: напісана на аснове беларускага фальклору, а гучыць вельмі сучасна. Ды і сама кніга заўважная не толькі для беларусаў. Яна і для замежнікаў, як наш нацыянальны брэнд.

— Ёсць намер выпусціць серыю такіх кніг. Казка «Рыпучае дрэва» — чароўны аповед пра лес, яго самаадданага ахоўніка лесніка Янку. Ёсць у казцы і Лясун, і Баба Ёўга, і іншыя вясёлыя і кемлівыя героі. Злы чалавек паквапіўся на ласіху Красулю, жорстка забіў яе. Гэта здарэнне ўсхвалявала ўсіх лясных насельнікаў. Думаю, чытачам будзе цікава даведацца, чаму казка называецца менавіта «Рыпучае дрэва». Дарэчы, па гэтай казцы створаны сцэнарый для беларускага лялечнага тэатра «Батлейка». Магчыма, паставіць яе захочуць і ў тэатры якога-небудзь школьнага лясніцтва. Буду рада прыехаць на прэм’еру.

Яшчэ адна казка — «Павадыр» — пра тое, як на падворку ніякая жывёліна нічога не хацела рабіць, жылі ляніва, у брудзе. Не выратаваў сітуацыю нават закліканы на дапамогу самавітай сямейнай парай — Бараном і Авечкай — руплівы Певень. Чым канчаецца такое бязладдзе — вучыць мудрая казка.

Хочацца дадаць назвы і такіх казак, як: «Чаму ружа калючая», «Злы сабака», «Чорны бусел». Іх сюжэты яшчэ выношваю. Хаця дакладна ведаю: інтрыгі, каб зацікавіць чытача, там будзе дастаткова. Клапачуся і пра мову: сакавітую, вобразную, сапраўдную беларускую.

Мастацкае афармленне новых твораў мяркуе быць тым жа — у стылі народнага дэкарытыўна-прыкладнога мастацтва. Праўда, гэта ўжо будуць іншыя яго напрамкі — мазаіка, ласкут… Словам, як вырашыць мастак, што «зачэпіць» яго.

— Дзякуй вам, Алена Анатольеўна, за такі змястоўны расказ, за вашу вялікую любоў да ўсімі намі паважанага беларускага лесу, за шанаванне яго ў вашых творах. Нашым чытачам цікава ведаць, ці не змаглі б вы прэзентаваць кнігу «Дуб і крумкач» у школьных лясніцтвах. Тут вас чакаюць таксама ўдзячныя чытачы. І, між іншым, дзе кнігу можна набыць?

— Запрашэнне вельмі прыемнае. Абяцаю — будуць сюрпрызы ад мяне і ад дуба. Адзін з іх зроблены па кнізе буктрэйлер. Такім чынам, кнігу «Дуб і крумкач» можна не толькі чытаць, але і бачыць захапляльны сюжэт на экране.

Увосень мяркую праводзіць майстар-клас па вырабу з жалудоў вясёлых чалавечкаў. Так што, прызапашвайце матэрыял.

Прыемна тое, што ў казкі ёсць і вершаваны варыянт. Настолькі твор захапіў паэтку, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Рэгіну Рэўтовіч.

Адкрыю і такі сакрэт: у кнізе ёсць пэўныя недакладнасці. На іх мне ўказаў яшчэ ў рукапісу мой даўні сябра, у тым ліку і добразычлівы крытык, вялікі знаўца лесу, небезвядомы многім лесаводам лесаўпарадкавальнік Аляксандр Мікалаевіч Радчанка. Гэтыя недакладнасці ён прызнаў невялікімі (у казках усё магчыма), і таму я наўмысна пакінула іх у тэксце. Паспрабуйце адшукаць хібы — пасмяёмся разам!

Кніга ёсць у наяўнасці ў Выдавецкім доме «Звязда».

— Творчых вам поспехаў і выхаду запланаваных кніг!


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: