Лясную магію нараджаюць умелыя рукі і фантазія

Лясную магію нараджаюць умелыя рукі і фантазія

Конкурс

Фота аўтара, Алена КАРПУШЭНКА
03.06.2021 Версия для печати

У Шуміліне прайшоў першы абласны конкурс-пленэр майстроў разьбы па дрэве «Лясная магія». Ініцыятарам конкурсу выступіла Віцебскае дзяржаўнае лесагаспадарчае аб’яднанне, арганізатарам — Шумілінскі лясгас. 

Практычна за суткі 11 разьбяроў-аматараў з лясгасаў вобласці ў рэжыме анлайн у самым цэнтры Шуміліна прадэманстравалі, як умелыя рукі і фантазія могуць зрабіць са звычайнага дрэва неверагодныя і ўнікальныя рэчы. Скульптуры ў выніку застануцца ў нас як падарунак ад арганізатараў конкурсу да маючых адбыцца восенню абласных «Дажынак». «Дух лесу», філін, жар-птушкі, сава, медзведзяня, страказа, горны арол, кветкавае дрэва і Дрыяда ўпрыгожаць цэнтральны гарадскі парк, які таксама да «Дажынак» зменіць выгляд. 

А наогул, паводле слоў генеральнага дырэктара Віцебскага ДЛГА Юрыя Заблоцкага, абласны конкурс-пленэр плануецца надалей праводзіць у гарадах, дзе будуць ладзіцца абласныя «Дажынкі». Так што, Глыбокае, чакай! 

Пасля ўрачыстага адкрыцця конкурсу, віншаванняў і пажаданняў творчасці, удачы і натхнення ад прадстаўнікоў раённай улады і арганізатараў пленэра закіпела работа, загулі бензапілы… 

Конкурс праходзіў у два туры. Першы тур быў завочны, на яго трэба было прадставіць работу, выкананую дома. Работы былі выстаўлены на сцэне. 

Практычна кожны майстар выбраў для работы асіну, з якой, паводле іх слоў, лягчэй працаваць, яна больш падатлівая. І толькі адзін майстар з Ушацкага лясгаса запрасіў сасну і пераўвасобіў яе ў арыгінальную страказу, якая ўселася на незвычайную кветку. 

Цікава было сачыць, як спрытна ў руках майстроў працавалі пілы і шліфмашыны, пасля чаго ў ход пайшлі стамескі і іншы інструмент-рыштунак, як на вачах самае звычайнае дрэва пераўвасаблялася ў твор мастацтва. І было бачна, што майстры-аматары любяць працаваць з драўнінай, адчуваюць яе. 

Сапраўды, журы было складана выбіраць пераможцаў, бо кожная работа атрымалася пасвойму цікавай і незвычайнай. Акрамя тэхнічнага выканання, кожны майстар уклаў у выраб часцінку душы, надзяліў яго сваім асаблівым бачаннем навакольнага свету і прыгожага. 

Пераможцы былі выбраны шляхам падсумоўвання балаў па выніках двух тураў. Самы высокі бал атрымаўся ў Аляксандра Сіпко з Шумілінскага лясгаса. Другое месца прысуджана Васілю Багаценку з Полацкага лясгаса, трэцяе — самаму маладому ўдзельніку Мікіце Яцкевічу з Бягомльскага лясгаса. Дарэчы, хлопцу крыху не хапіла часу, каб рэалізаваць у поўнай меры сваю задуму і давесці да фінішнай кропкі Дрыяду.

Спецыяльны прыз за арыгінальную тэхніку выканання — караняпластыку — атрымаў майстар з Бешанковіцкага лясгаса Аляксандр Сяркоў. 

Для пераможцаў конкурсу былі падрыхтаваны шыкоўныя падарункі. Кожны ўдзельнік пачуў словы ўдзячнасці і атрымаў каштоўныя падарункі за смеласць, творчасць і любоў да прыродных матэрыялаў, за жаданне дзяліцца сваім талентам з іншымі. У памяць аб Шуміліне канкурсанты павезлі дадому сувеніры Обальскага керамічнага завода. 

Першы абласны конкурс-пленэр удаўся. Мерапрыемства атрымалася незвычайным, яркім і творчым. І многія выказалі ўслых думку, што можна было б паўтарыць падобны конкурс, арганізаваўшы інтэрактыўную пляцоўку на «Дажынках». У нас у раёне нямала майстроў па дрэве, якія ўмеюць рабіць цуды, маглі б падзяліцца талентам і ўразіць жыхароў і гасцей сваім умельствам. 


Некалькі слоў пра пераможцу 

Аляксандр Сіпко працуе ў лясгасе станочнікам трэці год. Спецыяльнай адукацыі па рабоце з дрэвам не мае, але дэманструе прыродны талент і фантазію. Тэхніку выканання яго конкурснай работы «Філін у абароне» высока ацаніў і майстар-выкладчык з 30-гадовым стажам Вадзім Хадасевіч з Віцебскага тэхналагічнага каледжа, які быў запрошаны прыняць удзел у мерапрыемстве ў якасці незалежнага эксперта. Дарэчы кажучы, помніце драўляныя скульптуры «Тры асілкі», якія да нядаўняга часу знаходзіліся ў парку, а зараз прапісаліся ў Верхнім горадзе? А «Машу і Мядзведзя»? Гэта справа залатых рук Аляксандра Сіпко. Так што перамога заслужаная!

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: