Ураджай плённай працы

Ураджай плённай працы

Людзям аб людзях

Ала АЛЬФЕР
23.01.2015 Версия для печати

Тое, што на раённым свяце «Дажынкі­2014» дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Шчэцька ўручыў Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу ляснічаму Бярэзінскага лясніцтва Уладзіміру Іванавічу Якаўцу, вядома ж, стала нечаканасцю, але не выклікала здзіўлення. Бярэзінскае лясніцтва традыцыйна ў ліку лепшых не толькі ў ДЛГУ «Бярэзінскі лясгас». Яно неаднойчы займала вышэйшую прыступку ў абласным спаборніцтве, ды і ўвесь час у перадавіках. 

Здаецца, ляснічы даўно прывык да лідарства і ставіць знак роўнасці паміж поспехам і штодзённай будзённай работай. Дакладней, не прывык, а не можа працаваць па­іншаму. І вынікі працы лічыць не столькі перамогамі і ўзнагародамі, колькі зроб­леным і дасягнутым. І не столькі свае ўласныя, колькі вынікі ўсяго калектыву лясніцтва.
Бярэзінскае лясніцтва — і самае вялікае па плошчы ў Бярэзінскім лясгасе, і найбольш раскіданае. Складаецца яно з 4 майстарскіх участкаў і 18 абходаў. І работа ў лесе шматгранная — ахова, догляд лесу, нарыхтоўка драўніны, выдача лесапрадукцыі. А калі ўлічыць, што аб’ёмы работы з цягам часу растуць... Уладзімір Якавец прыгадвае той час, калі нарыхтоўвалі па 6 тысяч кубамет­раў драўніны ў год, сёння ўжо — па 40 тысяч кубаметраў. І справа не толькі ў тэхналогіях.
— Стала больш спелых лясоў, — гаворыць Уладзімір Іванавіч, — а лес, як і хлеб, патрэбна своечасова ўбіраць. 
На месцы высечаных дзялянак паяўляюцца новыя, маладыя лясы. Гэта таксама неад’емная частка работы ляснічага. Ура­джай пасаджанага ўласнымі рукамі лесу сам пакуль не збірае, гэтым будуць займацца патомкі, бо, напрыклад, узрост спеласці сасны складае не менш за 80 гадоў, бярозы — 60 гадоў. Але ўраджай плённай працы ўжо даволі значны. 
У лютым гэтага года споўніцца роўна 25 гадоў, як Уладзімір Якавец працуе ў Бярэзінскім лясгасе. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта жыў і працаваў на Палессі, адкуль сам родам. А потым пераехалі на Бярэзіншчыну — радзіму жонкі. Пэўны час працаваў майстрам на вытворчым майстарскім участку «Кукарава», потым механікам у лясгасе. І вось ужо амаль 15 гадоў — на пасадзе ляснічага Бярэзінскага лясніцтва. Работа ў лесе, як адзначае Уладзімір Іванавіч, яму падабаецца больш. Напэўна, доля рамантыкі ў гэтым ёсць, бо немагчыма без яе, калі кожны дзень перад вачыма казачная прыгажосць, прычым у розныя поры года свая. Але часцей бывае не да рамантыкі, бо даводзіцца думаць пра больш прыземленае — паказчыкі работы, умовы работы ў лесе, пра ахову лясоў ад самавольных высечак і пажараў і гэтак далей. Усё гэта кожны дзень павінна быць пад кантролем, таму нярэдка дзень не ўкладваецца ў рамкі рабочага часу, улетку іншы раз ужо ў 5 гадзін раніцы ў лесе. 
Многае мяняецца з цягам часу. Штосьці ў рабоце ўскладняецца, штосьці становіцца прасцей. Прасцей стала весці барацьбу з ляснымі пажарамі. Па­першае, як зазначае Уладзімір Іванавіч, павысілася культура людзей, якія ідуць у лес, у чым несумненная роля прафілактычнай і растлумачальнай работы. Ды і сучасная тэхніка ўсё больш выкарыстоўваецца на варце лесу — колішнія вышкі для назірання замянілі відэакамеры. Не толькі ўскладняюць работу, але і засмучаюць прыродныя катаклізмы. Не забытыя яшчэ бураломы, якія не адзін год здараліся ў бярэзінскіх лясах. Дзякуй Богу, агульнымі сіламі ўсёй рэспублікі выходзілі са становішча. Своечасова прыбралі, пасадзілі новыя лясы, цяпер галоўная задача — догляд за імі. І тут у ляснічага на першым плане правільны падыход. 
Яго прафесіяналізм адчуваецца ва ўсім. Прафесіяналізм, які складаецца і з вопыту работы, і з адносін да сваіх абавязкаў. Не ў меншай ступені — з адносін да лесу. З дзяцінства з бацькам­паляўнічым ён адпраўляўся па лясных ходжаных і няходжаных сцяжынках. Не пакінуў паляўніцтва да гэтага часу і адносіцца да яго зусім не як да працэсу адстрэлу жывёл. 
— Страляеш не заўсёды, — гаворыць Уладзімір Іванавіч, — іншы раз і стрэльбу не падымеш. Але ўсякі раз паляванне цікавае. 
Напэўна, таму даспадобы і ціхае паляванне, яго захапленне раздзяляе ўся сям’я. З жонкай Таццянай Анатольеўнай выгадавалі траіх дзяцей — старэйшы сын мае прафесію ветэрынара і працуе ў Тураве, сярэдні — заканчвае агратэхнічны ўніверсітэт, атрымлівае ­спецыяльнасць механіка, дачка вучыцца ў сталічным каледжы мастацтваў, будзе працаваць рэжысёрам. Ёсць ужо і двое ўнукаў. І калі не прафесію, дык свае адносіны да жыцця, любоў да лесу ­перадаць ёсць каму. Ды і выпеставаныя ўлас­нымі рукамі лясы застануцца на многія гады. 

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: