Рыпучае дрэва. Казка-прытча

Рыпучае дрэва. Казка-прытча

Муза наведала

Алена СТЭЛЬМАХ
19.01.2017 Версия для печати

Было гэта даўным-даўно. А можа, і зараз дзе такое дзеецца? Лес жа ёсць? Ёсць. Палясоўшчык лес сцеражэ? Сцеражэ. А вось дрэвы чаму рыпяць, не ўсе ведаюць.

Рыпучае дрэва. Казка-прытча. фотаРод Янкі Жывіцы гэтак жа моцна стаяў на зямлі, як дрэва, што пусціла глыбокія карані. Да шумлівага спагадлівага лесу душой прыкіпелі прашчуры яшчэ з сівой даўніны, калі пушчы першабытна-свабодныя падпіралі нябёсы вастраверхімі вершалінамі. А дзівоснага звяр’я ды птахаў усялякіх у былінных лясных нетрах вадзілася незлічона. Так спрадвеку павялося: стройны парадак у лесе трымаўся на зацятых абярэжніках Жывіцах, шчыравалі яны там з любоўю, з пяшчотай. Нездарма нораўны дзед Лясун, той, што ў сярэдзіне недаступнай пушчы на бярозе-векавусе знайшоў сабе прытулак, не цураўся сяброўства з палясоўшчыкамі. Бывала, здароўкаюцца — сам першы падасць руку. Няпроста было ў гэткага шаноўнага старца заваяваць прыхільнасць, каб прызнаў за свайго. І Баба Ёўга, хуткая да сваркі старая, цішэла, калі хто з палясоўшчыкаў надараўся мімаходзь.

Каб каторы з Жывіцаў-старажылаў пачуў: маўляў, запавет «не нашкодзь» не для іх, палясоўшчыкаў, а для іншых больш важны, дальбог, спрачаўся б да апошняга глытка настоенага на смалістым водары паветра. Шчодры Пан Лес чалавеку самаахвярна аддаваў свае багатыя дары, але і на адвечную мудрасць прасіў не забывацца:

— Ва ўсім спрыяю кожнаму, хто ідзе да мяне з дабром. Ні на адну са сваіх кладовак замок не навесіў. Але ж і госць меру павінен ведаць. Ашчадна спажываць тое, у чым мае патрэбу, каб не нашкодзіць нават самай дробнай істоце.

І служылі Жывіцы вячыстаму Бацьку Лесу па такіх вось няпісаных законах. Лес для іх быў Храмам — светлым, чыстым, вечным. У дзівосным Храме, адкрытым для кожнага, панавала гармонія няўрымслівага жыцця. Мо, таму і славіўся слынны род Жывіцаў зайздросным даўгалеццем. Мужыкі — усе крэпкія, плячыстыя, што тыя дубы. І ў сто гадоў ніякая сіла не магла іх здужаць.

Каб сказалі ціхамірнаму Янку: бяры паўнюткі мех золата, толькі кінь свой дапатопны лес — біцца б кінуўся за такую абразу, да апошняй кроплі крыві стаяў бы за сваё. Што той бліскучы халодны метал у параўнанні з гэтымі дарагімі сэрцу несканчонымі амшарамі?! Такое багацце ні за якія грошы не купіш, яно не прадаецца. Як ацаніць кошт райскага світанку ў лесе? Ці па якой цане прадаць білеты на адмысловы канцэрт галасістых лясных артыстаў? А хіба сунічна-чабаровыя пахі саступяць самым вытанчаным парфумам? Душа Янкі Жывіцы, як і яго продкаў, жыла ў лесе і жыла лесам.

Неяк такіх, як Янка, палясоўшчыкаў склікалі на грамадаванне. Гулкае рэха па бярэзніках, барах ды дубровах імкліва разнесла ўзрушлівую навіну. Нячаста такое здаралася, каб нехта з лясных ахоўнікаў далёка адлучаўся, пакідаў без пільнага нагляду сваіх гадаванцаў.

Агульны збор усіх палясоўшчыкаў звычайна ладзіўся ў леснічоўцы старэйшыны — Янкавага бацькі Сцяпана.

— Бацька дарма з месца людзей не сарве. Значыць, ёсць у тым асаблівая патрэба, — разважаў Янка.

Як ведаў, што і бацькава сэрца трывожыцца. Ехаў верхам на сваім верным коніку, белагрывым Дабраку. Раз-пораз голле, што бізун, хлястала па твары, але Янка не ўхіляўся, не зважаў на балючыя пісагі. Хацелася хутчэй дабрацца да леснічоўкі, пабачыць бацьку, па-мужчынску паціснуць яго дужую руку, абняць яго шырокія плечы.

Аднак іншыя неадчэпныя думкі надакучліва круціліся ў галаве, перабівалі ўзнёслы настрой. Янка падбіраў ямчэйшыя словы, узважваў, як і што будзе казаць у абарону свайго зялёнага сябра.

Палясоўшчыкі ад маўклівых гушчароў навучыліся іншых слухаць больш, чым гаварыць самі. А тут адразачку загарачыліся, зашумелі, бы ўсхваляваны разгневанай навальніцай бор. Кожнаму хацелася выказаць сваё, набалелае. Яднала іх тое, што ўсе дбаюць пра адно:

— Насцярожыўся наш лес, трывожна яму. Панадзіліся ліхія людзі хадзіць у яго са злым намерам. Вядзе іх туды неадольная спакуса: то ўпотай пастраляць у безабароннага звера, то цішком ссекчы векавое дрэва, то дроў вазок прыхапіць. Іх сляды ўсё часцей з'яўляюцца і на запаветных лясных сцяжынах.

Калі слова ўзяў Сцяпан, усе прыціхлі. Ён сказаў як адрэзаў:

— Будзе той пакаранне мець нечуванае, хто руку падыме на даверлівы Лес-дабрадзей. У крыўду яго нікому не дадзім!

— Слушна кажаш, браце, — пачуліся галасы з усіх бакоў. На тым палясоўшчыкі і парашылі.

— Не будзем больш дарма языкамі часаць! — Сцяпан не любіў доўгіх размоў. Ён мерку да чалавека «прыкладаў» у адпаведнасці з яго справамі. Абыякавы той да работы, і мерка такая ж — як трэска мізэрная. Стараецца чалавек, і мерка, бы дрэва, угору расце, да сонейка імкнецца.

Палясоўшчыкі слоўцам-другім яшчэ перакінуліся ды прыспешылі коней — справы чакалі. Кожнага лес, нібы магніт, да сябе прыцягваў.

***

Паехаў і Янка. Дарогаю пра бацьку думаў, дзівіўся, як той трапна з галоўным вызначыўся. Бачыў, як паважаюць яго людзі, ганарыўся ім. Разумеў — нельга і яму род Жывіцаў падводзіць.

Ужо не так і шмат засталося да Бухвалаўскага перавалу, за ім адразу — родныя краявіды: стракатыя пагоркі, падросцісты гаёк… Хвойкі, што мінулай вясной пасадзілі, нібыта салдаты, стройнымі радкамі стаяць.

Раптам бачыць Янка — стралой імчыць яму наперарэз Заяц. Ведае спрактыкаваны палясоўшчык: так шэрага толькі вялікі страх можа гнаць. Насцярожыўся падарожнік: што за вестку нясе ганец? Натапырыў вушы і Дабрак. Заяц, па ўсім было відаць, спалохаўся не на жарт. Спыніўся, аддыхацца не можа, нешта языком пляце, а слоў не разбярэш. Нарэшце дайшло да Янкі:

— Горачка нечуванае ў нас! — гаворыць, а сам дрыжыць. — Красулю, ласіху нашу, забілі! Лясун ведае, што ногі ў мяне шпаркія, вось і выправіў да цябе — хутчэй пра бяду расказаць...

Не прыйшлося Янку панукаць каня. Сігануў той што меў моцы. Вадзіў і ён з Красуляй даўняе знаёмства. Бывала, выйдзе яна з гушчару на ўскраек свайго гаёчку, каб паласавацца сакавітай зялянінай, — статная, грацыёзная. Здалёк убачыць яе Дабрак, залюбуецца. Чаканым, найсветлым гэта імгненне было. Здавалася яму, што ў вялікіх цёмна-карых вачах Красулі адлюстроўваецца ўсё шматколернае лясное хараство.Чаравалі яны яго, прыцягвалі. Насіў ён у сабе нявыказаную пяшчоту. Успомніў — у лесе казалі: Красуля рыхтуецца стаць маці. Няўжо і малое — пад нож, на згубу? У роспачы Дабрак зацята грыз цуглі, біў капытамі па зямлі так, што ва ўсе бакі градам ляцелі ладныя кавалкі зямлі.

…На ўзлеску павісла такое напружанне, быццам увесь улюбёны ласіхай пявучы гаёк ад злавеснага стрэлу анямеў. Жудасны боль працяў кожнае дрэўца. Дрыжэў кожны лісток, што чуў апошні развітальны крык ласіхі. Ён вырваўся з глыбіні яе нявіннай душы, ледзь чутна прабіваўся і адтуль, з-пад сэрца, дзе, згасаючы, трапятала яшчэ адно загубленае жыццё…

Нявыказаны смутак ахапіў Янку. На палянцы нема крычалі акрываўленыя, кінутыя, як непатрэбныя, рэшткі былой прыгажосці… І звяроў, і птушак ашаломіла нечуваная жорсткасць. У разгубленасці яны акружылі палянку. Такой пустэльнай цішыні ў веселуне-гаі яшчэ ніколі не было. Толькі ўсхліпвалі малыя лісяняты. Зайчаняткі змахвалі лапкамі буйныя, што боб, слёзы, а вожыкі хавалі заплаканыя пыскі ў калючыя футрачкі. Наколькі ўжо стрыманым быў дзядзька Мядзведзь, і той дастаў з кішэні насоўку, каб сцерці набеглую вільготную гарошыну.

Убачыўшы Янку, насустрач яму, абапіраючыся на кіёк, патупаў Лясун. На яго белым, нібы бяроста, твары з вялікімі, свінцова-сіняга колеру неміргаючымі вачыма ляжала пячатка непрытоенай тугі.

— Гэта ж я схібіў. Бяда, што змяя, паміж ног маіх у гаёк праслізнула, — Лесуну хацелася выгаварыцца. — Абшустрыў нас з табою, Янка, ганебны здраднік, вакол пальца абвёў. Падпільнаваў, калі ты з лесу адлучышся. Як толькі злаўчыўся, нелюдзь, і ад мяне засцярогся. Я чалавека згледжу, калі той толькі меціць у лес ісці. Нутро яго наскрозь бачу на вялікай адлегласці. Шчырага — не пакрыўджу, наадварот, у самыя лепшыя ягадна-грыбныя мясціны завяду. Камарам крыважэрным, мыцкам куслівым строгі наказ дам: і блізка не сунуцца.

А злыдня не прапушчу. Са шляху яго саб’ю, па самых непралазных гушчарах, смярдзючых патапечах накручу так, што выбрацца з іх і надзею гаротнік страціць. Злавесны страх, старанны мой у гэтай справе памочнік, вытрасе з небаракі ўсё кепскае, што ў яго нутро тупой стрэмкай упілося. Знясілены пакутнік, вызвалены з жахлівага палону, стрымгалоў кінецца наўцёкі і ад злых думак, і ад месца, дзе іх смакаваў. А я ўслед рагачу, цешуся: вось табе воўчых ягад — на пачастунак! Вось табе мая навука — на доўгую памяць!

Цяжка ўздыхнуў Лясун, змоўк. Адчувалася — трывожыць штосьці занадта асабістае, тое, што, як на чарэні, пякло душу:

— Зведаў злыдзень маё слабае месца. На ўзлеску пераапрануў аддзенне навыварат. І ўсё — сіле маёй цудадзейнай прыйшоў канец. А каб быць яшчэ больш упэўненым, што яму ніхто не перашкодзіць, паклаў на старым пні ліпавае палена. Гэта і зусім мяне звяло. Таму і не змог абараніць нашу Красульку…

***

— Усім нам баліць, — гучным голасам сказаў Янка. — Але слёзы гору — малая падмога. Не губляйма часу. Лепей падумаем, як адшукаць злачынцу.

Заяц, што Янку ў дарозе стрэў, першым уперад падаўся. Вушастаму вельмі хацелася паказаць усяму лесу сваю смеласць, з якой сёй-той з лясных жыхароў нярэдка кпіў. Але яго мала хто слухаў.
Гарэзы-вавёрачкі навыперадкі замі­тусіліся:

— Мы па вершалінках паскачам, пацікуем!

Сваякі-алені рогі наставілі:

— Мы праз любы гушчар прабяромся!

Браткі-мурашы за лапкі ўзяліся:

— Нас многа, мы ў ланцужок станем — імгненна абвестку дадзім!

Шпарчэйшай за іншых Баба Ёўга аказалася. Буркнула сабе пад нос:

— Пакуль вы там— сама разбяруся!

Адкуль той спрыт у старой чапялы — так сама пра сябе казала — узяўся? Быццам маладуха, скокнула ў ступу, памялом махнула — толькі яе і бачылі.

Хвілін колькі прайшло, а Баба Ёўга ўжо ўвесь лес з вышыні пільным вокам акінула, дазор правяла, на пасадку пікіруе. Усе з нецярпеннем чакаюць: недарэмна старая лятала, пэўна, згледзела-такі тое, што зараз асабліва важна.

Баба Ёўга ступу ля карчэвіны кінула, кумільгом да Янкі пашыбавала і далажыла ўсё як ёсць:

— Клубком скруціўся, сцішыўся злыдзень пад самай разлапістай Елкай, што ў Воўчым лозе. Спадзяецца там перачакаць вэрхал у лесе. Думае — цёмнае покрыва глухой ночы схавае яго крывавае злачынства.Торба пузатая, як падняць, побач прытулілася. Але ж не радуе здрадніка яго здабыча.

Падзякавалі лясныя жыхары Бабе Ёўзе. Тая аж засаромелася:

— Ці варта мяне хваліць? Так бы кожны зрабіў. А калі па шчырасці, дык гэта ступы маёй заслуга. Яна ў мяне — рэактыўная. Калі Янка не супраць, кожны дзень буду з вышыні за лесам наглядаць. Ад мяне ліха драпежнае ні ў якую нару не схаваецца. Трасца яго бяры!

Заклапочаны Янка нават і не марыў пра такую дапамогу. Бабулю пад руку акурат да ступы давёў. Мятлу патрымаў, пакуль тая ў сваім «транспарце» ўладкуецца. Старой дахаты ляцець карцела — у печы не паліла, кінулася хутчэй у бядзе дапамагаць.

Янка тым часам прапанаваў:

— Збяромся ля Воўчага логу. Калі паспяшаемся, яшчэ да прыцемкаў туды дабяромся. Не дадзім злыдню выбрацца з «калючай» пасткі. Пра яе ён не ведаў, а прыйшлося — папаўся.

***

Сонейка апускалася ўсё ніжэй і ніжэй, яго барвова-чырвоная спаднічка ўжо чаплялася за вострыя пікі лясных веліканаў. Ля той самай Елкі, пра якую казала Баба Ёўга, сабралася шматлікая лясная грамада.

Самавітая цётка Елка ўсяго на вяку пабачыла, але ніколі не даводзілася ёй стаць прытулкам для ворага. Як даведалася, хто шукае пад ёй паратунку, жахнулася, за сэрца схапілася. Ад роспачы на яе зялёных пушыстых лапах дзе-нідзе ў хваінках з'явілася дачасная сівізна.

— Выпаўзай, паганец! Ведаем, тут ты! — цвёрда запатрабаваў Янка. — Сядзіш здранцвелы, ад страху розум губляеш. Ганьба — усё, чаго цяпер ты варты. З-за хцівасці сваёй славу дурную набыў. Да-а-лёка мурашы яе разнеслі…

Выкараскалася з-пад Елкі нешта: ці то чалавек, ці то здань якая. І ўсчаўся на тым месцы, дзе ўзнікла ачмурэлая істота, такі крык ды лямант! Адкуль ні вазьміся — шалёны вецер наляцеў ды як дзьмухнуў. Аж, бач, абрысы дрэва з’явіліся. І вось ужо яно проста перад вачыма стаўбуном стала — высокае, варожа-разгатае. Толькі сухое яно, пустое. Галлё на ім кіпцюрастае — так і меціць у ахвяру ўчапіцца. Кара парэпаная, і нарост таўшчэзны вытыркаецца. Вельмі падобны ён да той торбы, што валок за спінай небарака. Зарыпела дрэва, ды так жаласна, працяжна… Вусцішна стала. Тут, у Воўчым лозе, у сваім лежышчы, нават мацёрыя ваўкі не так страшна вылі, як пранізліва скрыгатала дрэва-пярэварацень.

З тае пары лёс у адшчапенца зусім незайздросны, няўцешны лёс. Ні адна птушка на яго не садзіцца, ні адна кузурка да яго не падпаўзае. Палёгкі, літасці просіць дрэва, ды не мае. Спарахнець, рассыпацца марыць, а не можа. Варта ветрыку ледзьве калыхнуць, і здрыганецца сухастоіна, заскуголіць. Няма ёй ні спакою, ні спачыну. Хто яе жудасны стогн пачуе, ляціць з усіх ног, не азірнецца.

***

Затое ў лясным царстве — парадак і згода. Для Бабы Ёўгі новую хату пабудавалі. Цяпер яна не на курынай — на жалезнай назе стаіць. Лясун да Ёўгі перабраўся. Яна яго ахвотна прыняла. Удваіх і лес ахоўваць зручней, і жыць весялей. Заяц Доўгія Ногі каля іх пасяліўся, на службу памочнікам уладкаваўся, сваю пашану мае. Дабраку майстар зрабіў адмысловую вупраж. Зграбны ён, удалы. Загарцуе — вачэй не адвесці. Але ніхто не ведае, што душу яго вярэдзіць. Колішняя Красульчына рана баліць, не зажывае…

Да Янкі бацька новую мерку «прыставіў». Ну і даўжэзная ж яна! Янка ажаніўся. Сынок падрастае. Дужа хлапчаня лес любіць. Жывіца ёсць Жывіца.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: