Студэнты БГТУ распрацавалі ўнікальны праект экатурыстычнага комплексу «Паміж небам і зямлёй»

Студэнты БГТУ распрацавалі ўнікальны праект экатурыстычнага комплексу «Паміж небам і зямлёй»

Перспектыўны напрамак

Фота аўтара, Арына САНДОВІЧ, Фота з інтэрнэт-крыніц
20.03.2014 Версия для печати

Хто з нас у дзяцінстве не майстраваў буданы? Самыя смелыя і прасунутыя  рабілі іх на дрэвах, адкуль было так зручна ўяўляць сябе адважнымі шукальнікамі прыгод. Чацвёра студэнтаў БГТУ запрашаюць нас зноў акунуцца ў тую непаўторную атмасферу. Яны распрацавалі ўнікальны для Беларусі праект экатурыстычнага комплексу «Паміж небам і зямлёй», які заняў другое месца на Start-up конкурсе бізнес-ідэй «Тэхналогіі будучыні», аб чым мы не так даўно паведамлялі на старонках «БЛГ».  Аўтары праекта — студэнты IV курса лесагаспадарчага і інжынерна-эканамічнага факультэтаў Аляксей Рымша і Анастасія Петрашкевіч з Аляксандрай Шчарбачэняй распавялі нам, як будаўніцтва хатак на дрэвах можа змяніць турыстычную галіну краіны  і якую карысць ад гэтага атрымае наша прырода. 

 Злева направа: Аляксандра, Аляксей, Анастасія. фота

— Будаваць міні-гатэлі на дрэвах для Беларусі — гэта, зразумела, ноу-хау, а для іншых краін?

Анастасія:Такая экзатычная турыстычная паслуга інтэнсіўна развіваецца ў Бразіліі, Германіі, Францыі, Швецыі і іншых краінах свету, бо карыстаецца вялізным попытам. Сучаснага турыста цяжка здзівіць высакаякасным сэрвісам абслугоўвання ці культурна-гістарычнымі адметнасцямі: ён прагне чагосьці незвычайнага плюс ужо некалькі дзесяцігоддзяў экалагічны трэнд не выходзіць з моды. Жыхары мегаполісаў цягнуцца да прыроды. А міні-гатэлі на дрэвах цудоўна ўпісваюцца ў гэтую канцэпцыю, бо пры іх пабудове  ўжываюцца толькі экалагічна чыстыя прыродныя матэрыялы, пры гэтым яны абсталяваны з усімі выгодамі. 

Аляксей:Паколькі мая спецыяльнасць «турызм і прыродакарыстанне», я цікаўлюся турыстычнай сферай, асабліва экатурызмам. Заўсёды хочацца зрабіць нешта новае і незвычайнае. Вось так у мяне разам з маёй аднагрупніцай Лізаветай Сідарэнка ўзнікла ідэя стварыць цікавы для нашай краіны праект, прысвечаны будаўніцтву хатак на дрэвах. Потым да нас далучыліся і будучыя маркетолагі — Анастасія з Аляксандрай. А выкладчыца кафедры эканамічнай тэорыі і маркетынгу інжынерна-эканамічнага факультэта Вікторыя Анатольеўна Усевіч дапамагла нам удасканаліць нашу працу над ім. 

— Калі паглыбляцца ў дэталі, якія асноўныя складальнікі экатурыстычнага комплексу «Паміж небам і зямлёй»?

Аляксей: Гэта 10 гасцявых хатак, разлічаных на двух чалавек, памерам прыкладна 3,5 на 4 метры. У кожнай будзе прыбіральня і ванна.  Размесцяцца хаткі недалёка ад берага ракі, возера ці вадаёма. Зроблены яны будуць з адмысловых лёгкіх прыродных матэрыялаў. У комплексе плануецца часткова выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Акрамя хатак, у турыстычны комплекс уваходзіць галоўны будынак, дзе размесцяцца пункт харчавання, памяшканні для персаналу, складскія і інвентарныя памяшканні, пакой адпачынку  і г. д.

Дамы на дрэвах у Германіі. фота

Анастасія: Акрамя незвычайнага размяшчэння хатак, для падмацавання экаідэі і ўнікальнасці праекта будуць прапаноўвацца наступныя паслугі: фотасафары, назіранне за птушкамі, экалагічныя маршруты — вывучэнне флоры і фаўны, вандроўкі на ровары, кіно пад адкрытым небам, назіранне за зоркамі, заняткі ёгай на прыродзе, рыбная лоўля, лазня, арганізацыя свят  — тэматычных вечароў, народных гульняў, рамантычныя прагулкі на лодцы, стральба з лука і інш. Нездарма ж слоган нашага праекта гучыць так: «Жыццё на вышыні».

— Цiкава, ці ёсць нейкія патрабаванні да дрэваў, на якіх будуць будаваць хаткі?

Анастасія: Дрэва неабавязкова павінна быць вялікім, бо канструкцыю падтрымліваюць спецыяльныя апоры. Рэкамендуецца выкарыстоўваць сярэднія і буйныя дрэвы. У іх павінна быць магутная і трывалая каранёвая сістэма, ствол — без пустэч і іншых заган, якія могуць пашкодзіць яго цэласнасць. Што тычыцца непасрэдна нашага праекта, то неабходна яшчэ  ўстойлівая прыбярэжная паласа.

Аляксей: Самае галоўнае — дрэва мусіць быць здаровым, з багатай кронай, каб турыст сапраўды адчуваў, што ён сядзіць на дрэве. Лепш за ўсё падыходзяць дуб, ясень і клён. Зараз мы інтэнсіўна кантактуем з людзьмі, якія прафесійна займаюцца будоўляй, і ўзгадняем узнікаючыя ў нас пытанні, каб удасканаліць наш праект. 

— А на каго ў асноўным будзе разлічаны ваш праект?

У такіх утульных пакоях на дрэве можна адпачыць у Швецыі. фотаАляксандра: Мы вылучылі тры асноўныя мэтавыя аўдыторыі. Першая — людзі ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў, якія зацікаўлены ў адпачынку на прыродзе, вядуць актыўны лад жыцця і любяць спрабаваць нешта новае. Гэта тыя, для каго яднанне з прыродай неабходна ў сучасным урбаністычным грамадстве. Другая — людзі мастацтва, якім неабходна падпітваць сваю творчую энергію. І трэцяя — закаханыя маладыя пары ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, якія хочуць незвычайна правесці час, акунуцца ў рамантычную атмасферу і аддаліцца ад гарадской мітусні.

Аляксей: Галоўнай мэтай нашага праекта з’яўляецца арганізацыя такога адпачынку, пры якім наведвальнікі змогуць сапраўды адчуць сябе часцінкай прыроды. Апроч таго, мы хочам стварыць унікальны турыстычны комплекс, які б садзейнічаў экалагічнай асвеце, выхаванню беражлівых адносін да прыроды і фарміраванню здаровага ладу жыцця. Актуальнасць праекта немагчыма пераацаніць як для Беларусі, так і ў глабальным дачыненні. Наша краіна валодае вялікім турыстычным патэнцыялам і, у прыватнасці, унікальнымі рэсурсамі для арганізацыі экалагічнага турызму.

— Наколькі рэнтабельным будзе праект?

Аляксандра: Папярэдні яго кошт складае каля 300 000 долараў. Спатрэбіцца 3—3,5 гады, каб ён самаакупіўся і пачаў прыносіць прыбытак. Мы раз- лічвалі, што хатка на двух чалавек будзе каштаваць 50 долараў за суткі без харчавання і дадатковых паслуг. Дарэчы, за мяжой кошт экахаткі на дрэве часам дасягае і 600 долараў за суткі. І, як бачым, яны карыстаюцца попытам. 

Аляксей: Зараз дапрацоўваецца фінансавы план нашага праекта. Ужо цяпер мы шукаем інвестараў, якія б зацікавіліся яго рэалізацыяй на практыцы. 

Анастасія: Першы поспех і другое месца на конкурсе натхнілі нас і далей удзельнічаць у розных навуковых канферэнцыях і спаборніцтвах, каб праз іх спрыяць рэалізацыі нашага праекта. 

Аляксей: У час працы над праектам мяне вельмі ўразіла работа маладога архітэктара з Даніі Конрада Войчыка, які праектуе жылыя дамы з усімі выгодамі на дрэвах. Пры гэтым яны ўжываюць толькі альтэрнатыўныя крыніцы энергіі — сонца, вецер і г. д. Войчык распрацаваў праект цэлых вёсак у лесе. На думку аўтара, у адрозненне ад сучасных гарадоў, якія наносяць значную шкоду прыродзе, такія экавёскі ў лесе, наадварот, дапамагаюць людзям жыць у гармоніі з навакольным асяроддзем і не парушаюць прыродны баланс. Мне гэта, як даследчыку, вельмі цікава. Я нават напісаў Конраду пісьмо, зараз чакаю адказу. Я і сам з задавальненнем пажыў бы ў такой хатцы на дрэве! 

 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: