Неяк пробашча ў адным касцёле ў Заходняй Еўропе, якому было ўжо далёка за семдзесят і які, вядома, меў велізарны жыццёвы і духоўны досвед, запыталі: чаму на сённяшні дзень так зменшылася колькасць вернікаў у яго парафіі? Тым больш што гаспадарчая сітуацыя ў гарадку, у якім знаходзілася парафія, была някепская, там не было нейкіх дэмаграфічных праблем. На гэта святар адказаў, што, на яго думку, сучасны чалавек стварыў сёння свой штучны свет, насуперак Божаму, і гэтаму штучнаму свету стаў пакланяцца.
Калі скарыстацца біблейскай мовай, то, па словах гэтага святара, чалавек стварыў чарговага «залатога цяльца». Адным словам, для чалавецтва заўсёды застаецца пагроза стварэння ідала. «Залаты цялец», якога зрабіў абраны народ пад гарой Сінай у сваёй вандроўцы па пустыні, — гэта не толькі ідал, які сімвалізуе пакланенне грошам. Хаця святы Павел у Першым пасланні да Цімафея і піша, што хцівасць з’яўляецца прычынай усялякага зла і непарадку ў свеце, але усё ж такі «залатога цяльца» можна наогул разглядаць значна шырэй — як сімвал ідалапаклонніцтва, усяго таго, што адрывае нас ад Бога, што стварае нейкую ілюзію самазадаволенасці і самадастатковасці. Нездарма першая сінайская запаведзь гучыць: «Не май іншых багоў (ідалаў) апроч Мяне». Ёсць ідалы старыя як свет, але з’яўляюцца і новыя, сучасныя. Прапаную разгледзець некаторых з іх.
Магчыма, першы ідал — гэта празмернае засяроджанне сённяшніх людзей на сваім здароўі. Колькі з’явілася розных дыет, колькі народных лекараў і магаў, якія на сучасным рынку прапануюць свае паслугі! Ёсць попыт — ствараюцца таксама і прапановы. Здаецца, чалавек, каб ратаваць сваё здароўе, гатовы ісці на самыя крайнія меры, ён не задумваецца аб пагрозах для цела і духу. Паралельна ўсё больш пачынае развівацца так званы культ цела. Канешне, гэта таксама вынікі сучаснай цывілізацыі. Калі ты малады, здаровы — у табе ёсць патрэба; калі захварэў або пастарэў, то «да пабачэння», твае праблемы. Цэніцца выключна прадукцыйнасць. (Цікава, што ў іншых культурах, напрыклад у індыйскай альбо арабскай, пажылы чалавек у грамадстве карыстаецца вялікай павагай, да яго прыслухоўваюцца.)
Вядома, добра, калі чалавек, які створаны Богам, клапоціцца аб сваім здароўі. І грахом з’яўляецца тое, калі ён знішчае яго праз неадпаведны рэжым, кепскае харчаванне альбо розныя залежнасці. Але наша цела, у якім жыве Дух Божы, не можа быць прадметам пакланення. Менавіта адарванасць ад Бога агаляе шматлікія страхі і непакой так, што мы баімся старэць, баімся хварэць, усякімі спосабамі адсоўваем думку аб смерці. Але культ цела праяўляецца не толькі ў празмерным клопаце аб ім, але і ў геданічным стаўленні да яго. Цела тады становіцца выключна сродкам для дасягнення прыемнасцей і задавальненняў.
Наступным, вельмі небяспечным «залатым цяльцом» з’яўляецца ўсё большае падпарадкаванне чалавецтва цывілізацыі.
Урачы сцвярджаюць, што большасць сучасных хвароб з’яўляецца не толькі ад дрэннага харчавання і кепскай экалогіі, але і ад таго, што мы мала рухаемся. Сёння чалавек усё мае амаль на адлегласці выцягнутай рукі. Вельмі часта па прычыне такога цывілізаванага жыцця сучасны чалавек усё больш страчвае кантакт з прыродай. А кантакт з прыродай — гэта заўсёды ў нейкім сэнсе і кантакт з Творцам. Некаторыя дзеці зараз нават не ведаюць, адкуль бярэцца малако, як растуць ягады. Часам у жыццёвай мітусні людзі не ў стане спыніцца і захапіцца тым, як квітнеюць сады, як заходзіць сонейка. Яны могуць захапляцца новай машынай, нейкім сучасным брэндам і не бачыць цуд самога жыцця. Таму нездарма сёння ў свеце распаўсюджваюцца так званыя экалагічныя секты. Сектанты, выкарыстоўваючы тугу чалавека па прыродзе, прапануюць яму жыць у чыстым асяроддзі, дыхаць чыстым паветрам, захапляцца прыродай, пры гэтым забіраюць яго фінансавыя і жыццёвыя рэсурсы.
І апошні «залаты цялец» — гэта ідэалогія спажыўца. Паўсюдная рэклама на тэлебачанні, на вуліцах, у магазінах імкнецца пераканаць нас, што нам патрэбна вялікая колькасць рэчаў, што без іх мы будзем нейкія непаўнавартасныя. Сучасны чалавек, паддаючыся гэтай ідэалогіі, становіцца неўзабаве яе нявольнікам, жыве, каб зарабляць і купляць, спажываць і зноў зарабляць і купляць…
Вядома, каб распазнаваць ідалаў, супрацьстаяць ім, трэба быць з Богам. Дарэчы, Пан і імкнецца да таго, каб разбіваць розных ідалаў, якія хочуць заняць Яго месца. Творца жадае, каб мы ў сваім жыцці ставілі Яго на першае месца. А калі Ён будзе на першым, то і ўсё іншае будзе на сваіх.
Комментарии
Оставить комментарий0 Комментариев