Моладзі важна, каб яе голас пачулі

Моладзі важна, каб яе голас пачулі

Референдум-2022

Ігнат ЛІПЕНЬ, Фота Ігара АДАМОВІЧА
20.01.2022 Версия для печати

Пытанні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў рамках абмеркавання змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь разгледзелі на дыялогавай пляцоўцы, якую арганізавала ў Чэрвеньскім лясгасе газета «Раённы веснік» пры падтрымцы намесніка кіраўніка ўстановы па ідэалагічнай рабоце Жанны Чарнавец. 

Як адзначыў у пачатку сустрэчы мадэратар пляцоўкі — карэспандэнт газеты Ігар Адамовіч, мадэрнізацыя грамадства, новыя патрэбы людзей, неабходнасць абнаўлення палітычнай сістэмы — галоўныя прычыны, па якіх змяненні ў Асноўны Закон наспелі. І глыбока сімвалічна, што ўпершыню ў яго ўключаны артыкул 321: «Дзяржава спрыяе духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі яе патэнцыялу ў інтарэсах грамадства». 

— Па вялікім рахунку, усё гэта ў нашай краіне ёсць, — сказаў Ігар Адамовіч. — Маладыя людзі маюць гарантыі атрымання адукацыі, набыцця прафесіі, працаўладкавання, развіцця творчых здольнасцей, заняткаў спортам, рэалізацыі сваіх планаў і памкненняў. Але зараз яны будуць заканадаўча замацаваныя ў абноўленай Канстытуцыі. 

А вось што распавялі падчас сустрэчы работнікі лясгаса. 

Святлана БАБІЦКАЯ, памочнік ляснічага Натальеўскага лясніцтва: 

— Я ўзначальваю пярвічную арганізацыю БРСМ. Яна аб’ядноўвае 17 чалавек. Мы актыўна выказваем сваю грамадзянскую пазіцыю, удзельнічаючы ў самых розных мерапрыемствах. Лічу вельмі правільным тое, што палажэнне аб падтрымцы моладзі прапаноўваецца замацаваць у Канстытуцыі. Гэта трэба не толькі нам, але і нашым дзецям, якія, пасталеўшы, змогуць рэалізаваць свае здольнасці ў інтарэсах грамадства. Моладзі важна, каб яе голас быў пачуты. 

Таццяна ПАТРУБЕЙКА, начальнік аддзела лясной гаспадаркі і лесааднаўлення: 

— У маладых спецыялістаў, якія застаюцца ў Чэрвеньскім лясгасе, ёсць добрыя перспектывы для прафесійнага і кар’ернага росту. Распавяду пра гэта на сваім прыкладзе. 

Я родам з Брэсцкай вобласці. Прыехала ў лясгас па размеркаванні ў 2016 годзе пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Спачатку чатыры гады працавала інжынерам па лесакарыстанні, выпісвала лесарубачныя білеты. Адначасова два гады выконвала абавязкі начальніка аддзела, а потым мяне зацвердзілі на гэтай пасадзе. Зараз інжынерам па лесакарыстанні працуе Ганна Ладошкіна, якая пачынала майстрам лесу, памочнікам ляснічага ў Грабёнскім лясніцтве. 

У яе таксама кар’ерны рост. Зараз Ганна атрымлівае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «лясная гаспадарка» пры фінансавай падтрымцы лясгаса. 

Лічу, што змяненні ў Канстытуцыю, якія тычацца падтрымкі моладзі дзяржавай, дапамогуць умацаваць веру маладых людзей у свае сілы. Але гэтая вера павінна пацвярджацца жаданнем самаўдасканальвацца, павышаць прафесійны ўзровень, а таксама — пачуццём адказнасці за даручаны ўчастак працы. 

Ірына ШЧАКАЛА, інжынер па ахове і абароне лесу: 

— Мы працуем у лясгасе разам з мужам, памочнікам ляснічага Грабянецкага доследнага лясніцтва. Цяпер здымаем жыллё. Першыя тры гады лясгас выплачваў нам як маладым спецыялістам тры базавыя велічыні на частковае пакрыццё выдаткаў. Гэта прыкладна палова ад таго, што мы плацілі за кватэру. 

А паўгода таму нашай маладой сям’і па калектыўным дагаворы выдзелілі субсідыю для набыцця кватэры. Шматкватэрны дом, у якім мы будзем жыць, будуецца на вуліцы Перамогі ў Чэрвені. Месца цудоўнае — побач дзіцячы сад, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Нават не верыцца, што ўжо праз некалькі месяцаў мы станем навасёламі! 

Гэта — прыклад рэальнага клопату дзяржавы аб моладзі. А для нас — дадатковы стымул добрасумленна працаваць, прыносіць карысць грамадству. 

Наталля ПЯНКРАТ, начальнік аддзела прамысловай вытворчасці, старшыня прафкама лясгаса: 

— У артыкуле 321 праекта Канстытуцыі гаворыцца пра тое, што дзяржава, у тым ліку, спрыяе фізічнаму развіццю моладзі. Цалкам падтрымліваю! 

У нашым лясгасе вельмі шмат увагі надаецца здароваму ладу жыцця. І тон тут, вядома ж, задае моладзь. Я сама актыўна займаюся спортам. Удзельнічаю ў спаборніцтвах па лыжах, бегу, валейболе, у турыстычных злётах. На абласных галіновых спартакіядах тройчы займала другое месца па бегу, таксама была другой у складзе валейбольнай каманды, выйгравала раённую лыжную гонку. Паспяхова выступаюць на розных раённых і абласных спаборніцтвах нашы каманды, сфарміраваныя пераважна з моладзі. У мінулым годзе мы таксама правялі спартакіяду лясгаса: спаборнічалі ў падняцці гіры, плаванні і настольным тэнісе. 

Акрамя таго, лясгас набывае для работнікаў абанементы ў басейн і трэнажорную залу нашага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Моладзь з задавальненнем туды ходзіць. 

Ірына АПІМАШКА, галоўны бухгалтар лясгаса: 

— Як прадстаўнік старэйшага пакалення я магу шчыра парадавацца за нашу моладзь. Для яе ў лясгасе створаны ўсе ўмовы, у тым ліку і матэрыяльныя. У наш час, напрыклад, не было надбавак для маладых спецыялістаў. Таксама не было пазык на набыццё жылля. Каб атрымаць кватэру, трэба было стаяць у чарзе мінімум 12 гадоў. Таксама зараз для маладых спецыялістаў праводзяць злёты, дзе яны могуць абмеркаваць і вырашыць пытанні ўладкавання жыцця. 

Але хочацца, каб ад моладзі было больш аддачы. Каб тое, што ўкладвае ў іх дзяржава, вярталася, працавала на развіццё грамадства. 

Жанна ЧАРНАВЕЦ, намеснік кіраўнiка лясгаса па ідэалагічнай рабоце: 

— Моладзь павінна асабліва грунтоўна вывучыць прапанаваныя змяненні і дапаўненні Канстытуцыі. І не толькі артыкул, які тычыцца асабіста яе: у праекце абноўленага Асноўнага Закона закладзена імкненне кожнага грамадзяніна Беларусі жыць у незалежнай, бяспечнай, сацыяльна арыентаванай і квітнеючай краіне. 

Да будучага рэферэндуму калектыў лясгаса падыходзіць з вялікай адказнасцю. Для нас цяпер самы час прадэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю. 

Напрыканцы сустрэчы прагучала агульная думка аб тым, што артыкул 321 уключаны ў праект абноўленай Канстытуцыі нездарма. Закладзеныя ў ім палажэнні паспрыяюць далейшаму развіццю грамадства не толькі зараз, але і ў будучым. А менавіта моладзі гэта будучае ствараць. 


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: