Сябры лесу

Сябры лесу

Школьны мерыдыян

Ірына ДУХОЎНІК, настаўнік біялогіі
04.06.2020 Версия для печати

На базе Пятрэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы дзейнічае школьнае лясніцтва «Сябры лесу». Вучні знаёмяцца з флорай і фаўнай, вывучаюць уплыў чалавека і розных фактараў на экалагічны стан лесу. Штогод члены лясніцтва ўдзельнічаюць у пасадцы лесу і ўборцы ляснога масіву ад смецця, а таксама праводзяць даследчую работу. 

Аднойчы ў час пасадкі лесу на тэрыторыі Лаўцоўскага лясніцтва Навагрудскага лясгаса вучні заўважылі, што вялікі ўчастак лесу гіне ад насякомыхшкоднікаў. Адразу ўзнікла здагадка, што магчымая прычына гэтага — скарачэнне колькасці мурашнікаў. Юныя эколагі вырашылі вывучыць значэнне рудых лясных мурашак на лясную экасістэму і вызначыць сувязь паміж колькасцю мурашнікаў і экалагічным станам лесу. Неабходна было праверыць гіпотэзу пра тое, што ступень пашкоджання лесу шкоднымі насякомымі залежыць ад колькасці мурашнікаў рудых лясных мурашоў на яго тэрыторыі. 

Для даследавання абралі два ўчасткі лесу плошчай 4 га. Было ўстаноўлена, што на ўчастку № 1 знаходзіцца 18 мурашнікаў, на ўчастку № 2 — 11. Метадам назірання выяўлена, што на ўчастку № 1 дрэвы ў невялікай ступені пашкоджаныя лічынкамі насякомых. На ўчастку № 2 пашкоджанні значныя, каля 30 % дрэў заражаны шкоднікамі. 

У выніку праведзенага даследавання было высветлена, што на ўчастку лесу, на якім знаходзіцца большая колькасць мурашнікаў, дрэвы менш пашкоджаныя. На падставе гэтага была зроблена выснова, што мурашы абараняюць лес ад шкоднікаў, а гэта азначае, што экалагічны стан лесу залежыць ад колькасці мурашнікаў на яго тэрыторыі. Таму абарона лясных мурашак можа выратаваць лес. 

Вучні таксама высветлілі, што роля рудых лясных мурашак у прыродзе велізарная і разнастайная. Яны сапраўдныя сябры лесу. Мурашы абараняюць лес ад шкоднікаў — вусеняў, лічынак пільшчыкаў і раслінаедных жукоў. За адзін дзень мурашыная сям’я знішчае да ста тысяч шкодных насякомых і захоўвае адзiн гектар лесу. Яны паляпшаюць глебавае і травяное покрыва лесу, распаўсюджваюць насенне лясных раслін, служаць дадатковым кормам для дзятлаў, рабчыкаў, цецерукоў і сініц; спрыяюць размнажэнню насякомых-апыляльнікаў. 

У лясах, дзе шмат мурашак, няма масавага размнажэння шкодных матылькоў. Але гэтыя абаронцы лесу часта самі маюць патрэбу ў абароне. У лясных мурашак шмат ворагаў: кабаны, дзятлы, куніцы, людзі. 

Задача членаў школьнага лясніцтва была не толькі ў тым, каб вывучыць уплыў мурашак на лясную экасістэму, але і справай дапамагчы лесу. Таму вучні абгароджваюць вялікія мурашнікі, каб яны не былі знішчаныя жывёламі, расчышчаюць дарожкі для мурашак, падсыпаюць да мурашнікаў маленькія галінкі і сасновыя іголкі, каб мурашам было лягчэй будаваць сваё жыллё. Яны патрулююць лес, закрываюць адтуліны ў мурашніках, якія робяць дзятлы і куніцы. А таксама праводзяць асветніцкую работу — расказваюць аб карысцi лясных мурашак, распаўсюджваюць памяткі па захаваннi лесу сярод мясцовага насельніцтва. 


Памятка «Правілы паводзін у лесе» 

• Не разбурайце мурашнік — мурашы з’яўляюцца санітарамі лесу, яны прыносяць шмат карысці. 

• Не пакідайце смецце, вы больш не захочаце прыходзіць у засмечаны лес. Акрамя таго: — рэшткі смецця могуць загарэцца ад яркага сонечнага святла і выклікаць пажар; — цэлафан і поліэтылен не раскладаюцца на працягу доўгага часу. 

• Не запальвайце агонь каля мурашніка. 

• Не пакідайце вогнішча незатушаным. 

• Пакіньце месца свайго адпачынку такім, якім бы вы хацелі, каб яно было пры вашым наступным наведванні лесу.


Комментарии

Оставить комментарий

0 Комментариев

Связаться с редакцией: